Паэзія

Паглыбленне агульначалавечага, маральна-філасофскага, гуманістычнага зместу лірыкі, яе грамадзянска-публіцыстычнага і індывідуальна-асобаснага пачаткаў

Паэзія канца XX — пачатку XXI стагоддзя вызначаецца спалучэннем і ўзаемадзеяннем публіцыстычнага, філасофскага і выяўленча-апісальнага пачаткаў, пашырэннем тэматычных абсягаў у сувязі са зменамі ў грамадстве (дэмакратызацыя, перабудова, галоснасць) на мяжы стагоддзяў, што заўважыў і адзначыў вядомы даследчык У. Гніламедаў, які вылучыў значна больш мастацка-стылёвых плыняў у сучаснай паэзіі параўнальна з папярэднімі перыядамі яе развіцця: лірыка-апавядальную (Я. Янішчыц, Р. Баравікова, Л. Галубовіч і інш.), рамантычную (У. Караткевіч, Я. Сіпакоў і інш.), лірыка-публіцыстычную (П. Панчанка, М. Мятліцкі і інш.), філасофска-аналітычную (А. Куляшоў, М. Стральцоў, А. Вярцінскі і інш.), мастацка-сінкрэтычную1 (Максім Танк, Р. Барадулін, В. Зуёнак і інш.), інтэлектуальную (А. Разанаў і інш.).

Важнай асаблівасцю сучаснай беларускай паэзіі становіцца карэляцыя агульначалавечага, маральна-філасофскага, інтэлектуальнага пачаткаў. Філасофская лірыка ўяўляе сабой вышэйшы этап руху мастацкай творчасці да інтэлектуалізацыі, разважанне пра вечныя праблемы чалавечага існавання: жыццё і смерць, часовае і вечнае, дабро і зло і г. д.

Яркім прадстаўніком сучаснай паэзіі з’яўляецца Васіль Зуёнак (нар. у 1935) — аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, кнігі паэм, празаічных твораў, перакладчык, журналіст, крытык і літаратуразнавец, які ўступіў у літаратуру значна пазней за многіх сваіх равеснікаў — дзяцей вайны.

Васіль Васільевіч нарадзіўся 3 чэрвеня ў вёсцы Мачулішча Крупскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1944 годзе пайшоў вучыцца ў Мачулішчанскую пачатковую школу, затым скончыў Узнацкую сямігодку, вучыўся ў Барысаўскім педвучылішчы, якое скончыў у 1954 годзе, і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1959). Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочае юнацтва», у 1960—1966 гадах — у газеце «Піянер Беларусі». З 1966 па 1972 год быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», у 1972—1978 гадах працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка». У 1978 годзе вярнуўся ў часопіс «Маладосць», дзе да 1982 года быў галоўным рэдактарам. У 1982—1989 гадах быў сакратаром, з 1989 па 1990 год — першым сакратаром, а з 1990 па 1998 год — старшынёй праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кандыдат філалагічных навук. Першыя вершы былі надрукаваны ў час вучобы ў Барысаўскім педвучылішчы ў раённай газеце, у рэспубліканскім друку выступіў у 1954 годзе. В. Зуёнак — лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974; за кнігу вершаў «Сяліба»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1982; за паэму «Маўчанне травы»).

Напрыканцы ХХ — у пачатку ХХІ стагоддзя выйшлі зборнікі паэта «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995), «Гронка цішыні» (1996), кніга паэм «Пяцірэчча» (1998), «Выбраныя творы» (2010), «Азірнуўшыся, не скамянець…» (2013). Творы В. Зуёнка ў апошнія дзесяцігоддзі друкуюцца на старонках часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Крыніца» і ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Паэзія майстра слова надзвычай багатая ў жанравых і тэматычных адносінах. Аўтар паспяхова асвойвае ў сваёй лірыцы гістарычную тэму, пры раскрыцці якой не толькі дакументальна адлюстроўвае, але і асэнсоўвае падзеі гісторыі, выбірае жанравую абалонку вершаў-роздумаў, у якіх моманты жыцця асобнага чалавека даюць магчымасць выразна ўбачыць усю гісторыю краіны. Напрыклад, пафас верша «За мяне схавацца немагчыма…» скіраваны на абуджэнне народа ад нацыянальнага бяспамяцтва.

Адным з вядучых у творчасці В. Зуёнка становіцца матыў трывогі за беларускае слова як аснову нацыянальнай культуры, гісторыі і самасвядомасці (вершы «Надпіс на межавым знаку “1999—2000”», «Колькі войнаў, страт і нягод…», «Разарвуцца сутак абручы…», «Дарога» і інш.). Маральная і экалагічная праблематыка ўваходзіць літаральна ў кожны верш паэта. Калі лірычны герой ранніх твораў выступае бесклапотным маладым чалавекам, які прыязджае ў родныя мясціны як жаданы госць, які востра адчувае сваю сувязь з навакольным светам, то ў позніх выразна гучыць матыў адзіноты і адарванасці ад прыроды («Дзе жаўранак — песня нагорная…», «У тое лета чад гарачыні…» і інш.). Многія творы паэта на экалагічную тэматыку вызначаюцца філасофскай глыбінёй думкі, імкненнем не толькі да канстатацыі, але і да аналізу з’яў рэчаіснасці, публіцыстычнай вастрынёй пастаўленых праблем.

Васіль Зуёнак амаль ніколі не замыкаецца на адной вузкай тэме: у творах розныя праблемы перасякаюцца і падсвечваюцца адна адной. Праз вершы паэт мэтанакіравана праводзіць думку пра ўзаемазалежнасць і ўзаемаабумоўленасць стану прыроды і стану душы чалавека. Мастак не глядзіць на навакольны свет як на нешта адасобленае, вонкавае і чужое, а ўсведамляе сябе яго часцінкай, і прырода давяраецца майстру слова, раскрывае свае таямніцы.

Многія старонкі зборнікаў В. Зуёнка пасля трагічнага для нашай краіны красавіка 1986 года прасякнуты чорным болем. Прывід чарнобыльскай катастрофы праходзіць праз усе творы зборніка «Лета трывожных дажджоў» (1990) і паглыбляе драматызм светаадчування паэта: «Бо зараз не сэрца ў грудзях у мяне — // Чарнобыля зона». Вершам «Урок паўтарэння» паэт адгукнуўся на знакаміты «Рэквіем па кожным чацвёртым» А. Вярцінскага, паставіў знак роўнасці паміж вайной і Чарнобылем, нібы агучыў просьбу спакутаванага свету ратаваць яго ад бяды («просіць свет надзеі глыток»):

Ён гукае: устаньце, людзі,
Каб адолець ядзерны змрок,
Бо інакш — не жыццё ў нас будзе,
А чацвёрты энергаблок…

Паэзія В. Зуёнка багатая на вобразы. Сімвалам жыцця, еднасці чалавека і прыроды ў творчасці мастака выступаюць вобразы лесу, раллі-асновы (ворыва, нівы, жыта) і хаты, з якімі пісьменнік звязвае надзею на духоўнае ачышчэнне сучасніка, дасягненне еднасцi чалавека з прыродай: «Пасля стрэсаў і рэвалюцый // Мы да хат яшчэ мусім вярнуцца...» (верш «Як ад лёсу, ад хат не ўцячы»). Падобныя вобразы-архетыпы вечныя для беларусаў-земляробаў («Новая зямля» Якуба Коласа, «Яна і Я» Янкі Купалы).

У творах В. Зуёнка даволі часта сустракаюцца вобразы-сімвалы зор і Млечнага Шляху, што сведчыць не толькі пра захапленне паэта рамантычнай сімволікай, імкненне да незвычайнага, узвышанага, але і пра вельмі трывалую сувязь з зямлёй, родным краем, малой радзімай («Млечны Шлях узборскі»). У вершах вялікае значэнне надаецца вобразу дарогі, які скіроўвае лірычнага героя на пошук свайго прызначэння, абуджае рамантычную мару пра далёкае і нязведанае. У зборніку «Лета трывожных дажджоў» (1990) вядучым становіцца вобраз трывожных дажджоў, які ўспрымаецца як сімвал радыяцыйнага забруджання Беларусі, яе пакут і выпрабаванняў.

Паэзія В. Зуёнка надзвычай арыгінальная, багатая ў жанрава-тэматычным і вобразным плане з’ява. У ёй знайшло глыбокае асэнсаванне складанае ХХ і пачатак ХХІ стагоддзя праз перажыванні лірычнага героя, адлюстраваны памяць вайны, узаемныя стасункі асобы, прыроды і грамадства, роздум пра маралль і этыку, праблемы адраджэння духоўных традыцый.

Анатоль Вярцінскі (нар. у 1931) таксама з’яўляецца творцам з філасофскім складам мыслення. Анатоль Ільіч нарадзіўся 18 лістапада ў вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1956 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у рэдакцыях раённых газет. У 1962 годзе пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь». У 1967—1982 гадах з’яўляўся літкансультантам, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1986—1990 гадах працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», у гэты ж час рэдагаваў штогоднік перакладной літаратуры «Далягляды». У 1990—1996 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, з’яўляўся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета. Дэбют паэта адбыўся ў 1950-я гады, першы зборнік вершаў «Песня пра хлеб» выйшаў у 1962 годзе.

Анатоль Вярцінскі — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988; за кнігу «Нью-Ёркская сірэна»).

У 1990—2000-я гады выходзяць новыя кнігі паэта «Хлопчык глядзіць...» (выбранае, 1992), «Жанчына. Мужчына. Каханне...» (2003), «Выбраныя творы» (2009), «Асобныя радкі розных гадоў» (2010) і інш. Большасць твораў, прадстаўленых у згаданых зборніках, — вершы-прыпавесці («Косім траву — яна не крычыць...», «Ноччу заплакала дзіця…», «Вы зразумейце правільна...»), элегіі і вершы-роздумы («З жалем гляджу на дзіця...», «Хлопчык глядзіць…», «Мы жывём, каб вяртацца...»), прасякнутыя думкамі пра чалавека і чалавецтва, рух і зменлівасць часу, страту кахання, непазбежную смерць, прадаўжэнне жыцця ў нашчадках:

Хлопчык глядзіць...
Я ў позірку тым дзіцячым
бачу пачатак сябе,
сваё прадаўжэнне бачу...

Анатоль Вярцінскі выпрацаваў стыль, адпаведны выбранай задачы, — выхоўваць чалавека ў духу вернасці агульначалавечым ідэалам, што выяўляецца ў форме непасрэднага звароту паэта да чытача. Кожны верш, кожная фраза яго паэзіі вучаць жыць і думаць, радавацца жыццю, любіць і паважаць людзей. У мэтах большай доказнасці паэт карыстаецца шматлікімі паўторамі, паступова, крок за крокам разгортвае філасофскае выказванне («На радзіме пеўні пяюць…», «Беларушчына. Трыпціх»).

Яшчэ адна асаблівасць светапогляду А. Вярцінскага — яго гуманізм. Да якой з’явы ні дакрануўся б мастак, яна выпраменьвае іскрынкі дабрыні і чалавечнасці. Кожная дэталь знешняга свету, кожны зрух у душы лірычнага героя «нанізваюцца» на стрыжань чалавекалюбства, веры, упэўненасці, што зло не вечнае, хоць за ім — чорныя, магутныя сілы. Паэт верыць у перамогу дабра:

Братове, сябры,
                        не будзем адчайвацца.
Жыццё ж не канчаецца,
                                   жыццё прадаўжаецца.
Вунь голуб буркоча,
                             вунь носіцца чаіца…
Жыццё ж прадаўжаецца,
                                    жыццё не канчаецца.
Трамвай вунь са звонам
                                   бяжыць, спяшаецца…
Жыццё прадаўжаецца.
                                  Надзея новая нараджаецца.
Жыццё прадаўжаецца.
                                  Якое яно і як вырашаецца?
Але ж не канчаецца,
                             але ж прадаўжаецца.
Лісцё асвяжаецца.
                 Чуццё абуджаецца.
                                    Дзіцё нараджаецца…
Жыццё прадаўжаецца.
                   Жыццё прадаўжаецца.
                                      Жыццё прадаўжаецца!»

Філасафічнасць у творчасці А. Вярцінскага вызначае наяўнасць у вершах апошніх радкоў — высноў, маральна-філасофскіх абагульненняў. Паэт не проста разважлівы сузіральнік, а засяроджана-эмацыянальны суразмоўца, неабыякавы да таго, што чытач адчуе, убачыць, возьме з паказанага. Ствараецца часам уражанне, што майстра слова не пакідае юнацкі максімалізм, які дзіўна суадносіцца са знешнім спакоем, ураўнаважанасцю і дакладнасцю спалучэння тэзісаў у вершах.

Вершы А. Вярцінскага прытчападобныя, філасафічныя, дыдактычна-павучальныя, ён — майстар прытчы, якая стала як бы «абалонкай», дамінантай індывідуальнага стылю мастака. Прытча — жанр старажытны, павучальны, які мае вытокі ў Бібліі, грунтуецца на прынцыпах іншасказальнасці, упадабнення, перанясення прымет з адных з’яў і прадметаў на другія і іх абагульнення. Гэты жанр блізкі да байкі, метафары — твораў, у якіх галоўнае месца займаюць мараль, дыдактычная выснова, сэнсавая падтэкставасць.

У прытчах («Здарэнне ў Судны дзень, або Ніл Гілевіч як аргумент», «Ратаванне рыфмай», «Жыццё прадаўжаецца… Нешта амаль аптымістычнае» і інш.) паэт працягвае традыцыі К. Тураўскага, Змітрака Бядулі, Ядвігіна Ш., Якуба Коласа. Майстар слова выйшаў на максімальнае абагульненне. Маштабная задума — абагуліць вопыт чалавецтва на працягу многіх стагоддзяў — рэалізуецца ў змешаных жанравых ліра-эпічных і ліра-эпіка-драматургічных прытчах і прытчаформах.

Часцей за ўсё элегіі А. Вярцінскага напоўнены думкамі пра лёс чалавека і чалавецтва ў цэлым, рух і зменлівасць часу, страту кахання, непазбежную смерць, прадаўжэнне жыцця ў нашчадках («Не помню такога лета...», «Хлопчык глядзіць…», «Ведаў, што...», «Асенні вечар»). Пісьменнік сцвярджае сваёй творчасцю сілу слова, у якім думка і эмоцыя існуюць у цеснай садружнасці, сілкуючы адна другую, і ўтвараюць змест, які выпраменьвае святло і цяпло. Нястомны прапаведнік духоўных каштоўнасцей, гуманізму і братэрства людзей, А. Вярцінскі дае сваёй творчасцю маральныя ўрокі суайчыннікам:

Паміралі, а жыта сеялі.
Жыта сеялі днямі вясеннімі.
Не чакалі з мора пагоды
ды з нябёсаў манны лагоднай,
а выходзілі ў поле рана
жыта сеяць дбала, старанна.

Янка Сiпакоў (1936—2011) адносiцца да пісьменнікаў, якiя ўступiлi ў лiтаратурнае жыццё ў 1960-я гады, да так званага фiлалагiчнага пакалення. Янка (Іван Данілавіч) Сіпакоў нарадзіўся 15 студзеня ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У час Вялікай Айчыннай вайны бацькоў Я. Сіпакова за сувязь з партызанамі закатавалі фашысты. У час вучобы ў Зубрэвіцкай сярэдняй школе працаваў паштальёнам. У 1953 годзе ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» быў надрукаваны яго першы верш. Пасля заканчэння школы (1954) быў літсупрацоўнікам шклоўскай раённай газеты «Чырвоны барацьбіт». У 1960 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ і да 1973 года працаваў у часопісе «Вожык». Як празаік, Я. Сіпакоў пачаў з нарысаў, якія склалі кнігу «Па зялёную маланку» (1971). З 1973 года з’яўляўся загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі, а з 1989-га — адказным сакратаром часопіса «Маладосць». У 1993—1997 гадах загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». З 1997 года працаваў у часопісе «Беларусь». Янка Сіпакоў — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976; за кнігу паэзіі «Веча славянскіх балад»), заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1997).

У 1990-я гады выйшла кніга Я. Сіпакова «Выбраныя творы» ў двух тамах (Т. 1 — 1995 г., Т. 2 — 1997 г.), многія творы паэта ў 2000-я гады друкаваліся на старонках перыядычных выданняў. Найбольш пашыранымi традыцыйнымi жанрамi i жанравымi формамi ў паэзii Я. Сiпакова сталага перыяду з’яўляюцца балада, ода, элегiя, санет. Адчуванне трагедыйнасці чалавечага жыцця, бездапаможнасці асобы перад магутным наступам гiсторыi выводзіць на першую пазiцыю баладу i элегiю, якія прасякнуты роздумам аб прычынах падобнай сiтуацыi, шляхах яе пераадолення.

У аснове элегiй часта ляжыць пачуццё даверу, якое дапамагае лiрычнаму герою прайсцi праз усе выпрабаваннi i пераадолець боль («Здараецца, наплыне дабрыня...», «У траве пажухлай i счарнелай...»). У адычных творах (тых, якія звязаны, суадносяцца са словам «ода») паэт не толькі ўхваляў гераічныя ўчынкі і подзвігі людзей, але і даваў вывераную, філасофска значную ацэнку гістарычным падзеям, засяроджваўся на агульначалавечых праблемах, выказваўся шчыра, замілавана і разам з тым узнёсла пра будзённае жыццё, паэтызаваў яго.

Янка Сiпакоў надаў новае дыханне санету, адрадзiў яго класiчныя прынцыпы пабудовы, сiмволiку. Так, у «Санеце кахання» ён заклікаў абараняць цнатлівую каханую ад цынікаў, зрабіў вывад, што яе надзейным талісманам з’яўляецца сам паэтычны твор, нібы жывая істота:

І я заўсёды буду берагчы
Тваю цнатлівасць светлую аддана.
Ты не саромейся мяне. Бо ты адна, лічы,
Тут, у санеце, беражна схавана.

Паэт карыстаўся і верлiбрам, які лепш за ўсё падыходзіць для перадачы філасофскай думкі, глыбокага мыслення вершамі:

А зямля,
Відаць, таму і круглая,
Каб ніхто
Не мог сесці ў цэнтры
Ці ў якім зручным кутку
І пагардліва сказаць іншым:
— Мы — абраны Богам народ,
А вы — нашы рабы...

Наватарствам асэнсавання праблем існавання чалавецтва на мяжы стагоддзяў, глыбокім раскрыццём жахлівых трагедый XX стагоддзя — землетрасення ў Арменіі і чарнобыльскай катастрофы — характарызуецца кніга паэм у прозе Я. Сіпакова «Ахвярны двор» (1991). Трагедыйнай напружанасцю і экспрэсіўнасцю вызначаецца мастацкае асэнсаванне наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў паэме Я. Сіпакова «Одзіум», дамінантнымі вобразамі-сімваламі ў якой становяцца Катаклізм, Апакаліпсіс, Катастрофа як увасабленне непапраўнай бяды і трагедыі: «Два браты і сястра з нетутэйшымі імёнамі — Катаклізм, Апакаліпсіс і Катастрофа — нецярпліва, прагна ўглядаюцца ў тутэйшую зямлю і ласкава гладзяць па раскудлачаных валасах сваю нашчадніцу, спадкаемніцу, якая, ці чуеце, мае такое ўжо тутэйшае імя — Бяда».

Антытэза (ад грэч. antithesis — ‘супрацьпастаўленне’) — мастацкі прыём, які выкарыстоўваецца для перадачы кантраснасці паказанага.

Цэнтральным у паэме становіцца вобраз бабкі Параскі, якая не можа зразумець, чаму яе чысценькае цяля стала брудным, а ўвесь навакольны свет — атручаным, нават спрабуе змыць з цяляці нябачны атамны бруд.

Паэма пабудавана з дапамогай мастацкіх прыёмаў антытэзы, калі жыццю супрацьпастаўляецца смерць, дабру — зло, шчасцю — гора, прыродныя з’явы, што неслі жыццё, становяцца сімваламі смерці («Была, ці чуеце, вёска, а стала зона адсялення. // Было поле, а стала зона адчужэння. // Быў лес, а стала зона пастаяннага радыяцыйнага кантролю») і цыклічнага звароту да малітвы «Ойча наш», якая пастаянна перарываецца аўтарскімі развагамі, гістарычнымі даведкамі, статыстычнымі данымі і інш.

Творчасць Юрася Свіркі (1933—2010), аўтара зборнікаў «Кружка з пясчаным дном» (1990), «Выбранае: лірыка (1956—1990)» (1993), «Узаемнасць» (1993), адрозніваюць тонкая пачуццёвасць, задушэўнасць, шчыры лірызм, паэтычнасць, метафарычная дасканаласць.

Юрый Мікалаевіч Свірка нарадзіўся 6 мая ў вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1953 годзе скончыў Бягомльскую сярэднюю школу, паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння (1959) працаваў у часопісе «Коммунист Белоруссии», у 1960—1961 гадах — у газеце «Чырвоная змена». З 1961 па 1975 год быў старшым рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, а з 1975 года — загадчыкам аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва». Першы верш «Новы крок» быў надрукаваны ў газеце «Піянер Беларусі» ў 1952 годзе, першы зборнік вершаў «Шэпчуцца ліўні» выйшаў у 1959 годзе. Юрась Свірка — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1993; за зборнік паэзіі «Узаемнасць»).

Паэт, як і яго папярэднікі, належаў да так званага фiлалагiчнага пакалення. Яго творы напоўнены лірычным роздумам пра праблемы сучаснасці: стан прыроды, экалогію душы чалавека, барацьбу са злом і несправядлівасцю ў розных праяўленнях, стан роднай матчынай мовы. Паэтычным крэда Ю. Свіркі з’яўляюцца наступныя радкі:

Люблю я ціхую паэзію,
Дзе не крычаць і не шумяць.
Удумліва, а не гарэзліва
Душу ўмее высвятляць.
Люблю я ціхую... Разважліва
Яна вядзе душэўны лад.
I слова кожнае ўзважвае,
Як россып залатых зярнят.
I словы пачуццём яднаюцца:
Іх вывярае дзень пры дні.
Яны пакорна прачынаюцца
I не маўчаць у цішыні.
Здаецца, сам такою дыхаю
I верна ёй хачу служыць.
Дык хто ж яе абразіў: ціхаю
Назваць таго, хто не крычыць.

Тэма Радзімы, роднага краю з’яўляецца цэнтральнай у лірыцы паэта. Яна ўвасабляецца з дапамогай вобраза лесу, які родніць чалавека з Бацькаўшчынай («а лес, нібы годы за плячыма»). Чулы да ўсяго жывога, Ю. Свірка адухаўляў прыроду і, як сапраўдны сын вёскі, негатыўна ставіўся да разбурэння старадаўняга ўкладу жыцця, асушэння балот і меліярацыі. Тэма вёскі, супрацьстаяння яе і горада праходзіць лейтматывам праз многія вершы творцы:

У роднай вёсцы
                   вершы я пішу.
У роднай вёсцы
                   вершы не чытаю,
Калі б я дома вершы прачытаў
Пра маляўнічасць родных краявідаў,
Я з галавой сябе,
                   напэўна б, выдаў
І больш ніколі б вершаў не пісаў.
Я знаю, што дзяды такія ёсць,
Яны спыталі б важна,
                   не для смеху:
«Навошта ж ты ад нас, сынок, паехаў,
Калі ў нас такая прыгажосць?»

Асабістая біяграфія паэта выявілася ў распрацоўцы тэмы народнага змагання супраць нямецкіх захопнікаў. У вершах паўстаюць не толькі вобразы партызан, народных змагароў, але і невядомых салдат, дзяцей вайны («Журботны працяг песні», «Балада пра помнік салдату», «Балада мужнасці»).

Вобразы класікаў нацыянальнай літаратуры М. Багдановіча, Янкі Купалы, У. Караткевіча і іншых увасобіліся ў вершах-прысвячэннях («Ліпеньская раніца ў Ляўках», «Уладзімір Караткевіч» і інш.).

Данута Бічэль (нар. у 1938) належыць таксама да слаўнай кагорты пісьменнікаў-шасцідзясятнікаў, яе лірыка, багатая і разнастайная ў выяўленні эмацыянальных адценняў пачуцця, доўгі час была візітнай карткай «жаночай» беларускай паэзіі (як і Е. Лось і Р. Баравіковай), але ў апошні час яна набыла выразныя філасофскія і рэлігійныя адценні.

Данута Іванаўна нарадзілася 1 студзеня 1938 года (па словах Д. Бічэль — 3 снежня 1937 года) ў вёсцы Біскупцы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1957 годзе скончыла Навагрудскае педагагічнае вучылішча, затым паступіла на аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, якое скончыла ў 1962 годзе. Пасля заканчэння працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў гродзенскіх школах. У 1982 годзе стала загадчыцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гродне. Першы верш надрукаваны ў 1958 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва», першы зборнік — «Дзявочае сэрца» — выйшаў у 1961 годзе. Данута Бічэль з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984; за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож»).

У 1990-я гады яе паэзія набыла новае дыханне і стала выяўленнем роздуму над складанымі і набалелымі жыццёвымі і нацыянальнымі пытаннямі, а рэлігійная тэматыка станавілася асноўнай (зборнікі «А на Палессі» (1990), «Снапок» (1999), «На белых аблоках сноў» (2002), «Стакроткі ў вяночак Божай Маці» (2004), «Ойча наш…» (2008), «Іду сцяжынаю да Бога» (2012), «Выбраныя творы» (2016)).

Дамінантнай асаблівасцю паэзіі Д. Бічэль на сучасным этапе стаў зварот да рэлігійна-хрысціянскай і біблейска-філасофскай тэматыкі. Як і многія іншыя аўтары, паэтка разглядае зямное жыццё як своеасаблівы пераход у вечнасць:

Ты мяне, зерне, пасеяў тут —
я тут расту...
Ойча наш, калі я перайду
праз мяжу ў прастору, у прастату,
праз генетычны код роду
з-пад споду —
ад слова, якое адбілася ценем,
да Слова, Якое сталася Целам,
магчыма, так праясніцца
таямніца жывога жыцця —
— Тваё, Ойча, узлюбленае дзіця...

У 2000-я гады позірк паэткі скіроўваецца і да ўвасаблення подзвігаў славутых прадстаўнікоў беларускай гісторыі («Балада пра князя Усяслава Чарадзея», «Словам Скарыны»).

Для творчасці Д. Бічэль таксама характэрны грамадзянская занепакоенасць, публіцыстычнасць, сінтэз грамадзянскага і інтымна-асабістага, публіцыстычнага і філасофскага пачаткаў, тым больш што адным з самых першых водгукаў на чарнобыльскую трагедыю сталі вершаваныя радкі паэткі:

На злом галавы ўцякаць не прымусяць
краскі пасею па ўсёй Беларусі.
Зеллечка ўзыдзе тут сярод ночы,
стронцый у сэрца зялёнае ўсмокча.
Выссе зялёным раточкам атруту,
зніме распад смертаноснага бруду.
Дзетак-бязлетак яшчэ падгадуе
ды на асуджаных не засярдуе.

Генадзь Пашкоў (нар. у 1948) з’яўляецца прыхільнікам лірычна-спавядальнай медытатыўнай паэзіі, увасобленай у шматлікіх зборніках мяжы стагоддзяў: «Люблю, спадзяюся, жыву...» (1990), «Палескія вандроўнікі» (1998), «Журавінавы востраў» (1998), «Зорнае поле» (1999), «Тваім святлом благаславёны» (2006), «У далонях свету» (2011), «Маё лета» (2011), «Званы юнацтва» (2012), «Парад планет» (2016).

Генадзь Пятровіч Пашкоў нарадзіўся 23 сакавіка ў в. Ліпавічы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачых. У 1953 годзе разам з бацькамі пераехаў у Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці. У 1966 годзе скончыў Войстамскую сярэднюю школу і паступіў на факультэт журналістыкі БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта з 1971 па 1972 год займаў пасаду рэдактара літаратурна-драматычных перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё. З 1972 года з’яўляўся загадчыкам рэдакцыі, затым — адказным сакратаром, а з 1979 года — намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісе «Полымя». З 1989 года — кансультант гуманітарнага аддзела ў апараце ЦК КПБ, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Тэатральная Беларусь», рэдактар «Цэнтральнай газеты». У 1996—2008 гадах займаў пасаду дырэктара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. З 2008 па 2016 год з’яўляўся першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі. У друку пачаў выступаць у 1967 годзе.

Генадзь Пашкоў — лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980; за паэтычныя зборнікі «Красный жаворонок», «Дыстанцыя небяспекі»), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1998; за кнігу «Журавінавы востраў»).

Тэма малой радзімы становіцца вызначальнай у вершы Г. Пашкова «Зямля мая...», які адкрывае зборнік «Журавінавы востраў». Верш прасякнуты глыбокім, светлым пачуццём любові да радзімы і завяршаецца параўнаннем яе рук з матчынымі рукамі. Родны край уяўляецца мастаку слова ў абліччы «зялёнай расінкі», агучваецца вобразам «світальнай галінкі», якая «пчалой гудзе». Да таго ж перадаюцца і пахі — «пахне дзень праталінай вясной». Настрой паэта рамантычна-ўзнёслы. Прырода жывая, абуджаная ад сну, рухомая.

Кола тэм і праблем, якія хвалююць паэта, шырокае: вершы і паэмы пра замежжа («Партрэт Скарыны ў Падуі», «Дарога ў Татры», «Яблыкі Шолахава», «У Міхайлаўскім дождж» і інш.). Уражваюць творы-роздумы пра лёс Зямлі і зямлян, прасякнутыя трывогай за будучыню (паэма «Дзяўчынка з блакітным мячыкам»), вершы памяці пра мінулую і магчымыя новыя войны («Брат і сястра», «Па праву жывога», паэма «Трывога»). Згадкі пра Чарнобыль, роздум пра адмоўны ўплыў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі на лёс Зямлі і людскія лёсы выклікаюць трыпціх «Званы юнацтва», верш «Мерайцеся, людзі, на лясы...», паэма «На ласіных картах».

Горкая, балючая апошняя тэма літаральна скрозь слёзы гучыць у вершы «На мазырскіх узвышшах», які «распадаецца» на светлую (так было і так будзе — спадзяецца паэт) і змрочную часткі, калі апісанне велічнай прыгажосці і вечнага жыцця, крыху падсвечанае «смуткам светлым у сэрцы», перапыняецца — гэта ў гарманічны малюнак урываецца трывожны подых чарнобыльскай трагедыі. У голасе аўтара гучыць боль, бо чарнобыльская трагедыя скавала жыццё, змярцвіла яго дыханне, нібы прыпыніла яго рух: «У прастору дыхнуў // век нязнанай атрутай». Аднак у светаадчуванні лірычнага героя Г. Пашкова рамантыка і аптымізм «перамагаюць гармоніяй» (У. Гніламедаў) дысгармонію і дысанансныя пачуцці.

Цэлы раздзел «Поле любові» ў зборніку Г. Пашкова «Тваім святлом благаславёны» складаецца з дзевяноста вершаў пра каханне — светлае, чыстае, пяшчотнае. Каханая паўстае ў творах аўтара багіняй, якая нагадвае купалаўскую, увенчаную каронай, падобную да сонца жняю («Багіня»), надзеяй і «радасцю найпершай» («Найпершая»), прыгажуняй рабінай («Пасля начнога снегападу...»), «сінічкай і жураўкай» у пяшчотнай руцэ паэта («З табою першы снегапад»), «светлай, як сонейка», «дыяментам палескае зямлі» («Дыямент палескае зямлі»).

Але найбольш выразна сваё светлае пачуццё да каханай Г. Пашкоў выказаў вершам «Назвала халодным і ціхім...», у якім лірычны герой характарызуе яе шаснаццаццю арыгінальнымі, непаўторнымі параўнаннямі. Амаль кожнае спалучана з адметным аўтарскім эпітэтам, сярод якіх вылучаюцца рамантычнай узнёсласцю, экспрэсіўнасцю чатыры: «ветравой сасонкаю», «крамянай журавінкаю», «праменнаю расінкаю», «мёдагалосай пчолкай». Верш напісаны на адным дыханні, складаецца з двух сказаў. Прыёмам паўтору дасягаецца высокі эмацыянальны напал твора.

Генадзь Пашкоў — аўтар ліра-эпічных («Трывога») і лірыка-філасофскіх («Легенда Прыпяці», «Дзяўчынка з блакітным мячыкам») паэм. У іх аўтар, занепакоены парушэннем гармоніі ўзаемаадносін чалавека і прыроды, перасцерагаў чалавецтва ад паўтарэння трагедыі мінулых войнаў. У аснове паэмы «Дзяўчынка з блакітным мячыкам»  — дзве падзеі, перажытыя паэтам: навальніца над Прыпяццю, у час якой згубіўся блакітны мячык яго дачушкі, і наведванне «мёртвага» горада Італіі Пампеі, дзе яму сустрэлася маленькая шчабятушка-італьянка Наталет. Два гэтыя эпізоды выклікалі ў паэта і замілаванне дзецьмі, і абурэнне катаклізмамі ў прыродзе, і пратэст супраць жорсткага подыху Чарнобыля і суровага дыхання мінулай і магчымых будучых войнаў.

Творчасць Міхася Пазнякова (нар. у 1951) працягвае класічныя традыцыі беларускай лірыкі. Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў нарадзіўся 24 студзеня ў вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў Забродскай пачатковай школе, затым — у Глухскай сярэдняй школе. У 1971 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ, пасля трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне і працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы і этыкі ў Бярэзінскім раёне.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1977 годзе вярнуўся ў Мінск, дзе зноў працаваў настаўнікам. У 1978 годзе прыняты на працу ў Інстытут мовазнаўства АН БССР, дзе прымаў удзел у распрацоўцы двухтомных «Русско-белорусского словаря» і «Беларуска-рускага слоўніка», з’яўляўся памочнікам навуковага рэдактара гэтых выданняў (Кандрата Крапівы). З 1981 года займаў пасаду дырэктара Літаратурнага музея М. Багдановіча. У 1984—2000 гадах працаваў у дзяржаўным выдавецтве «Юнацтва», затым узначальваў часопіс «Вожык». З 2003 па 2008 год з’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Нёман», затым — галоўным рэдактарам. З 2009 года — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першы верш на беларускай мове быў надрукаваны ў 1976 годзе ў газеце «Беларускі ўніверсітэт».

Міхась Пазнякоў з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі (1996; у галіне дзіцячай літаратуры), трох рэспубліканскіх літаратурных прэмій «Лепшая кніга года» (2006, 2007, 2008), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2009; за творы паэзіі), прэмій міністра абароны Рэспублікі Беларусь (2008, 2013, 2015; у галіне літаратуры), Нацыянальнай літаратурнай прэміі, у намінацыі «Найлепшы твор дзіцячай літаратуры» (2016). За адметны ўклад у развіццё беларускай літаратуры ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2011).

У сваіх зборніках «Час надзеі» (1991), «Любі і помні...» (2006), «Святое правіла...» (2008), «У родным краі» (2009), «Усміхаюцца зоры над хатаю» (2011), «Спявае жыта...» (2014), «Наталенне Радзімай» (2014) паэт працягвае традыцыі, выпрацаваныя А. Куляшовым, П. Панчанкам, ствараючы сапраўдныя ўзоры спавядальна-інтымнай лірыкі, паяднанай з вострай грамадзянскасцю і публіцыстычнасцю. У аснове вершаў лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій — роздум пра наш час, любоў да Радзімы, бацькоўскага краю («Радзіма», «Клёны», «Скарына» і інш.).

Многія творы гучаць па-грамадзянску заклапочана і шчыра, паэт услаўляе высокія духоўныя каштоўнасці, верыць у лепшае, упэўнена глядзіць у будучыню («Святое правіла»). Міхась Пазнякоў — сапраўдны майстар інтымнай лірыкі, часткай якой з’яўляецца лірыка кахання, у якой ён не толькі захапляецца самымі цудоўнымі імгненнямі жыцця, але і стварае сапраўдны гімн жанчыне. Тварыць прыгажосць, дарыць людзям святло і радасць — менавіта такое святое правіла ў лірычнага героя большасці кніг паэта.

У тэматычным плане творчасць М. Пазнякова складаецца з некалькіх цыклаў. Тэма Радзімы, роднай вёскі раскрываецца ў вершах, прасякнутых пяшчотнымі ўспамінамі пра дзяцінства і шчасце («Беларусі», «Ціхая родная хата...», «Браслаўскай зямлі» і інш.):

Як сын прыеду да цябе з паклонам,
Каб наталіць цяплом ізноў
І позіркам акінуць улюбёным
Тваіх вачэй глыбокую любоў.

Разам з тым у многія творы ўваходзяць боль і трывожны роздум паэта, выкліканыя наступствамі чарнобыльскай трагедыі («Я складаў бы гімны бэзу...», «Над Радзімай — аблокі тугі...» і інш.). Вобразы родных і блізкіх людзей занялі пачэснае месца ў паэтычным набытку М. Пазнякова. Менавіта яны знітоўваюць думкі і сэрца паэта з малой радзімай, нагадваюць пра хуткаплыннасць часу («Матуля», «Брат», «Аднавяскоўцы»).

Разважанне над праблемамі сучаснасці, палітычнымі падзеямі ў розных краінах, цікавасць да гісторыі розных народаў паэт увасобіў у вершах «Здрыганіся ад гневу, планета...», «Тры сястры», «Афганская вестка» і інш. Лірычны герой М. Пазнякова — асоба, якая трывожыцца за цэлы свет, неабыякавы сведка войнаў і катаклізмаў, экалагічных катастроф.

Ваенная тэма не магла не адлюстравацца ў творчасці паэта. Водгаласы Вялікай Айчыннай вайны і рокат вайны ў Афганістане сталі асновай вершаў «Колькі брацкіх магіл...», «Ветэраны», «Маці» і інш. Міхась Пазнякоў праводзіць паралелі паміж мінулым і сучаснасцю, выносіць жорсткі прысуд тым, хто калечыць людзей фізічна і духоўна.

Даволі шырока прадстаўлена ў творчасці паэта інтымная тэма, якой лірычны герой выказвае цэлую гаму пачуццяў: ад шчасця да горычы, ад замілавання незвычайным воблікам каханай да разважання пра змены, якія адбываюцца з узростам («Развітанне», «Успамінай» і інш.).

Наватарскім характарам і яскравай запамінальнай вобразнасцю вызначаецца аўтарскі жанр, уведзены М. Пазняковым, — «бліскавінкі» — трохрадковыя нерыфмаваныя разважанні паэта, якія знешне нагадваюць хоку: «У небе выбліснуў месяц, // І мільёны позіркаў // Зліліся ў адзін».

Традыцыю сусветнага і нацыянальнага лірычнага мастацтва сваёй паэзіяй годна працягвае Раіса Баравікова (нар. у 1947). З яе імем звязана ўражанне чысціні, пяшчоты, рамантычна-ўзнёслых адносін да жыцця, эмацыянальнасці і высокай усхваляванасці. Па словах Г. Кісліцынай, «самай сонечнай паэткай Беларусі была і застаецца дагэтуль Раіса Баравікова, імя якой абяцае рай і нагадвае аб старажытнаегіпецкім богу сонца Ра». Такая яна і ў сваёй творчасці — пачынаючы ад першых лірычных вопытаў і заканчваючы нястрыманым палётам думкі-мроі ў фантастычна-казачных гісторыях для дзяцей і падлеткаў.

Раіса Андрэеўна нарадзілася 11 мая ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна, рана пачала пісаць вершы, калі дзяўчыне споўнілася 13 гадоў. Яны былі апублікаваны ў раённай газеце «Маяк камунізму». Пасля заканчэння дзесяцігодкі працавала супрацоўнікам быхаўскай раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя» (1965), вучылася на аддзяленні мастацкага перакладу ў Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве (1966—1971), затым працавала рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм», у газетах і часопісах, была галоўным рэдактарам часопіса для жанчын «Алеся», а з 2002 года ўзначальвала часопіс «Маладосць», які пад яе кіраўніцтвам стаў адным з самых цікавых і папулярных выданняў; з 2011 года — вядучая аўтарскай калонкі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва».

Раіса Баравікова — аўтар паэтычных зборнікаў «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987, Літаратурная прэмія імя А. Куляшова (1988)), «Сад на капялюшыку каханай» (1998), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992; Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1994)), «Дрэва для райскай птушкі» (2007), «Сад на шляпке возлюбленной» (2010). У 2007 годзе Р. Баравікова была ўзнагароджана медалём Ф. Скарыны.

Пералік зборнікаў пісьменніцы сведчыць найперш пра тое, што іх аўтар — таленавітая паэтэса, якая пастаянна ўдасканальвае свой стыль, сваю паэтыку ад простага да складанага, ад апiсальнасцi, выяўленчасцi да заглыблення ў сферу свядомага, напружанага асэнсавання рэчаiснасцi з мэтай выяўлення яе iстотных заканамернасцей, да самапаглыблення, медытатыўнасцi.

Лірычная гераіня паэзіі Раісы Баравіковай вылучаецца заўсёднай элегантнасцю, вытанчанасцю, «сапраўднай жаноцкасцю, якую нельга зымітаваць, набыць, з ёй можна толькі нарадзіцца і трохі яе ўдасканаліць, адшліфаваць» (І. Штэйнер). Сапраўды, паэтэса найперш застаецца жанчынай — трапяткой, пяшчотнай, мяккай, пачуццёвай — і ў час замілавання прыгажосцю свету, і ў разважаннях-медытацыях філасофскага кшталту (цыкл «Васьмірадкоўі апошніх пацалункаў»).

Вобраз лірычнай гераіні Р. Баравіковай мае выразную аўтабіяграфічную аснову, у яе жыцці спалучаюцца радасць, перажыванні, трагедыі, расчараванні. Аснова мастацкай творчасці паэтэсы — адлюстраванне жывога, светлага і балючага, трапяткога пачуцця кахання. Менавіта таму многія творы яе ўяўляюцца сапраўднай светлай «лебядзінай песняй» рамантычнай натуры, што ідзе безаглядна і настойліва, нібы па вастрыі ляза, да ўласнага шчасця, ідзе праз пакуты, перажыванні, страты.

Дыяпазон творчасці Р. Баравіковай, крэда якой можна лічыць назву кнігі «Слухаю сэрца», надзвычай разнастайны ў жанрава-тэматычным аспекце.

На мяжы стагоддзяў у творчасці паэтэсы павялічваецца колькасць вершаў, якія сведчаць пра жаданне лірычнай гераіні стрымліваць пачуцці, асэнсоўваць іх і прыводзіць у стройную сістэму ўдумлівай і шчырай разважлівасцю, узмацняецца разважанне-роздум над філасофскімі праблемамі. З’яўляюцца таксама трывожныя па змесце і інтанацыі вершы, прасякнутыя то лёгкім элегійным сумам, то нясцерпным болем:

Дазвольце мне вярнуцца з лістападу,
з завеі ці з дажджу ў будзённы час,
каб доўг аддаць у глыбіню пагляду, —
замоўчанае: «Я кахаю вас...»

Нягледзячы на перавагу вершаў на інтымную тэму, у творчасці Р. Баравіковай належнае месца займае і філасофская лірыка. Лірычная гераіня страсна, эмацыянальна разважае то пра няўмольны рух часу: «Старэюць людзі, дрэвы і кусты, // прыродны рух — ён і суддзя, і сведка» («Старэюць людзі, дрэвы і кусты...»), то пра каханне, яго ролю ў жыцці чалавека: «Каханне і прынізіць, і... узніме, // пакуль у ім жыве душа мая» («Казаў мудрэц: яно — і нараканне...»), то пра тое, як трэба жыць, каб пакінуць пасля сябе яркі след: «Няма фальшывых, што жывуць без позы... — // ёсць свет // і розны погляд на жыццё» («Як часта ў свеце, бы ў бязладнай хаце...»), то пра мастацтва і паэзію, іх прызначэнне: «Ты дадаеш бяздумным пустаты, // разумнікам не дадаеш гарэння» («Паэзія»), то пра сэнс чалавечага жыцця і горыч адзіноты: «Хто і як, і прад кім награшыў, // не развяжа ніякае веча. // Засынаеш — так многа душы, // а прачнешся і ўздрыгнеш — пустэча!» («Васьмірадкоўі апошніх пацалункаў»).

Лірыка Р. Баравіковай сталага перыяду канчаткова пазбавілася апісальнасці, стала медытатыўнай, трывожна-роздумнай. Медытатыўнасць дапамагла ёй пераадолець звужанасць тэматыкі, камернасць, узняць скандэнсаваную асабістасць на вышыню агульназначнасці. Самапаглыбленне, пераўвасабляючыся ў медытатыўнасць, стала шчытом, які ахоўваў нашу жаночую паэзію ад канчатковага заняпаду, тэматычнага здрабнення і маральнай падпарадкаванасці дыктату стэрэатыпаў.

Яшчэ адным сучасным пісьменнікам з пакалення шасцідзясятнікаў з’яўляўся Мар’ян Дукса (1943—2019). Ён аўтар паэтычных зборнікаў «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989), «Горн прымірэння» (1993), кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць сосны» (1987).

Мар’ян Мікалаевіч нарадзіўся 5 красавiка ў вёсцы Каракулічы Мядзельскага раёна Мiнскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1958—1960 гадах займаўся ў Свірскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі, пасля працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады і адначасова завочна вучыўся ў сярэдняй школе. У 1969 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ, з 1969 па 1987 год працаваў настаўнікам у Сольскай сярэдняй школе. Першыя вершы былі надрукаваны ў 1960 годзе.

Мар’ян Дукса — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1990; за кнігу паэзіі «Заснежаныя ягады»), Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii Беларусi (2016; за кнігу вершаў «Птушка вечнасцi — душа»).

У зборніках паэзіі Мар’яна Дуксы «Горн прымірэння» (1993), «Прыйсці да алтара» (2003), «Птушка вечнасці — душа» (2015) пераважаюць біблейска-рэлігійныя матывы і вобразы, на высокай ноце гучыць заклік да згоды чалавека і прыроды, людзей паміж сабой, да пакаяння перад народам за здзейсненыя памылкі, да руплівай працы: «Вырошчвай хлеб на неўміручым дзёрне, // не надта вер у рукатворны рай».

Кола тэм, да якіх звяртаўся М. Дукса, шырокае, разнастайнае, адлюстроўвае пошук лірычным героем свайго месца ў свеце і выяўляе роздум аўтара над праблемамі сучаснасці. Так, у вершы «Паэзія» аўтар разважаў, ці ёсць месца мастацкай творчасці ў ХХІ стагоддзі. Аптымістычна гучаць апошнія радкі, у якіх паэт перакананы, што літаратура вечная і каштоўная ў любы час:

Паэзія, блукаеш дзе ж?
То мкнеш у забыццё, то вернешся.
Паэзія, не прападзеш,
ад нас нікуды ты не дзенешся.

Беларусь і малая радзіма М. Дуксы паўстаюць у яго зборніках як дамінантныя вобразы-сімвалы, што дапамагаюць не знікнуць нацыянальнай ідэнтычнасці, а захаваць яе. Вобраз Айчыны становіцца сакральным, святым. Нарачанскі край у лірыцы М. Дуксы паэтызуецца, становіцца тым адзіным месцам, дзе душа лірычнага героя можа адпачыць, супакоіцца, набрацца сіл:

Ты, Нарачанскі край,
                     мой вольны дух стрыножыў.
Мой неспатольны дух
                     па-над табой блукае.

Цэнтральнымі вобразамі ў лірыцы мастака слова становяцца сімвалы дарогі, узыходу сонца, неба, зорак («Пад нябесным вогнішчам ...», «Можа, з зорнага каўша», «Месяц, Венера, Юпітэр і Марс...», «Дарога»).

Большасць вершаў паэта пабудавана на прынцыпе антытэзы: супрацьпастаўляецца часовае і вечнае, нізкае і высокае, сучаснасць і мінулае.

У апошніх творах, змешчаных на старонках перыядычных выданняў, паэт асэнсоўваў свой зямны шлях, глядзеў на жыццё з пазіцый мастака-філосафа:

Жыццё — тэатр, а людзі ў ім акцёры...
Вільям Шэкспір, і сапраўды ўсё так.
Акцёры мы, але ж і рэжысёры,
бо ставім мы свайго жыцця спектакль...

Жыццё — ланцуг рухомых кадраў,
што хуценька лятуць за сцэнай.
Яно — як змена пэўных жанраў
у паслядоўнасці нязменнай.

Вобраз часу становіцца дамінантным у вершах М. Дуксы мяжы стагоддзяў. Паэт разважаў пра немагчымасць вярнуцца ў юнацтва і дзяцінства, асэнсоўваў пройдзены шлях і адзначаў, што вярнуцца ў мінулае могуць дапамагчы толькі ўспаміны і думкі: «Без памяці мы проста жабракі, // і ў торбе будзе ветрана і пуста».

Адным з паэтаў, творы якога нязменна карыстаюцца поспехам не толькі ў чытачоў, але і ў кампазітараў, з’яўляецца Уладзімір Карызна (нар. у 1938), чыя творчасць багатая ў жанравым і тэматычным аспекце.

Уладзімір Іванавіч Карызна нарадзіўся 25 мая ў вёсцы Закружка Мінскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1961 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ, з 1961 па 1967 год працаваў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе, узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце «Браслаўская звязда». Пасля быў рэдактарам, старшым рэдактарам, загадчыкам аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё. У 1980—1981 гадах з’яўляўся рэдактарам аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя», з 1981 па 2001 год займаў пасады старшага рэдактара, загадчыка рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва «Юнацтва», у 2002 годзе працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца».

Першы верш быў надрукаваны ў 1956 годзе ў газеце «Чырвоная змена». Уладзімір Карызна з’ўляецца аўтарам слоў да гімна Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996; за ўдзел у стварэнні серыі кніг «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР»), узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2002), лаўрэат Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2007; за лепшую кнігу года ў галіне песеннага жанру).

Ужо ў ранніх вершах паэта абазначыліся матывы, вобразы, якія сталі, па сутнасці, скразнымі ў яго творчасці, — гэта Радзіма, маці, песня, зямля, зерне, жыта, родная мова, вайна. З аднаго боку, гэта даволі традыцыйныя вобразы, а з другога — і дастаткова свежыя, бо на іх накладваюцца светаадчуванне мастака, пэўны гістарычны час. Зборнікі «Хвіліна святла: выбранае» (2000, 2003), «На азёрах сініх» (2000), «Доля Русь наша Белая» (2007), «Зарніцы дзяцінства» (2014) сталі падсумаваннем зробленага паэтам за палову стагоддзя.

Маральная праблематыка закранаецца літаральна ў кожным вершы творцы. Уладзімір Карызна ўжо ў адным з першых зборнікаў вызначыў падмурак, на якім грунтуецца яго творчасць, — любоў да роднай зямлі. Малая радзіма акрыляе яго, надае вышыню паэтычным думкам, надзяляе духоўнасцю памкненні лірычнага героя. Геаграфічная лакальнасць, прывязанасць да мясцін маленства, уласцівая шматлікім творам пісьменніка, не пазбаўляе вершы эпічнай маштабнасці і агульназначнасці: асабісты клопат пашыраецца да агульначалавечых праблем, праз лірычнае перажыванне адбываецца выхад на быційны ўзровень.

Адной з галоўных тэм творчасці мастака з’яўляецца экалагічная, цесна знітаваная з праблемай духоўнай экалогіі («Вёска»):

Як быццам выйшаў з бамбасховішча
І пазіраю на сяло —
Якое страшнае пабоішча
Тут пракацілася-прайшло.
Раку спрамілі — як забілі.
Балотцы знішчылі, лугі.
Калісьці белыя кругі
Буслы над вербамі рабілі!
Зямля ад хіміі злюцела.
Не пахне мёдам у вуллі.
І дзе ж ты моладзь, вёска, дзела?
Кругі,
         кругі,
                 кругі пайшлі...

Праз усе зборнікі паэт паступова і мэтанакіравана праводзіць думку пра ўзаемазалежнасць і ўзаемаабумоўленасць стану прыроды і стану душы чалавека. Мастак глядзіць на свет не як на нешта адасобленае, вонкавае, чужое, а ўсведамляе сябе яго часцінкай, і прырода давяраецца лірычнаму герою, раскрывае яму свае таямніцы («Цішы бор не знае...», «Чырванее каліна», «Лад»).

Клопат пра матчыну мову і песню, жывое беларускае слова як адзін з галоўных кампанентаў нацыянальнай культуры становіцца адным з матываў паэтычнай творчасці У. Карызны («Калі захварэю...», «Родная песня», «Прысвячэнне песні», «Санет», «Пра родную мову» і інш.). Праблема захавання роднай мовы і самога народа — цэнтральная ў вершы «Пра родную мову». Аўтар выступае супраць бязмоўнасці беларусаў.

Скразной для паэта тэмай, як і ўвогуле для прадстаўнікоў філалагічнага пакалення, становіцца тэма Вялікай Айчыннай вайны. У большасці твораў на гэту тэму адчуваецца ўплыў традыцый вуснай народнай творчасці. У так званым песенна-лірычным ключы створаны вершы «Балада Буйніцкага поля», «Зялёнае шкельца», «Мы родам з вайны», «Гуляюць дзеці» і інш. Побач з чыста лірычнымі творамі на тэму няскончанай вайны сустракаем у паэта нямала вершаў, ускладненых эпічнымі рысамі, якія па сваёй сюжэтнай аб’ёмнасці набліжаюцца да ліра-эпічнага жанру балады.

Філасофская лірыка прадстаўлена ў творчасці У. Карызны не так шырока, яе аснову складаюць пакуты i перажываннi сумленнага чалавека, якi бачыць, як драбнеюць людзi («Памяркоўнасць», «Сляды», «Блізарукасць», «Чалавечы гнеў» і інш.):

Хлопцы,
          навошта
                     паласа адчужэння
Сэрцу ад сэрца
<...>
Навошта вятры зласлівасці
<...>
Навошта лёд
Вуснам жывым
<...>
Навошта ўсё гэта,
Калі жыццё такое кароткае,
Калі ўсё роўна
Будзе іначай...

Інтымная лірыка У. Карызны поўніцца багаццем традыцыйнай вобразнасці і сімволікі:

Ты — летняе сонца
У небе маім,
Я ж толькі маўклівы
Сланечнік пад ім.
Лаўлю кожным зернеткам
Лецейка міг.
Ты свеціш, я спею —
І мы ўдваіх.

Каханая паўстае ў вершах пісьменніка ўзнёслай, узвышанай, яна надае сэнс жыццю, адорвае лірычнага героя сваёй надзвычайнай пяшчотай і цеплынёй, арганічна спалучае ў вобразе адзнакі нябеснай і зямной прыгажосці.

Пласт песеннай лірыкі У. Карызны вельмі шырокі і па-мастацку дасканалы, яго творы карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў слухачоў, але і ў кампазітараў, творчы тандэм з сынам стаў своеасаблівай візітоўкай пісьменніка. Песні У. Карызны «Беларусь мая сінявокая», «Люблю цябе, Белая Русь», «Журавінка», «Паверце, дзеванькі» і многія іншыя заснаваны на народных мелодыях, жывой душы народа і прыроды. Дасканаласць многіх песень уражвае і бярэ ў палон сваёй прыгажосцю і меладычнасцю, суразмернасцю радкоў і рытмічнай арганізацыяй тэксту:

Неба чыстае і глыбокае,
І бярозавы ціхі гай —
Беларусь мая сінявокая,
Беларусь мая, родны край.

Музычная аснова ў лiрыцы паэта даведзена да незвычайна высокага ўзроўню, амаль кожны без выключэння твор — мелодыя яго душы, радасная або сумная, пяшчотная або трывожная, якая пачынаецца з першых слоў, мацнее, уздымаецца ўгору i рассыпаецца чароўнымi гукамi.

Творчасць Алеся Пісьмянкова (1957—2004) непарыўна звязана з яго радзімай (усходняй Магілёўшчынай, рэчкай Бесядзь), якая падарыла нацыянальнай літаратуры А. Куляшова.

Аляксандр Уладзіміравіч нарадзіўся 25 лютага 1957 года ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і служачых. З 1964 года вучыўся ў Бялынкавіцкай сярэдняй школе. У 1974—1975 гадах працаваў карэспандэнтам касцюковіцкай раённай газеты «Сцяг камунізму». У 1975 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1980 годзе. З 1980 па 1982 год працаваў карэспандэнтам у аддзеле крытыкі і бібліяграфіі газеты «Літаратура і мастацтва». З 1982 года займаў пасаду рэдактара аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». У 1990 годзе быў абраны намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, затым быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». З 1999 па 2002 год з’яўляўся галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 2002—2004 гадах працаваў у рэдакцыі часопіса «Вожык». Дэбютаваў вершам у 1972 годзе ў раённай газеце «Сцяг камунізму».

Алесь Пісьмянкоў — лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1988; за кнігу лірыкі «Чытаю зоры»), Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1998; за кнігу «Вершы»), прэміі «Залаты апостраф» (2004, пасмяротна).

Зборнікі паэта «Планіда» (1994), «Вершы» (1997), «Журавель над студняй» (1998, выбранае), «Я не памру, пакуль люблю» (2000, выбранае) сталі ўзорамі яскравай пейзажнай лірыкі.

Пейзажныя вершы А. Пісьмянкова характарызуюцца выкарыстаннем светла-празрыстай, пастэльнай колеравай палітры і песеннай рытміка-інтанацыйнай арганізацыяй, уласцівай народнай песні:

Ты адбі мне тэлеграму,
Што ў нашай старане
Ў ціхай вёсцы
Белы Камень
Выпаў белы-белы снег.

Вёсак многа. Ёсць другія.
Ў вёсках нашы карані.
У мяне не настальгія —
Проста сум па чысціні.

Паказальны ў гэтых адносінах верш «Краявід»:

Малюнак някідкі
Уздрыгнуць прымусіў:
Над рэчкай — ракітнік.
На поплаве — бусел.

І — хата ў бярозах
На самым узгор’і...
І слёзы, і слёзы
Казычуць у горле.

Паэт захапляецца першароднай чысцінёй Белай Русі, якая зіхаціць святлом, напоўнена незвычайнай і ўрачыстай цішынёй у прадчуванні цуду або свята («Як гэта хораша — юнацтва…», «Калядныя строфы», «Міколава вада», «Чыстае» і інш.). Менавіта гэта святочна-непаўторнае асяроддзе спрыяе ператварэнню кожнага чалавека ў паэта:

І ў гэтай чуйнай цішыні,
Якую лёс яшчэ даў зведаць,
Вялікі грэх не быць паэтам,
Вялікі грэх…

Любімым колерам А. Пісьмянкова, напэўна, з’яўляецца жоўты (сонечны, залацісты). І гэта невыпадкова: праз выкарыстанне падобнай колеравай гамы паэт звяртаецца да цэнтральнага, знакавага для ўсіх беларусаў вобраза жыта як сімвала не толькі дабрабыту, але і жыцця, вечнасці, неўміручасці, адраджэння, вяртання да першаасноў быцця:

Я зведаў нямала дарог
І ўсе палюбіў іх нібыта,
Але без адной бы не змог —
Дарогі
         праз
                жыта.

Адметнасцю паэтычнага стылю А. Пісьмянкова з’яўляюцца лаканічнасць, уважлівае стаўленне да кожнага слова, якое павінна быць шматзначным і выклікаць у чытачоў разнастайныя вобразы і асацыяцыі. Адным з лепшых твораў, напісаных па прынцыпе «як мага карацей і як мага больш поўна» (Т. Сільман), з’яўляецца верш «Шараю гадзінай», пабудаваны на супрацьпастаўленні, выкарыстанні антонімаў, які выяўляе роздум паэта аб светабудове:

Дaлёкae
            i блiзкae,
Bыcoкae
             i нiзкae,
Спaкoйнae
             i тлyмнae,
Bяcёлae
             i дyмнae,
Пяшчoтнae
             i гpyбae,
Нялюбae
            i любae...

Алесь Пісьмянкоў стварыў таксама выдатную галерэю вобразаў гістарычных асоб, прычым яго цікавілі не толькі знакамітыя персанажы («Дума Вітаўта», «Насовіч, 1870», «Кастусь і Марыся»), але і простыя, звычайныя людзі — нашы продкі.

Талент паэта бліскуча выявіўся і ў кнігах для дзяцей, адрасаваных сынам. Вершы са зборнікаў «Заўзятары» (1993), «Ласуны-веселуны» (1997), «Мы з братам» (2003) адрозніваюцца ненавязлівай мудрасцю і лёгкай павучальнасцю, гумарам, яркімі прыроднымі малюнкамі і запамінальнымі дзіцячымі вобразамі, узрост і этапы сталення якіх часта супадаюць з жыццём дзяцей паэта.

Майстрам пейзажнай лірыкі з’яўляецца Мікола Маляўка (нар. у 1941). Мікалай Аляксандравіч нарадзіўся 13 снежня ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы (1958) два гады працаваў на лесанарыхтоўках у Карэліі. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ (1960—1965) працаваў настаўнікам у Воранаўскім і Крупскім раёнах. Пасля службы ў арміі ў другой палове 1960-х гадоў працаваў у рэдакцыі нясвіжскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», старшым рэдактарам на Беларускім радыё. З 1969 года працаваў у Міністэрстве культуры БССР, а з 1976-га — старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1980 года 30 гадоў працаваў у часопісе «Вясёлка».

Мікола Маляўка з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1992; за кнігу «Зімні дождж»), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1997; за кнігу «Ручнік на крыжы»), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура» (2002; за кнігу «Сядзіба, або Хата з матчынай душою»), Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2012; за кнігу «Коласаў абярэг»), Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2020; за зборнік вершаў «Сланечнік» (2019)) і інш.

Пра плённую працу аўтара ў апошні час сведчыць з’яўленне шматлікіх паэтычных зборнікаў: «Зімні дождж» (1991), «Ручнічок на крыжы» (1995), «Покуць» (2001), «Сядзіба, або Хата з матчынай душою» (2002), «Старая зямля» (2005), «Ой, бярозы і сосны…» (2006), «Дзічка ў полі» (2007), «Крыштальная галінка снегападу» (2011), «Беражыце шыпшыну» (2013), «Старая зямля: санеты, спавітыя дзеразой» (2014). Паэт вольна і свабодна выкарыстоўвае разнастайныя жанры і жанравыя формы (балада, элегія, ода, санет, прысвячэнне, верлібр, песня і інш.), напаўняючы іх новым сучасным зместам, разважае пра лёс бацькоўскай зямлі, паэтызуе каханне і жанчыну, клапоціцца пра лёс роднай мовы. Радкі паэта гучаць шчыра і натуральна, нязмушана ўспрымаюцца чытачом, у свядомасці якога паўстае рамантычны вобраз лірычнага героя-шукальніка, падобнага да вандроўнікаў эпохі рамантызму:

Ёсць свет, схаваны ад чужых вачэй,
Ён у душы — куточак запаветны:
Там не сцюдзёна ад дажджу і ветру,
Там боль не джаліць, крыўда не пячэ,
Там не вянкі жалобныя яшчэ
Ляжаць на плітах, а жывыя кветкі
Цвітуць пад вокнамі, як шчасця сведкі, —
Пра будучае марыць там лягчэй.

Боль перажытага ў час Вялікай Айчыннай вайны не дае спакою паэту. Ён, як і яго аднагодкі (Ю. Свірка, Н. Гілевіч, У. Карызна, Я. Сіпакоў, В. Зуёнак), успрымае сябе «равеснікам вайны», што не магло не адлюстравацца ў яго вершах: «…ціхі гром напомніў мне, // Што я адтуль, з вайны далёкай… родам».

Прыметамі стылю паэта апошніх дзесяцігоддзяў стала ўзмацненне рэлігійна-хрысціянскіх матываў, тэмы Бога і веры, усведамленне вёскі як цэнтра духоўнага прыцягнення і памяці пра шчаслівае бесклапотнае дзяцінства і юнацтва, паэтызацыя малой радзімы, узмацненне чарнобыльскіх матываў нават у ХХІ стагоддзі («чарнобыльскі пастфактум», па словах А. Бельскага).

__________

1 Маста´цка-сінкрэты´чная — разнастайная ў стылёвых адносінах, якая ўключае адзнакі рамантычнай, лірыка-публіцыстычнай, філасофскай і іншых плыняў.