«Князь Вітаўт»

Сцвярджэнне ў творы галоўных каштоўнасцей на зямлі: любові, еднасці, згоды і міру

У драме «Князь Вітаўт» сцвярджаюцца гуманістычныя каштоўнасці. Любоў, на думку аўтара, павінна яднаць як асобных людзей, так і цэлыя народы. Гэту ідэю пацвярджаюць і міфалагічныя вобразы Купалы і беражніц. Яны хоць і з’яўляюцца паганскімі бажаствамі, але зусім не супярэчаць хрысціянскім нормам паводзін.

Купала — князёўна Жыцця — уплывае на свядомасць, пачуцці герояў, вяртае іх да сапраўдных вытокаў жыцця. Яна нагадвае людзям пра непрадказальнасць жыцця і пра важнейшыя каштоўнасці на зямлі: любоў, еднасць, згоду і мір.

              К у п а л а.

І будзе тое, што калісь было,
А што было на гэтым свеце — будзе.
Тры чары ўсе ад веку людзі п’юць,
Медзь, золата і срэбра баль свой правяць!
Хто родзіцца, той мусіць паміраць,
Памрэ ж затым, каб зноўку нарадзіцца.
Ўсё бурыцца, каб зноў нам будаваць,
Будуецца затым, каб разбурыцца.
Ты сёння плачаш, каб смяцца заўтра,
А потым зноўку будзеш слёзы ліць.
Вайна прыходзіць, каб чакалі міру,
А мір — чаканне новае вайны.
Замкнёны круг да часу, да пары,
Гараць, гараць купальскія кастры.

Да філасофскіх разваг пра дабрыню, літасць і міласэрнасць А. Дудараў далучыў анталагічныя высновы пра вяртанне да архаічных вытокаў жыцця, непрадказальнасць жыццёвай плыні, напрамак і канчатковая мэта якой схаваны ад людзей. Пры гэтым, як адзначае П. Васючэнка, выразна вызначаецца мяжа пошуку, якая пагражае апошняму безвыніковасцю і вымушае вярнуцца да раней адкрытых, але занядбаных каштоўнасцей.

У п’есе выразна гучыць ідэя адвечнага кругавароту, бачыцца мадэль цыклічнага развіцця гісторыі, што не пазбаўлена моманту непрадбачанасці.

Паводле п’есы «Князь Вітаўт» А. Дударава ў 1997 годзе пастаўлены спектакль Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы (рэжысёр Валерый Раеўскі, мастак Барыс Герлаван), а ў 2013 годзе — балет у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь (кампазітар Вячаслаў Кузняцоў, харэаграфія і пастаноўка Юрыя Траяна).