«Дзівак з Ганчарнай вуліцы»

Вобраз героя-апавядальніка

Прысутнасць героя-апавядальніка ў творы «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» мае важнае сюжэтаўтваральнае значэнне. У творы ідзе аповед ад першай асобы гэтага героя, які сам з’яўляецца ўдзельнікам падзей. Апавядальнік зацікавіўся незвычайным лёсам галоўнага героя твора — Дземідзёнка. Менавіта праз героя-апавядальніка аўтар дае ацэнку многім героям і эпізодам твора. Апавядальнік, зараз дарослы чалавек, прыязджае ў родную вёску. Ён ужо неаднойчы сустракаў тут дзіўнаватага старога чалавека Дземідзёнка, якога крыўдзілі дзеці. Герой-апавядальнік успамінае, што і ў яго дзяцінстве было падобнае. Ён са сваімі сябрамі таксама бяздумна і нават жорстка абыходзіўся з «дзівакаватым Цімкам».

Праз гады герою сорамна за тыя неразумныя паводзіны. Усведамленне былой віны вымушае героя ўмяшацца ў вясковыя падзеі. Герой-апавядальнік паўстае перад чытачамі сумленным, уражлівым, неабыякавым чалавекам, які, не шкадуючы сіл і часу, імкнецца дапамагчы старому адзінокаму чалавеку. Яго намаганні аказаліся плённымі: вяскоўцы пранікліся шкадаваннем да старога, перасталі лавіць птушак, каб вымушаць Дземідзёнка іх купляць. Аднак замест радаснай палёгкі герою-апавядальніку давялося перажыць нечаканае засмучэнне. Калі перад ад’ездам ён пайшоў развітацца з Дземідзёнкам, то перажыў расчараванне, бо пачуў ад гаспадыні кватэры: «Ты можаш не заходзіць... Чалавек вунь перажывае. А ўсё праз цябе. І навошта было гаварыць каму? Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час». І сапраўды, на з’яўленне героя-апавядальніка Дземідзёнак нават не павярнуў галавы.

Праз перажытае героем аўтар твора дапамог чытачам зразумець, што ў адносінах паміж людзьмі неабходны тактоўнасць і далікатнасць: «...Я хацеў памагчы чалавеку загаіць рану. І так няўмела ўзяўся за гэта. Лепш бы не брацца зусім. Бо не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва, калі на душы...» Нават добрымі намерамі, словам або справай можна міжволі пакрыўдзіць чалавека, зрабіць яму балюча. Кожны чалавек — гэта адметны, унікальны духоўны свет, які заслугоўвае ўвагі і павагі.