«Родныя дзеці»

Сюжэтна-кампазіцыйная структура твора

Раман «Родныя дзеці» нечакана для чытача пачынаецца запеўкай. Гэта акалічнасць выбівае ўспрыманне са звыклага рэчышча, скіроўвае яго да паэтыкі народнай песні. Рамачны кампанент «Родных дзяцей», запеўка і дапеўка, — гэта своеасаблівыя вокны ў творчую майстэрню пісьменніка. У запеўцы аўтар, улічваючы дыялагічную прыроду творчасці, шчыра прызнаваўся ў сваёй любові да чытача:

Дый ты, чытач, таму прычына:
Ты — вось, ты побач, ты са мной.
І разлучыць нас немагчыма:
Мы доляй звязаны адной.

 У запеўцы акрэслена і творчая задача, якую паставіў перад сабой аўтар кнігі:

Каб пошук праўды ў ёй быў моцны.
Каб прачытаў, сабе наўздзіў,.
Усю зараз — і смачна цмокнуў:
«Прыдумаў, гад, а — дагадзіў!»

 Жаданнем пісьменніка падзяліцца з чытачом сваім бачаннем праблем сучаснага яму жыцця абумоўлена стылёвая адметнасць рамана «Родныя дзеці».

Сюжэт твора не завершаны. Развязкі падзей няма, і сам Н. Гілевіч, як і А. С. Пушкін у рамане «Яўгеній Анегін», акцэнтаваў на гэтым увагу:

Усё, чытач. Я стаўлю кропку.
Ах, не завершаны сюжэт?
Ну, што ж рабіць! Далей — ні кроку.
Далей — табу і запавет.

 Тым самым падкрэсліваецца думка, што для аўтара было галоўным у рамане не столькі адлюстраванне любоўнай інтрыгі, колькі магчымасць праз сюжэт паказаць і раскрыць тыповыя асаблівасці сучаснага яму жыцця. Аўтарскай задуме падпарадкавана і кампазіцыйная сувязь паміж персанажамі рамана. Буйным планам намаляваны Сцяпан і Альжбета, а агульным, з акцэнтаваннем вызначальнага ў характары — астатнія героі (Антось Вячорка, дзядзька Лёкса, Тамаш, Мар’яна і інш.).

Імкненнем пісьменніка як мага шырэй паказаць сацыяльныя тыпы характараў, а праз іх — разнастайнасць і шматмернасць самога жыцця можна растлумачыць увядзенне ў раман эпізадычных вобразаў (дырэктар школы Крутарог, Артур Рэпа, дзед Сівец і інш.). Яны не прымаюць удзел у дзеянні, аднак іх прысутнасць пашырае мастацкае палатно рамана.

Эпізадычныя героі характарызуюцца з дапамогай асабліва выразнай мастацкай дэталі, якая ўражвае чытача, робіць вобразы жывымі і незабыўнымі. Трэба адзначыць, што кожны новы персанаж ствараецца не для забавы чытача, а дапамагае аўтару дамаляваць агульную карціну жыцця.

Для стварэння паўнаты жыццёвай карціны паэт звяртаецца да асаблівага прыёму мастацкага адлюстравання — пабудовы групавога, калектыўнага вобраза (раздзел «Гамана ў застоллі»).