Навелы «Канон Гарыні», «Канон Школе», «Канон Маці»

«Канон Гарыні»

Пры аналізе некаторых канонаў патрэбна абавязкова ўлічваць, што думкі і меркаванні жыхароў гарадка, а таксама самога аўтара адносяцца да пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя.

З асаблівай пяшчотай, любоўю, нават з відавочным сыноўнім абавязкам напісаны «Канон Гарыні». Нельга ўявіць Давыд-Гарадок без Гарыні. Раку, адносіны да яе, лад жыцця местачкоўцаў пісьменнік паказаў праз вобраз рыбака, які сядзіць на носе лодкі з вудай і ціха разважае пра жыццё. «Вада, як і агонь, сваёй зменлівасцю падштурхоўвае да разваг», тым болей што ўспрымаецца яна жыхарамі гарадка як жывая істота: «Ракой не грэбуюць і не абагаўляюць яе, як дзе-небудзь, проста ставяцца паважна, як да старэйшай сястры».

Гарадчукі заўсёды прыстасоўваліся да жыцця з ракой, клапаціліся пра яе чысціню, не рабілі шкоды, хоць часта і цярпелі ад яе ў час разліваў: «От, неспакой. Жыві і заўсёды думай, коб вода не знесла. Знай, мерай бераг: ці з’ела яго вода?» Рака, па словах Г. Марчука, першай выхоўвае і «загартоўвае характар чалавека», не церпіць паказухі, не даруе дурноты. Сваімі радасцямі і турботамі людзі дзеляцца з Гарынню: «На Макавея, у дзень свята кветак, жанчыны кідаюць з моста адну-дзве кветкі з букеціка, які толькі што асвяцілі ў царкве. Плывуць гладыёлусы, бархоткі, бяссмертнікі, астры. Ціха прымае дары рака. Далёка плывуць кветкі, не тонуць... нібыта Млечны Шлях на шырокай сінявата-зеленаватай роўнядзі. Вербы, лозы, таполі, гледзячыся ў ваду, робяць яе зялёнай. Жанчыны з незвычайнымі, прасветленымі тварамі доўга з налётам суму глядзяць, як знікаюць удалечыні кветкі... сплываюць мары і надзеі, няспраўджанае шчасце...» «Ніхто з людзей не помніць, не засталося сведак, а рака памятае, як з яе лёду на Хрышчэнне выпілоўвалі вялікія крыжы, у якія ўстаўлялі свечкі. Таямнічы месяц у небе не так прыцягваў да сябе позіркі, як гэтыя крыжы, што свяціліся на лёдзе. Відавочна адчувалася тады боская сувязь зямлі і неба...»

Вада прымае дарункі людзей, памятае тых, хто любіць і цэніць яе. Каб пацвердзіць гэты тэзіс, пісьменнік прывёў выпадак, калі ў мястэчку памёр апошні дзевяностагадовы майстар, які адзін умеў рабіць давыд-гарадоцкія дубы-лодкі. Ніхто яго смерці не заўважыў. «Рака заўважыла. Яна без лодкі, як гарод без кветак. Такое адчуванне, што маторныя лодкі яе раздражняюць, а вясло яна сама лашчыць».

Рака стварыла для гарадчукоў свой адметны, толькі ім уласцівы лад жыцця, выпрацавала мясцовыя традыцыі, гульні, адносіны паміж людзьмі. Тут, напрыклад, спрытнымі майстрыхамі-рыбакамі з’яўляюцца жанчыны — магчыма, таму, што і сама Гарынь успрымаецца людзьмі ціхай гаспадыняй Давыд-Гарадка, сімвалам вечнага жыцця, памочніцай, таямніцай, райскай асалодай, доктарам, «які лечыць бясплатна, здымаючы нервовы стрэс». А яшчэ Гарынь — своеасаблівы гонар гарадчукоў, яны часам любяць пахваліцца: «А ў вас такой прыгожай ракі няма, як у нас».

Рака — гэта бясконцы, няспынны рух. Гэтым яна нагадвае час — вымяральнік жыцця. Можа, таму стары рыбак не спяшаецца ісці дахаты, а глядзіць на ваду, якая ў руху сваім забірае частку і яго жыцця: «Бяжыць рака, шуміць вада, нешта пяе па-свойму, не прасі яе, не пачакае, забярэ і знясе і твае гады». Праз раку, як бачым, гарадчук далучаецца да асэнсавання вечнага пытання пра сутнасць чалавечага жыцця. Ён прыходзіць да высновы, што жыць трэба ціха і спакойна, як рака, не шкодзіць людзям, але і сябе ў крыўду нікому не даваць.