«Дзівак з Ганчарнай вуліцы»

Паэтызацыя гуманістычных каштоўнасцей, гармонія чалавека і прыроды

Асабістае гора не здолела зламаць старога лесніка. Толькі ў разняволенні птушак Дземідзёнак знаходзіў душэўнае заспакаенне. У такія хвіліны ён перажываў рэдкія імгненні радасці: «Я загледзеўся на гэтае ціхае хараство прыроды і не заўважыў, як неспадзявана перамяніўся Дземідзёнак. Стары раптам выпрастаўся, памаладзеў, і ўжо ад таго, ранейшага, Дземідзёнка нічога не засталося. Ён з нейкім не па гадах дзіцячым захапленнем пазіраў услед сваім птушкам, якія, трапечучы крыламі, пырхалі з клеткі, і твар яго ўвесь свяціўся. Нарэшце я ўбачыў чалавека, які перажываў вялікую радасць...

Разняволенне птушак стала для былога лесніка сэнсам жыцця, таму ён аддаваў на гэта ўсю пенсію. Трымаць у руках птушку для яго было самым вялікім задавальненнем: «Клетку з вераб’ямі... ён ледзь не прыціскаў да грудзей, быццам чалавек баяўся, што вось-вось падыдзе хто-небудзь і не падумае, адбярэ іх у яго».

Дземідзёнак не мог не здагадвацца, што людзі карыстаюцца яго дабрынёй і выманьваюць грошы. Аднак яго гэта не турбавала. Прымаючы правілы такой своеасаблівай гульні, ён мог патрымаць у руках птушку, і гэта для яго было важнейшым за ўсё. Птушкі як частка прыроды, з якой стары за доўгія гады зжыўся, сталі гаючымі лекамі для спакутаванай душы. Калі людзі даведаліся пра асабістую трагедыю Дземідзёнка і перасталі прадаваць птушак, то жыццё яго страціла сэнс і не прыносіла задавальнення: «Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час». Былы ляснік стаў зусім маўклівым, а праз нейкі час і зусім з’ехаў з гарадка.