Аляксандр Разанаў

Біяграфія

Верш значны не гукам, які чуваць, пакуль верш чытаецца, а сваім рэхам, якое ён утварае, калі адгучыць.

А. Разанаў.

Імя Алеся Разанава з’яўляецца адметным сімвалам сучаснай беларускай паэзіі, паказчыкам яе высокага ўзроўню развіцця, узорам няспынных пошукаў глыбокай змястоўнасці і фармальнай арыгінальнасці. Алесь Разанаў узмацніў інтэлектуальна-філасофскую накіраванасць нашай паэзіі, узбагаціў яе жанрава-відавую разнастайнасць, садзейнічаў уключэнню нацыянальнага прыгожага пісьменства ў сучасны сусветны літаратурны працэс.

Аляксандр Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1947 годзе. Бацька Алеся, былы партызан, вязень нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў, быў адораным ад прыроды чалавекам — ён пісаў вершы. Маці працавала сельскім фельчарам.

Схільнасць да паэтычнай творчасці ў хлопчыка праявілася вельмі рана. З шостага класа ён пачаў друкавацца ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк камунізму» і ў рэспубліканскім часопісе «Бярозка».

У студзені 1966 года вершы А. Разанава былі надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва». Пра аўтара паведамлялася, што ён вучыцца ў школе. «Але што гэта былі за вершы! — захапляўся літаратурны крытык Варлен Бечык. — Проста не верылася: адкуль у паэта-пачаткоўца такія ўпэўненасць і напорнасць, нацэленасць на адкрыццё і пошук, выразнасць і спеласць слова?» Неўзабаве Алесь стаў членам літаратурнай суполкі «Крыніца», што існавала пры раённай газеце. Сябрамі гэтага згуртавання ў розны час былі Ніна Мацяш, Анатоль Казловіч, Раіса Баравікова і інш. Наведваў хлопчык і пасяджэнні літаратурнага аб’яднання «Заранка» пры абласной газеце «Зара», якім кіраваў вядомы літаратуразнавец У. Калеснік. Дзякуючы яму вучань дзявятага класа А. Разанаў прыняў удзел у традыцыйным рэспубліканскім семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах. Гэта паспрыяла таму, што ў студзені 1966 года вялікая падборка вершаў маладога паэта была надрукавана ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Выбар жыццёвага шляху не выклікаў у Алеся асаблівых роздумаў. Пасля заканчэння з сярэбраным медалём Сялецкай сярэдняй школы юнак паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыць вядучую навучальную ўстанову рэспублікі А. Разанаву не давялося: зімой 1969 года ён быў адлічаны з універсітэта за падрыхтоўку калектыўнага звароту да кіраўніцтва краіны з просьбай дазволіць выкладаць дысцыпліны на беларускім аддзяленні на роднай мове.

Дзякуючы намаганням народнага паэта Максіма Танка, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, А. Разанаву дазволілі працягнуць вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Гэты час Алесь Сцяпанавіч згадваў з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю сябрам-паэтам і выкладчыкам: «Тут зноў са мною загаварылі далячыні, тут зноў свет стаў блізкі. Адчуваючы сяброўскую ўвагу сваіх новых знаёмых і самога У. Калесніка, з думкай якога лічыліся і берасцейскія ўлады, я зноў станавіўся творцам, што мог не асцерагацца сваіх памкненняў і парыванняў». У 1970 годзе юнак скончыў Брэсцкі педінстытут і паехаў настаўнічаць у Кругельскую сярэднюю школу Камянецкага раёна. Год працы ў Кругелі быў надзвычай плённым: дзякуючы настаўніку да мастацкай творчасці далучыліся многія вучні, якія ўтварылі літаратурную суполку, выпускалі насценную газету.

У гэтым жа годзе ў А. Разанава выйшла кніга паэзіі «Адраджэнне». Над гэтай кнігай добра «папрацавалі» рэдактары-рупліўцы, якія ўнеслі змены ў яе змест і назву. Першапачаткова зборнік меў назву «Адрачэнне». Сам паэт пра гэта гаворыць: «Тут адбылася пэўная транскрыпцыя. Назва зборніка мела на ўвазе іншае — адрачэнне. Адрачэнне ад таго, што мне не падабалася, прымушала хадзіць па нейкіх кругах і абмяжоўвала жаданне думаць, разумець...» Некалькі твораў не ўвайшлі ў кніжку, частка была скарочана. Але нават і ў адрэдагаваным варыянце яго першы зборнік атрымаў высокую ацэнку чытачоў і крытыкаў. Яны адзначылі наватарскі характар паэта, асаблівасці яго творчага пісьма, арыгінальнасць строфікі, вершаванай рытмікі. Гэта якраз тыя адметныя дамінанты, якія ў далейшай творчасці мастака слова сталі развівацца і прывялі да стварэння ўласнага паэтычнага стылю А. Разанава.

Пасля службы ў арміі ў 1971—1972 гадах А. Разанаў пераехаў у Мінск, стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР і працаваў у розных выданнях: спачатку ў газеце «Літаратура і мастацтва», потым у часопісе «Родная прырода». Неўзабаве Алесь Сцяпанавіч едзе ў Літву, дзе вывучае мову гэтага народа; займаецца перакладамі з многіх славянскіх і іншых еўрапейскіх моў: нямецкай, латышскай, грузінскай; складае і выдае некалькі анталогій замежнай паэзіі.

Пункціры — невялікія (часцей 4-6 радкоў) лірычныя мініяцюры, заснаваныя на перадачы адной думкі, фіксацыі аднаго пачуцця.

З 1974 па 1990 год А. Разанаў працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». У 1974 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі А. Разанава, назву якому дала змешчаная ў ім паэма «Назаўжды». Акрамя традыцыйных для аўтара інтэлектуальна-філасофскіх, грамадзянска-патрыятычных вершаў, у пункціры. Паэма «Назаўжды» таксама выдзяляецца з традыцыйных жанравых ім ёсць  канонаў: яна складаецца з трынаццаці частак, напісаных рознапамерным сілаба-танічным вершам. Вершаваная форма чаргуецца ў ёй з празаічнай.

У 1976 годзе паэт выдаў зборнік з чатырнаццаці паэм «Каардынаты быцця». Кніга была ў многім наватарскай для тагачаснай беларускай паэзіі — як у плане формы, так і ў плане зместу.

Версэт (ад фр. verset) — невялікі твор, паэтычны па змесце і празаічны па форме выяўлення гэтага зместу. У ім няма вершаванага рытму, метра і рыфмы.

Квантэмы — вершы-медытацыі, у якіх «імпульс, квант паэтычнай энергіі» (Я. Гарадніцкі). У квантэмах
няма звязанасці, прычынна-выніковай сувязі. Паміж сказамі часта адсутнічаюць знакі прыпынку, страчаны межы паміж лагічна завершанымі кавалкамі тэксту. Ствараецца ўражанне, што словы раскіданы, існуюць паасобку.

Аўтар здолеў з дапамогай асацыятыўна-вобразнага пісьма стварыць у паэмах непаўторны мастацкі свет, які першапачаткова быў не вельмі прыязна прыняты крытыкамі: яны ўбачылі ў пошуках А. Разанава ўплыў еўрапейскага мадэрнізму. 

В. Бечык, аналізуючы творы А. Разанава, пісаў, што яны «вымагаюць не аднаго прачытання. Пры новым “заходе” ў іх адкрываюцца новыя ўнутраныя сувязі, пашыраецца і паглыбляецца наша ўяўленне аб тым, што хацеў сказаць і што сказаў паэт».

З вялікімі цяжкасцямі ў 1981 годзе А. Разанаў надрукаваў кнігу «Шлях-360». Яе выхаду спрыялі ЦК КПБ, У. Караткевіч, П. Панчанка, В. Бечык. Кніга была наватарскай па стылістыцы і праблематыцы, форме і структуры. Яна яшчэ раз пацвердзіла высокі арыгінальны талент яе аўтара, імкненне да пошукаў зместу і формы творчасці. «Шлях-360» — гэта спроба ўсёахопнага, цэласнага асэнсавання чалавечага існавання сродкамі мастацкай літаратуры. Зборнік складаецца з дзевяці раздзелаў, кожны з якіх уключае паэму, два вершы і дзве квантэмы — новы жанр, упершыню выкарыстаны ў нацыянальным мастацтве слова. На думку У. Калесніка, квантэму трэба «разглядаць як адзінку славеснай інфармацыі і як узбуджальнік эстэтычнага хвалявання, эмацыянальна духоўнай актыўнасці».

Кніга «Шлях-360» садзейнічала актуалізацыі ў нашай паэзіі свабоднага верша, пашырэнню працэсу эксперыментатарства з формай і зместам.

Зборнік «Вастрыё стралы», які ўбачыў свет у 1988 годзе, таксама стаў знакавым у нашай паэзіі. Алесь Разанаў у 1990 годзе атрымаў за яго Дзяржаўную прэмію БССР імя Янкі Купалы. У кнігу ўвайшлі версэты, пункціры і квантэмы. Версэты, як адзначана ў анатацыі да зборніка, па сваім характары блізкія да балад і прытчаў.

Яны спалучаюць у сабе апавядальную інтанацыю і філасофскую афарыстычнасць, сюжэтнае развіццё і роздум, рэальнасць і магію фантазіі. У кнізе аўтар па-іншаму асэнсаваў навакольны свет: ён назіраў за ім, прыстасоўваў яго да самога сябе, надаваў пэўным рэчам і з’явам чалавечыя ўласцівасці:

На маёй дарозе ўзгоркі і ўпадзіны.
Але гэта м а я дарога: яна рухаецца,
яна разважае, яна размаўляе,
яна ўдакладняе маю хаду.

Стылістыка кнігі «Вастрыё стралы», у прыватнасці яе «рэчыўная вобразнасць», знайшла сваё развіццё ў зборніку «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992). Ён складаецца з пункціраў і вершаказаў. У вершаказах праявілася лінгвістычнае чуццё А. Разанава: ён праз аналіз марфалагічнай, фанетычнай, граматычнай спецыфікі слова «разгадваў» яго лексічны сэнс, расказваў яго гісторыю. Слова, на думку паэта, гаворыць само за сябе, а задача аўтара — пачуць яго мову і агучыць яе чытачам. Як слушна заўважыла Ганна Кісліцына, «значэнне надаецца не проста слову, якое само па сабе ўтварае вобраз, але і яго складнікам — у вершаказах фанетыка становіцца паэтыкай».

Праца над словам працягваецца ў наступнай кнізе А. Разанава — «Паляванне ў райскай даліне», якая выйшла ў 1995 годзе. Паэт змясціў у ёй версэты, паэмы, пункціры, вершаказы, пераклады твораў рускага паэта Вяліміра Хлебнікава, зномы. Зномы сам аўтар называе «паэтычнай філасофіяй» у адрозненне ад філасофскай паэзіі. Назва «зном» вытворная ад слова «зно», сэнс якога А. Разанаў тлумачыць наступным чынам: «Зно — гэта мысліцельная рэчаіснасць», якая нараджаецца ў выніку інтэлектуальнага супрацоўніцтва «таго, хто спазнае» (мысліць), і таго, што спазнаецца (аб’екта мыслення)».

У 1994 годзе А. Разанаў разам з групай сяброў стварыў культуралагічны часопіс «Крыніца». У 2001 годзе паэт па запрашэнні Міжнароднага парламента пісьменнікаў паехаў у Германію, дзе актыўна працягваў сваю творчую дзейнасць, у тым ліку і на замежных мовах. У яго выходзяць кнігі «Рэчаіснасць» (1998), «Танец з вужакамі» (1999), «Гліна. Камень. Жалеза» (2000) і інш.

У пачатку двухтысячных гадоў А. Разанаў выдаў цэлую серыю сваіх кніг: «Кніга ўзнаўленняў» (2005), «Лясная дарога: версэты» (2005), «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць: паэмы» (2006) і інш. Сёння паэт жыве і працуе ў Мінску, працягвае актыўна займацца літаратурнай творчасцю.