Навелы «Канон Гарыні», «Канон Школе», «Канон Маці»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 11 клас |
Книга: | Навелы «Канон Гарыні», «Канон Школе», «Канон Маці» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 26 Декабрь 2024, 17:36 |
Уводзіны
Слова «канон» паходзіць ад грэчаскага kanon і перакладаецца на беларускую мову як «норма», «правіла». Згодна са «Слоўнікам іншамоўных слоў» А. М. Булыкі, яно мае два значэнні: 1) асноўнае правіла, палажэнне якога-небудзь напрамку, вучэння (напрыклад, царкоўныя каноны, каноны класіцызму); 2) тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай.
У дачыненні да мастацкай літаратуры гэта паняцце часта выкарыстоўваюць для характарыстыкі жанраў і жанравых форм: існуюць свабодныя і цвёрдыя (кананічныя) жанры і формы. Да апошніх адносяцца, напрыклад, санет, трыялет, рандо і інш. Літаратуразнавец Л. Іконнікава лічыць, што «канон не з’яўляецца жанрам літаратуры, а служыць паказчыкам мастацкай вартасці твора… У пераносным сэнсе канонам з’яўляецца ўсё тое, што дакладна і цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым. Зыходзячы з такой інтэрпрэтацыі, выкарыстанне пісьменнікам дадзенага слова ў назвах указвае на тое, што ў змест твораў уключаны пэўныя правілы і нормы паводзін чалавека».
Цыкл «Давыд-гарадоцкія каноны» Г. Марчука складаецца з дзесяці невялікіх ліра-эпічных навел са спавядальна-велічальным зместам. Яны прысвечаны роднай зямлі пісьменніка, людзям, якія на ёй жывуць. Давыд-Гарадок — унікальны куток Беларусі. Ён мае багатую гісторыю, размяшчаецца ў маляўнічым Палескім краі, там, дзе паўнаводная Гарынь зліваецца з прыгажуняй Прыпяццю. Тут жывуць вельмі працавітыя і таленавітыя людзі, якія з гонарам распавядаюць пра свой гарадок, увасабляюць яго краявіды ў мастацкіх творах, фільмах, жывапісных палотнах, песнях. У канонах Г. Марчук паспрабаваў паказаць унутраны свет сваіх землякоў, іх адносіны да традыцыйных, у пэўным сэнсе кананічных паняццяў, з’яў, прадметаў, звычаяў. Творцу прываблівае менталітэт жыхароў Давыд-Гарадка, характэрныя асаблівасці, якія вылучаюць гэтых людзей сярод іншых жыхароў Беларусі. Асэнсаваць гэтыя адметнасці ён паспрабаваў праз адносіны гарадчукоў да Бога, Гарыні, Хаты, Вуліцы, Агарода, Школы, Ветру, Базару, Часу, Маці. Словы-прысвячэнні пададзены пісьменнікам з вялікай літары — яны набываюць тым самым сэнсавую вызначальнасць у лёсе чалавека.
«Канон Гарыні»
Пры аналізе некаторых канонаў патрэбна абавязкова ўлічваць, што думкі і меркаванні жыхароў гарадка, а таксама самога аўтара адносяцца да пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя.
З асаблівай пяшчотай, любоўю, нават з відавочным сыноўнім абавязкам напісаны «Канон Гарыні». Нельга ўявіць Давыд-Гарадок без Гарыні. Раку, адносіны да яе, лад жыцця местачкоўцаў пісьменнік паказаў праз вобраз рыбака, які сядзіць на носе лодкі з вудай і ціха разважае пра жыццё. «Вада, як і агонь, сваёй зменлівасцю падштурхоўвае да разваг», тым болей што ўспрымаецца яна жыхарамі гарадка як жывая істота: «Ракой не грэбуюць і не абагаўляюць яе, як дзе-небудзь, проста ставяцца паважна, як да старэйшай сястры».
Гарадчукі заўсёды прыстасоўваліся да жыцця з ракой, клапаціліся пра яе чысціню, не рабілі шкоды, хоць часта і цярпелі ад яе ў час разліваў: «От, неспакой. Жыві і заўсёды думай, коб вода не знесла. Знай, мерай бераг: ці з’ела яго вода?» Рака, па словах Г. Марчука, першай выхоўвае і «загартоўвае характар чалавека», не церпіць паказухі, не даруе дурноты. Сваімі радасцямі і турботамі людзі дзеляцца з Гарынню: «На Макавея, у дзень свята кветак, жанчыны кідаюць з моста адну-дзве кветкі з букеціка, які толькі што асвяцілі ў царкве. Плывуць гладыёлусы, бархоткі, бяссмертнікі, астры. Ціха прымае дары рака. Далёка плывуць кветкі, не тонуць... нібыта Млечны Шлях на шырокай сінявата-зеленаватай роўнядзі. Вербы, лозы, таполі, гледзячыся ў ваду, робяць яе зялёнай. Жанчыны з незвычайнымі, прасветленымі тварамі доўга з налётам суму глядзяць, як знікаюць удалечыні кветкі... сплываюць мары і надзеі, няспраўджанае шчасце...» «Ніхто з людзей не помніць, не засталося сведак, а рака памятае, як з яе лёду на Хрышчэнне выпілоўвалі вялікія крыжы, у якія ўстаўлялі свечкі. Таямнічы месяц у небе не так прыцягваў да сябе позіркі, як гэтыя крыжы, што свяціліся на лёдзе. Відавочна адчувалася тады боская сувязь зямлі і неба...»
Вада прымае дарункі людзей, памятае тых, хто любіць і цэніць яе. Каб пацвердзіць гэты тэзіс, пісьменнік прывёў выпадак, калі ў мястэчку памёр апошні дзевяностагадовы майстар, які адзін умеў рабіць давыд-гарадоцкія дубы-лодкі. Ніхто яго смерці не заўважыў. «Рака заўважыла. Яна без лодкі, як гарод без кветак. Такое адчуванне, што маторныя лодкі яе раздражняюць, а вясло яна сама лашчыць».
Рака стварыла для гарадчукоў свой адметны, толькі ім уласцівы лад жыцця, выпрацавала мясцовыя традыцыі, гульні, адносіны паміж людзьмі. Тут, напрыклад, спрытнымі майстрыхамі-рыбакамі з’яўляюцца жанчыны — магчыма, таму, што і сама Гарынь успрымаецца людзьмі ціхай гаспадыняй Давыд-Гарадка, сімвалам вечнага жыцця, памочніцай, таямніцай, райскай асалодай, доктарам, «які лечыць бясплатна, здымаючы нервовы стрэс». А яшчэ Гарынь — своеасаблівы гонар гарадчукоў, яны часам любяць пахваліцца: «А ў вас такой прыгожай ракі няма, як у нас».
Рака — гэта бясконцы, няспынны рух. Гэтым яна нагадвае час — вымяральнік жыцця. Можа, таму стары рыбак не спяшаецца ісці дахаты, а глядзіць на ваду, якая ў руху сваім забірае частку і яго жыцця: «Бяжыць рака, шуміць вада, нешта пяе па-свойму, не прасі яе, не пачакае, забярэ і знясе і твае гады». Праз раку, як бачым, гарадчук далучаецца да асэнсавання вечнага пытання пра сутнасць чалавечага жыцця. Ён прыходзіць да высновы, што жыць трэба ціха і спакойна, як рака, не шкодзіць людзям, але і сябе ў крыўду нікому не даваць.
«Канон Школе»
Школа ў дадзеным каноне Г. Марчука паказваецца не проста як навучальная ўстанова, а як адзін з галоўных шляхоў і этапаў фарміравання людзей маладога пакалення ва ўмовах давыд-гарадоцкай ментальнасці. Нават настаўнікі, якія прыехалі з усходняй часткі Беларусі, асіміляваліся ў местачкоўскім асяроддзі, прынялі звычаі, мову, прыстасаваліся да адметнага ўкладу жыцця гарадчукоў. Ім палюбіўся гэты край, і яны назаўсёды звязалі з ім сваё жыццё.
Школа, у адрозненне ад вуліцы, прыкметна абмяжоўвае свабоду дзяцей, падпарадкоўвае яе «дысцыпліне і абавязкам». Многія вучні-гарадчукі, па назіраннях Г. Марчука, адносяцца да школы даволі нейтральна: «Хадзіць па веды яшчэ не ходзяць, не разумеюць, што веды палягчаюць жыццё, бо, як вучаць бацькі, — грашыма палягчаюць жыццё і толькі імі. Ідуць, каб атрымаць адзнаку па прадмеце, каб быць усім разам у школе, на танцах, на ўборцы бульбы, буракоў, кукурузы альбо на святочнай дэманстрацыі, на канцэрце. Бацькам спакайней, калі дзеці ў школе. Першая работа, хоць і грошай не плацяць». Як бачым, школа ва ўспрыманні местачкоўцаў даволі ліберальная ўстанова: ёсць жаданне і здольнасці — вучыся, «ніхто за вушы ў выдатнікі не цягне».
Школа — гэта вялікі перыяд жыцця, у які фарміруецца характар чалавека, складваюцца яго стасункі з людзьмі, з’яўляюцца сябры, нараджаецца першае каханне: «Адны пераходзілі з класа ў клас у чаканні новага адкрыцця свету, іншыя — у чаканні першага пацалунка. Але каб не на людзях. Барані божа. З заплюшчанымі вачыма. У напалову цёмным калідоры…»
У каноне Г. Марчук правёў паралель паміж школай і царквой, кожная з іх па-свойму вучыць чалавека ставіцца да свету: адна са свецкіх, другая з рэлігійных пазіцый. Дзеці гарадчукоў па прыкладзе сваіх бацькоў ніколі не спрачаліся ні з адной, ні з другой пазіцыяй. Яны прымалі гэта як спрэчку дзвюх ідэалогій, а сябе адасаблялі ад яе: «У царкве што — натхняюць тых, хто ўпаў духам, настаўляюць на шлях дабрадзейнасці. Гарадчукі не наіўныя, але сентыментальныя. Што ёсць, то ёсць. У школе, неўпрыкмет сталеючы, увесь час круцішся вакол прывычкі да працы і вакол стрыжня прыстойнасці. Паміж сабой царква і школа тут не спрачаюцца. Усе дзеці хрышчоныя, дома ўсе вераць у Бога, а ў школе робяць выгляд, што згодны з гісторыкам-атэістам».
Пісьменнік у творы размяжоўваў школу як навучальную ўстанову і як школу жыцця.
Школьныя гады заканчваюцца апошнім званком, выпускным вечарам і сустрэчай узыходу сонца — сімвала новага дня, новага этапу надзей на шчаслівае будучае. Усе выпускнікі Давыд-Гарадка сустракаюцца на Царкоўнай гары — месцы, дзе заснаваўся старажытны горад, адкуль яны, маладыя нашчадкі былых пакаленняў, уступаюць у самастойнае жыццё.
Школа жыцця суправаджае чалавека на працягу ўсяго яго існавання, у якім кожны набывае вопыт, мудрасць, на падставе чаго можа ацэньваць само жыццё, асэнсоўваць яго існасць: «Дык які сэнс жыцця? — пытае вулічны філосаф… — А Бог яго ведае. — То паслухай, скажу. Расце дрэва. А навошта? На зіму спілавалі, нарэзалі дроў, дровы далі дым, дым пайшоў у неба і там з іншымі дымамі ўтварыў хмару. Праліўся дождж. З зямлі з зярнятка вырастае новае дрэва, падобнае на тое, што спілавалі. І яго спілуюць, і яно дасць дым. І так бясконца. Дрэва расце, каб яго спілавалі». У гэтым простым народным разуменні жыцця заўважаецца паралель з коласаўскім «Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць».
«Канон Маці»
«Канон Маці» завяршае нізку «Давыд-гарадоцкіх канонаў». Гэта лірычны маналог пісьменніка да сваёй маці. Сыну хочацца, каб маці вярнулася да яго і, як некалі, запыталася пра здароўе, сям’ю, родных, хату, Давыд-Гарадок... Сын дае адказ на ўсе меркаваныя пытанні маці: «Нашых і не паменшала, і не пабольшала. На месца тых, хто пайшоў за табой, прыйшлі, дзякаваць Богу, новыя сваякі. <…> Сябровачкі-аднагодкі твае ўсе паўміралі, а мае аднакласніцы ўсе пайшлі на пенсію. Хаты няма. На нашым пляцы чужыя людзі збудавалі камяніцу».
Георгій Марчук не мінуў у маналогу магчымасці расказаць і пра значныя, і пра дробныя падзеі Давыд-Гарадка: пра яго 900-гадовы юбілей, пра помнік Давыду, пра тое, што людзі сталі меней дзяцей нараджаць, што ўсе па-ранейшаму гандлююць насеннем і агуркамі. Некалькі слоў аўтар канона гаворыць пра сябе: «Ты сварылася: “Не прыдумляй, сынок, кажы праўду...” А я прыдумляў і стаў пісьменнікам. У творах малюю твой партрэт і пішу твой характар, даруй». Георгій Марчук дзякаваў маці за тое, што дала яму жыццё, што некалі ўзяла за руку і павяла знаёміць з малой радзімай: «Паказала вуліцы, царкву, вадзіла... у школу, на старым-старым цвінтары паказала магілы продкаў».
Найбольшая падзяка чалавеку — добрая памяць пра яго. У навеле сын звяртаецца да маці на яе мове — матчынай мове. Гэта надае твору асаблівы лірызм, падкрэслівае шчырасць і цеплыню пачуццяў: «Мамо, не було і дня, коб я не ўспамінаў цябе».
Наступная частка канона напісана ў форме запавету: пісьменнік жадае знайсці свой вечны спачын у родным краі, там, дзе яму знаёма ўсё да драбніц: «Хачу... каб палажылі ў роднай зямельцы на старэнькіх могілках, якія маўкліва ахоўваюць продкі: жвавы дзед, сціплая бабуля, ласкавая маці, працавітыя дзядзькі ды ўвішныя цёткі...» Празаік не проста выказаў жаданне быць пахаваным на радзіме — ён абгрунтаваў прычыну такога выбару: хацеў, каб над яго магілай усё так жа, як і пры ім, віравала жыццё, каб «побач спяшаліся дзеткі ў школу, каб грукацеў воз па бруку... <…> Хачу, каб лашчыў, лятаў... даўка-прыемны пах чаромхі і густы пах бэзу. <…> Толькі тут, у родным мястэчку, ціша будзе не палохаць, а лашчыць раўнавагай і спакоем...»
Светлы вобраз маці адводзіць ад сына журботныя думкі: «Так, сынок, не памірай. На зямлі столькі добрага, прыгожага, столькі любові разліта, што не паспяваеш наталіць душу і напалову».
«Давыд-гарадоцкія каноны» ўспрымаюцца як адзіны мастацкі твор, у якім спалучаецца аўтарская фантазія і рэальнасць, у якім праз найбольш значныя вобразы, дэталі, краявіды малюецца цэласная карціна жыцця маленькага палескага гарадка, часткі нашай вялікай агульнай Радзімы, імя якой — Беларусь.
Пытанні
1. Чаму Г. Марчук цыкл сваіх навел назваў «Давыд-гарадоцкія каноны»? | |
2. На якіх адметнасцях Давыд-Гарадка пісьменнік сканцэнтраваў сваю ўвагу? | |
3. Якія мастацкія тропы выкарыстаў аўтар для стварэння вобраза Гарыні? | |
4. Чаму менавіта «Канонам Маці» Г. Марчук завяршыў сваю нізку навел? Акрэсліце мастацкія асаблівасці твора. | |
5. Падрыхтуйце свой варыянт «Канона Маці», «Канона Школе». | |
6. У чым адметнасць жанру, якому аўтар даў азначэнне «канон»? | |
7. Ацаніце ўклад пісьменніка ў распрацоўку палескай тэматыкі. Падрыхтуйце паведамленне «Традыцыйнае і наватарскае ў асэнсаванні тэмы Палесся ў творчасці Г. Марчука». | |
8. Паглядзіце фільм «Ліст да Феліні» (2006, рэжысёр Дзмітрый Зайцаў, сцэнарыст Георгій Марчук) і напішыце водгук на яго. | |