Печатать книгуПечатать книгу

«Дзівак з Ганчарнай вуліцы»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: «Дзівак з Ганчарнай вуліцы»
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 7 Май 2024, 12:34

Памяць мінулай вайны і лёс старога лесніка Дземідзёнка

Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у душах мільёнаў людзей. Яна калечыла людзей не толькі фізічна, але і маральна. Найбольш балюча кожны чалавек перажываў страту родных і блізкіх. Адну з такіх жыццёвых трагедый і паказаў І. Чыгрынаў у апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы»1. У гэтым творы аўтар паступова раскрыў спачатку таямнічы для чытача вобраз старога Дземідзёнка. Пры гэтым галоўны герой так і застаецца загадкай, якую мастак разам з чытачамі спрабаваў разгадаць.

Ужо першыя радкі апавядання інтрыгуюць пэўнай недагаворанасцю: «А Дземідзёнак пайшоў ад нас. Яго ўжо няма ў гарадку». Хто ж такі Дземідзёнак? Куды і чаму ён пайшоў? У партрэтнай характарыстыцы героя аўтар не выдзяляе нічога незвычайнага: «Ён быў невысокага росту, згорблены, з белай бародкай і такімі ж белымі валасамі, што выбіваліся з-пад саламянага брыля. На незнаёмым была вылінялая сацінавая кашуля з манішкай, падпяразаная поясам з кутасамі, а на рубчыкавых штанах віднелася некалькі невялікіх латак». Для першага пасляваеннага дзесяцігоддзя такі знешні выгляд чалавека шаноўнага ўзросту быў даволі тыповым.

За непрацяглы час жыцця ў гарадку гэты чалавек стаў і старажылам, і прыкметнай асобай на вуліцы Ганчарнай. Любы новы чалавек у невялікіх населеных пунктах карыстаецца павышанай увагай. Таму ў прышлых людзях лягчэй заўважаюцца нейкія адметныя рысы характару і паводзін. Аднак Дземідзёнак знешне нічым не адрозніваўся ад іншых, а ў паводзінах усё ж быў крыху дзівак. Дзівацтва гэтага чалавека заключалася ў тым, што ён купляў птушак і выпускаў іх на волю. Гэта і выклікала цікавасць да яго з боку гараджан, асабліва малечы. І. Чыгрынаў факусіраваў увагу на непаўторнасці духоўнага свету галоўнага героя.

Маці героя-апавядальніка дае характарыстыку паводзінам Дземідзёнка стрымана. На пытанне сына пра гэтага чалавека яна адказвае: «Як хто? Ну, Дземідзёнак і Дземідзёнак. У Дакуліхі жыве». Для большасці людзей яго асоба не выклікала павышаных эмоцый. Жыве чалавек, нічога благога не робіць, ну і няхай жыве, навошта яму ў душу лезці. Тым больш што быў ён чалавекам працавітым, а гэта заўсёды цанілася ў народзе. Нават жывучы на кватэры, пенсіянер прыкладваў гаспадарскую руку там, дзе іншы нават і не падумаў бы: «Бывае, дзянёк бегае вакол хаты, корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць Дакуліхінай хаты, не тое што ля іншых, — чыста». З адметных рыс характару Дземідзёнка можна выдзеліць ветлівасць і стрыманасць, што толькі ўзмацняла яго станоўчую рэпутацыю.

Найбольш прыязна да Дземідзёнка адносілася Дакуліха, у якой ён жыў. Гаспадыня ў сваім кватаранце бачыла высакароднасць і маральную чысціню, таму вельмі тактоўна да яго ставілася. Пазней жанчына нават адмовілася ад грошай за кватараванне і ўсімі магчымымі сродкамі спрабавала абараніць старога лесніка ад людской надакучлівасці. У фінале твора паказана, як шчыра Дакуліха спачувае чужому гору: «Ты можаш не заходзіць, — з дакорам зашаптала яна. — Чалавек вунь перажывае».

Па-іншаму адносіліся да старога дзеці: яны бегалі за Дземідзёнкам па вуліцы і выкрыквалі яго прозвішча. А стары ніколі не сварыўся на блазнюкоў, бо чалавекам ён быў, відаць, надзвычай добрым. Аднак не ўсе людзі спагадліва і з павагай ставіліся да гэтага дзівака. Хтосьці пускаў плёткі, што птушак Дземідзёнак перапрадае, хоць на іх ён мог патраціць усю пенсію і не пакінуць грошай нават на кавалак хлеба. Іншыя хціва карысталіся яго жаданнем дапамагчы нявольным птушкам. Амаральнасць такіх гандляроў вельмі дакладна характарызуе дыялог: «У гэты момант з сенцаў выкацілася жанчына і гукнула праз двор:

— Колькі ён даў табе?

Адказаў ёй танклявы голас з хаты.

— А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета.

— А што яны варты, вераб’і тыя, — спрабаваў нехта давесці.

— Варты! Варты! Закаркаў... Што, табе чужых грошай шкада? Не будзь дурнем. Хай пускае на вецер, калі ў яго многа іх!

Жанчына сказала гэтак і захіхікала...»

Гэты дыялог прадаўцоў птушак выклікае агіду і абурэнне сквапнасцю і жаданнем абабраць бязмерна добрага і бяскрыўднага чалавека.

Каб зразумець, адкуль з’явілася такое дзівацтва ў Дземідзёнка, неабходна прасачыць жыццё героя да прыезду ў гарадок, у прыватнасці часоў ваеннага ліхалецця.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны пакінулі глыбокі след у душы Дземідзёнка і сталі прычынай яго замкнёнасці. Толькі аднаму чалавеку стары расказаў пра сямейную трагедыю, якая здарылася ў часы фашысцкай акупацыі. Дземідзёнак быў лесніком і жыў на беразе ляснога возера, таму ў гады вайны да яго часта наведваліся партызаны. У той час пад апекай старога жыла трохгадовая ўнучка. Пра дачку Дземідзёнка аўтар паведаміў: «Да бацькі яе, відаць, нішто не цягнула, і яна ні разу не надумала прыехаць». Толькі ў гады ваеннага ліхалецця жанчына наведалася ў родны дом, каб пакінуць бацьку сваю дачку. За доўгія гады адзіноты жыццё з унучкай стала для Дземідзёнка адзінай радасцю. З унучкай стары, відаць, зноў перажыў радасць бацькоўства, і яна стала для яго самым дарагім чалавекам на свеце.

Калі Дземідзёнка забралі немцы, каб даведацца, дзе хаваюцца партызаны, дзяўчынка адна засталася зімой у зачыненай старожцы. На працягу двух тыдняў фашысты катавалі лесніка, аднак ён так і не загаварыў. Стары змог вытрываць любы фізічны боль, але невыноснымі былі перажыванні пра маленькую ўнучку. Ляснік паўстаў перад вельмі складанай дылемай: або выдаць партызан і быць з унучкай, або маўчаць і паставіць пад пагрозу жыццё дзяўчынкі. Якой дарагой ні была для яго ўнучка, ён не выдаў партызан. У гэтым вы­яўляюцца маральная стойкасць, сіла духу Дземідзёнка. Вытрымаўшы фашысцкія катаванні, страту ўнучкі ляснік перанесці не мог.

Пасля вяртання з фашысцкіх засценкаў у доме стары не застаў дзяўчынкі, а на падлозе ляжала скалелая сініца. Куды падзелася малая, можна толькі здагадвацца, але мёртвая птушка ўспрымаецца сімвалам пакут нявіннага дзіцяці. Унучка лесніка сядзела ў халоднай хаце, як птушка ў клетцы. Пасля страты ўнучкі Дземідзёнак вымушаны быў назаўсёды з’ехаць са сваёй хаты. Старожка выклікала ў яго цяжкія ўспаміны пра невядомы лёс дзяўчынкі. Душэўныя перажыванні зрабілі старога маўклівым, пагружаным у свае ўспаміны, замкнёным і незразумелым людзям. Чалавек застаўся сам-насам са сваёй бядой. Таму ў творы дамінуе лірычна-трагедыйная танальнасць.

__________

1 Першапачаткова апавяданне мела назву «Птушкі ляцяць на волю». Упершыню яно было змешчана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 28 ліпеня 19

Паэтызацыя гуманістычных каштоўнасцей, гармонія чалавека і прыроды

Асабістае гора не здолела зламаць старога лесніка. Толькі ў разняволенні птушак Дземідзёнак знаходзіў душэўнае заспакаенне. У такія хвіліны ён перажываў рэдкія імгненні радасці: «Я загледзеўся на гэтае ціхае хараство прыроды і не заўважыў, як неспадзявана перамяніўся Дземідзёнак. Стары раптам выпрастаўся, памаладзеў, і ўжо ад таго, ранейшага, Дземідзёнка нічога не засталося. Ён з нейкім не па гадах дзіцячым захапленнем пазіраў услед сваім птушкам, якія, трапечучы крыламі, пырхалі з клеткі, і твар яго ўвесь свяціўся. Нарэшце я ўбачыў чалавека, які перажываў вялікую радасць...

Разняволенне птушак стала для былога лесніка сэнсам жыцця, таму ён аддаваў на гэта ўсю пенсію. Трымаць у руках птушку для яго было самым вялікім задавальненнем: «Клетку з вераб’ямі... ён ледзь не прыціскаў да грудзей, быццам чалавек баяўся, што вось-вось падыдзе хто-небудзь і не падумае, адбярэ іх у яго».

Дземідзёнак не мог не здагадвацца, што людзі карыстаюцца яго дабрынёй і выманьваюць грошы. Аднак яго гэта не турбавала. Прымаючы правілы такой своеасаблівай гульні, ён мог патрымаць у руках птушку, і гэта для яго было важнейшым за ўсё. Птушкі як частка прыроды, з якой стары за доўгія гады зжыўся, сталі гаючымі лекамі для спакутаванай душы. Калі людзі даведаліся пра асабістую трагедыю Дземідзёнка і перасталі прадаваць птушак, то жыццё яго страціла сэнс і не прыносіла задавальнення: «Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час». Былы ляснік стаў зусім маўклівым, а праз нейкі час і зусім з’ехаў з гарадка.

Вобраз героя-апавядальніка

Прысутнасць героя-апавядальніка ў творы «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» мае важнае сюжэтаўтваральнае значэнне. У творы ідзе аповед ад першай асобы гэтага героя, які сам з’яўляецца ўдзельнікам падзей. Апавядальнік зацікавіўся незвычайным лёсам галоўнага героя твора — Дземідзёнка. Менавіта праз героя-апавядальніка аўтар дае ацэнку многім героям і эпізодам твора. Апавядальнік, зараз дарослы чалавек, прыязджае ў родную вёску. Ён ужо неаднойчы сустракаў тут дзіўнаватага старога чалавека Дземідзёнка, якога крыўдзілі дзеці. Герой-апавядальнік успамінае, што і ў яго дзяцінстве было падобнае. Ён са сваімі сябрамі таксама бяздумна і нават жорстка абыходзіўся з «дзівакаватым Цімкам».

Праз гады герою сорамна за тыя неразумныя паводзіны. Усведамленне былой віны вымушае героя ўмяшацца ў вясковыя падзеі. Герой-апавядальнік паўстае перад чытачамі сумленным, уражлівым, неабыякавым чалавекам, які, не шкадуючы сіл і часу, імкнецца дапамагчы старому адзінокаму чалавеку. Яго намаганні аказаліся плённымі: вяскоўцы пранікліся шкадаваннем да старога, перасталі лавіць птушак, каб вымушаць Дземідзёнка іх купляць. Аднак замест радаснай палёгкі герою-апавядальніку давялося перажыць нечаканае засмучэнне. Калі перад ад’ездам ён пайшоў развітацца з Дземідзёнкам, то перажыў расчараванне, бо пачуў ад гаспадыні кватэры: «Ты можаш не заходзіць... Чалавек вунь перажывае. А ўсё праз цябе. І навошта было гаварыць каму? Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час». І сапраўды, на з’яўленне героя-апавядальніка Дземідзёнак нават не павярнуў галавы.

Праз перажытае героем аўтар твора дапамог чытачам зразумець, што ў адносінах паміж людзьмі неабходны тактоўнасць і далікатнасць: «...Я хацеў памагчы чалавеку загаіць рану. І так няўмела ўзяўся за гэта. Лепш бы не брацца зусім. Бо не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва, калі на душы...» Нават добрымі намерамі, словам або справай можна міжволі пакрыўдзіць чалавека, зрабіць яму балюча. Кожны чалавек — гэта адметны, унікальны духоўны свет, які заслугоўвае ўвагі і павагі.

Пытанні

1. Які след у душы «дзівака з Ганчарнай вуліцы» пакінула вайна і чаму? Чым прываблівае вобраз Дземідзёнка?
2. Як ставіліся людзі да лесніка? Ці разумелі яны яго?
3. Паразважайце, якімі мастацкімі прыёмамі раскрываецца вобраз галоўнага героя апавядання.
4. У творы І. Чыгрынава падзеі перадаюцца ад імя героя-апавядальніка. Падрыхтуйце творчы пераказ ад імя Дземідзёнка.