«Родныя дзеці»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 11 клас |
Книга: | «Родныя дзеці» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 25 Ноябрь 2024, 00:12 |
Вобраз галоўнага героя ў творы
Сюжэт рамана «Родныя дзеці» (1985) разгортваецца вакол вяртання Сцяпана Вячоркі — «аблуднага сына» — у родную вёску, дзе ён не быў многа гадоў. Вяртанне галоўнага героя шматзначнае і сімвалічнае. Яно адбываецца ў дзвюх прасторах: рэальнай (сустрэча з блізкімі людзьмі, дарагімі сэрцу мясцінамі, акунанне ў родную моўную стыхію, вясковы побыт і звычаі) і ідэальнай (вяртанне ў думках у дзяцінства, юнацтва, у свет мар і расчараванняў, да самога сябе).
Лёс Сцяпана Вячоркі — тыповы лёс беларускага інтелігента-гараджаніна першага пакалення, які жыве ў вялікім горадзе, а душой — у родным куце, што стаў для героя і крыніцай натхнення, і скарбонкай жыццёвай энергіі. Драматызм такога становішча чалавека бачыўся Н. Гілевічу ў тым, што горад не толькі дае вяскоўцу магчымасць рэалізацыі таленту, але і з’яўляецца сродкам для нівеліроўкі душы. Аўтар з сімпатыяй ставіўся да свайго галоўнага героя, аднак ужо на першых старонках рамана пісьменнік вымушаны канстатаваць:
Сцяпан Якубавіч Вячорка, Хоць быў караць сябе гатоў, На ўлонне роднага падворка Не заяўляўся шмат гадоў. |
Нельга сказаць, што Сцяпан — закончаны эгаіст, які не адчувае патрэбы вяртання да родных вытокаў. Наадварот, галоўны герой — сумленны чалавек. Яму сорамна, што ён не можа вырвацца на радзіму, што старэнькая маці, знябыўшыся ў журбе, вымушана прыязджаць у госці сама.
Аднак Сцяпан не знаходзіць у сабе сілы, каб пераадолець стэрэатып паводзін, які дыктуюць яму сацыяльнае становішча, пасада. Не без іроніі аўтар паказваў чытачу, як гінуць найлепшыя намеры яго героя:
Але, правёўшы маці, тут жа Ён акунаўся з галавой Не ў вір маленства — праца-служба Штодзённа ў вір цягнула свой. |
Яшчэ адной прычынай, якая перашкаджала герою прыехаць дамоў, было нежаданне Сцяпана зноў перажываць боль, звязаны з каханнем да Альжбеты Кудзёлкі. Шчасце ўзаемнага пачуцця ператварылася ў драму. У свой час маладыя людзі не змаглі знайсці ў сабе сілы, каб супрацьстаяць абставінам. І хоць Сцяпан і Альжбета абое паспрабавалі і не знайшлі шчасця ў шлюбе з іншымі, Вячорка пазбягае сустрэч са сваім першым каханнем. Сваю гераіню Н. Гілевіч называе імем Альжбета, якое насілі абедзве бабулі пісьменніка. Ва ўспамінах паэт адзначыць, што яны «абедзве былі праваслаўныя, а не каталічкі; імёны ж ім дасталіся па мясцовай традыцыі з уніяцкіх часоў; і пасля гвалтоўнага перагону з уніяцтва ў праваслаўе (1839) у нашым кутку ўсе імёны яшчэ цэлае стагоддзе гучалі як самабытна беларускія, і я іх яшчэ ўсе застаў неперайначанымі, «неабкультуранымі»… Альжбета, Барбара, Параска, Паўліна, Міхаліна, Анэта, Дарка, Мар’яна, Рыпіна, Луцэя, Ліксандрына…».
Неабходнасць вымушае Сцяпана пайсці насуперак уласным жаданням. Маці Вячоркі Сохвіі Пятроўне спаўняецца семдзесят гадоў, і нішто не можа ўтрымаць «аблуднага сына» выканаць свой абавязак: ушанаваць тую, якая дала жыццё. Яшчэ ў дарозе пачынаецца ў Сцяпана вяртанне. Перспектыва сустрэчы з роднымі хвалюе і радуе галоўнага героя. Лёс не абдзяліў яго сваякамі, кожны з іх па-свойму дарагі Вячорку, з кожным з іх сустракаецца кампазітар у сваіх згадках.
Асабліва трывожыць Сцяпана сустрэча з Альжбетай, ён не можа не ўспомніць таго, што адбылося дваццаць два гады назад. Раздзелы рамана «Белы май», «Ганьба», «Разлад», «На ўзвеях часу» не толькі расказваюць пра тое, чым жыла душа кампазітара на працягу двух дзесяцігоддзяў, але і раскрываюць характар галоўнага героя.
Лёс узнагародзіў Сцяпана Вячорку талентам кампазітара, аднак і паставіў перад ім нялёгкую задачу: як жа распарадзіцца гэтым дарам? Своеасаблівым экзаменам на стойкасць перакананняў стала для Сцяпана жаніцьба з Фенечкай. За маскай захопленай музыкай летуценніцы хавалася хцівая прыстасаванка, мэтай жыцця якой стала жаданне скіраваць творчасць мужа ў абсяг сваіх спажывецкіх інтарэсаў. Яна не магла зразумець, чаму Сцяпан у той час, калі ўсе рвуцца ў сталіцу, трызніць вяртаннем на радзіму. Фенечка кінула Сцяпана, калі зразумела, што ён не з тых людзей, якія здольны крывіць уласнай душой. Вернасць Вячоркі ўласным перакананням нервавала не толькі жонку, але і вялікую частку калег, сквапных да матэрыяльных даброт. У размове з братам Тамашом Сцяпан так тлумачыць прычыну сваіх службовых непрыемнасцей:
Маўчаць не ўмею, прытварацца, Стаяць навыцяжку «ва фрунт», Легальнай формай казнакрадства Аздараўляць свой базіс-грунт... |
Дамоў вяртаецца сталы мужчына. Гады, праведзеныя ўдалечыні ад малой радзімы, былі гадамі служэння ёй. Сустрэча з роднымі людзьмі і роднымі мясцінамі прыносіць не толькі радасць, але і боль. Вячорка адчувае сваю віну і перад нябожчыкамі — братам і сястрой, і перад роднай зямлёй, на якой цяпер узнікаюць тарфяныя буры.
Вяртанне да ўласных вытокаў на некаторы час пазбаўляе Сцяпана Вячорку здольнасці адэкватна ацэньваць сітуацыю. Знаходзячыся ў палоне ўспамінаў, герой адчувае сябе юнаком, таму так і ўражвае яго знешні выгляд Альжбеты, а тое, што творыцца ў душы жанчыны, яго не кранае зусім:
Ён кідаў позірк на Альжбету — І сэрца кроіў боль скразны: Амаль нічога — ані следу Ад той дзяўчынкі, з той вясны! |
Спробай вярнуцца ў юнацтва можна растлумачыць захапленне галоўнага героя Мар’янай. Са шчырасцю сямнаццацігадовага юнака акунаецца Вячорка ў вір пачуццяў, што выклікала ў яго душы абаяльная дзяўчына. Гэтыя пачуцці з боку аднаго і другога герояў такія гарачыя, што Сцяпан раптам пачынае верыць у магчымасць павярнуць жыццё назад. Ён прызнаецца Мар’яне:
А я не знаў, што вы такая. Што вы наогул... недзе ёсць... Што ў роднай вёсцы напаткае Мяне нанова... маладосць! |
З раю апусціцца на грэшную зямлю Сцяпана прымусіла ўсведамленне таго, што Мар’яна — дачка Альжбеты. Размова з Альжбетай, з Тамашом, які са здаровым сялянскім розумам адразу адмятае нават намёк на тое, каб Сцяпан ажаніўся з маладзейшай за сябе, пазбаўляе героя ілюзіі вяртання ў маладосць. Сімвалам бессэнсоўнасці такіх намаганняў з’яўляецца ў рамане вобраз зарослай лесам дарогі.
Духоўным вопытам галоўнага героя гэтага твора Сцяпана Вячоркі аўтар сцвярджаў: якім бы ні быў пакутлівым для чалавека працэс вяртання дамоў, да роднага, блізкага, першапачатковага, ён неабходны. Гэта дало магчымасць галоўнаму герою агледзецца перад новым жыццёвым перавалам. У размове з Мар’янай Сцяпан прызнаўся, што страціў ключы, якія адкрываюць кампазітару калодзеж з натхненнем. У фінале рамана на шчырую споведзь спакутаванай душы Альжбеты душа Сцяпана адгукнулася музыкай:
Ну, так, ён чуў зусім выяўна: Як шум спакойнага дажджу, Што ўсё бліжэй, — напеўна, плаўна Плыла мелодыя ў душу. |
Гучала мякка, задуменна І ўся — праменіла святло. Ад калыханкі нешта мела, І штось ад гімна ў ёй было. |
Праблематыка рамана. Другарадныя вобразы і іх роля ў творы
Раман «Родныя дзеці» — гэта водгук пісьменніка на пэўныя выдаткі навукова-тэхнічнага прагрэсу, урбанізацыі, сацыяльнай і нацыянальнай палітыкі, якія зрабілі надзвычай актуальнай праблему маральнай устойлівасці людзей у дынамічным свеце. У рамане ўвасоблены аўтарскі ідэал чалавека, які не ўяўляўся Н. Гілевічу без вернасці родным людзям, родным мясцінам, роднай зямлі. Надзвычай актуальна гучаць радкі рамана:
Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе: Мы — дзеці роднае сям’і, І — дзеці Маці-Беларусі, І — дзеці Матухны-Зямлі. |
Трайны ён, круг, ды недзялімы... |
З уласцівай пісьменніку бескампраміснасцю ў рамане асуджаюцца рэнегацтва, мяшчанства, кар’ерызм. Носьбітам гэтых якасцей з’яўляецца ў творы Мікіта Рэпа, зводны брат Сцяпана Вячоркі.
Прычынай, што абумовіла характар Мікіты, стала здрада бацькі хлопчыка. Вясковы актывіст Зміцер Рэпа пакінуў маладую жонку Зосю, пяцігадовага сына і пайшоў да другой.
З гумарам апісаў аўтар начальніцкія паводзіны Мікіты нават сярод блізкіх людзей. Спосабам стварэння характару героя з’яўляецца мова — руска-беларуская трасянка, на якой размаўляе Мікіта, каб паказаць сваю перавагу над правінцыяльнымі жыхарамі.
Антыподам Мікіты выступае ў рамане Вінька Шкут. Прафесарскі сын сваёй жыццёвай пазіцыяй бунтуе супраць двурушніцтва. Ён мог бы, карыстаючыся становішчам бацькоў, атрымаць дыплом, зрабіць кар’еру, аднак адмовіўся ад дапамогі і пайшоў па жыцці сам.
«Да грамадскага катла з адмысловай лыжкай» прымасціліся не толькі прайдзісветы-вучоныя, але і бяздарныя мастакі, пісьменнікі, кампазітары, якія, не маючы таленту, устаўляюць палкі ў калёсы тым, хто валодае сапраўдным майстэрствам. Нахрапістасць, хітрасць Іосіфа (Юзіка) Бэнся прынеслі шмат пакут Сцяпану Вячорку. Калісьці яны жылі ў адным інтэрнацкім пакоі, разам хадзілі на танцы, абодвум падабалася Альжбета. Калі дзяўчына аддала перавагу Сцяпану, Юзік ператварыўся ў ворага.
Па віне Бэнся разышліся дарогі закаханых, але гэта не супакоіла Юзіка, бо Сцяпан аказаўся больш таленавітым за свайго былога саперніка. Тады Юзік, які не здолеў выйсці ў творцы, «рашыў мазгі ўпраўляць другім. Стаў тэарэтыкам мастацтва».
Бядой для грамадства становяцца такія кіраўнікі, як Мікіта Рэпа, Юзік Бэнсь, меліяратар Гламазда, людзі спажывецкай псіхалогіі, абагульненым вобразам якіх з’яўляецца Ненаежац.
Твор Н. Гілевіча нагадвае чытачу пра неабходнасць адмаўлення ад прагматычнай свядомасці, тэхнакратычных поглядаў на прыроду.
Мастак слова трывожыўся пра «аблудных сыноў» Радзімы і скіроўваў іх памкненні да першаасноў чалавечага жыцця: любові, спагады, вернасці.
Назвай рамана, яго пафасам пісьменнік сцвярджаў:
Мы не бязродныя на свеце І не бяздомныя ў жыцці. Чым дагарэць у пустацвеце — Лепш не ўзысці і не цвісці! |
Сюжэтна-кампазіцыйная структура твора
Раман «Родныя дзеці» нечакана для чытача пачынаецца запеўкай. Гэта акалічнасць выбівае ўспрыманне са звыклага рэчышча, скіроўвае яго да паэтыкі народнай песні. Рамачны кампанент «Родных дзяцей», запеўка і дапеўка, — гэта своеасаблівыя вокны ў творчую майстэрню пісьменніка. У запеўцы аўтар, улічваючы дыялагічную прыроду творчасці, шчыра прызнаваўся ў сваёй любові да чытача:
Дый ты, чытач, таму прычына: Ты — вось, ты побач, ты са мной. І разлучыць нас немагчыма: Мы доляй звязаны адной. |
У запеўцы акрэслена і творчая задача, якую паставіў перад сабой аўтар кнігі:
Каб пошук праўды ў ёй быў моцны. Каб прачытаў, сабе наўздзіў,. Усю зараз — і смачна цмокнуў: «Прыдумаў, гад, а — дагадзіў!» |
Жаданнем пісьменніка падзяліцца з чытачом сваім бачаннем праблем сучаснага яму жыцця абумоўлена стылёвая адметнасць рамана «Родныя дзеці».
Сюжэт твора не завершаны. Развязкі падзей няма, і сам Н. Гілевіч, як і А. С. Пушкін у рамане «Яўгеній Анегін», акцэнтаваў на гэтым увагу:
Усё, чытач. Я стаўлю кропку. Ах, не завершаны сюжэт? Ну, што ж рабіць! Далей — ні кроку. Далей — табу і запавет. |
Тым самым падкрэсліваецца думка, што для аўтара было галоўным у рамане не столькі адлюстраванне любоўнай інтрыгі, колькі магчымасць праз сюжэт паказаць і раскрыць тыповыя асаблівасці сучаснага яму жыцця. Аўтарскай задуме падпарадкавана і кампазіцыйная сувязь паміж персанажамі рамана. Буйным планам намаляваны Сцяпан і Альжбета, а агульным, з акцэнтаваннем вызначальнага ў характары — астатнія героі (Антось Вячорка, дзядзька Лёкса, Тамаш, Мар’яна і інш.).
Імкненнем пісьменніка як мага шырэй паказаць сацыяльныя тыпы характараў, а праз іх — разнастайнасць і шматмернасць самога жыцця можна растлумачыць увядзенне ў раман эпізадычных вобразаў (дырэктар школы Крутарог, Артур Рэпа, дзед Сівец і інш.). Яны не прымаюць удзел у дзеянні, аднак іх прысутнасць пашырае мастацкае палатно рамана.
Эпізадычныя героі характарызуюцца з дапамогай асабліва выразнай мастацкай дэталі, якая ўражвае чытача, робіць вобразы жывымі і незабыўнымі. Трэба адзначыць, што кожны новы персанаж ствараецца не для забавы чытача, а дапамагае аўтару дамаляваць агульную карціну жыцця.
Для стварэння паўнаты жыццёвай карціны паэт звяртаецца да асаблівага прыёму мастацкага адлюстравання — пабудовы групавога, калектыўнага вобраза (раздзел «Гамана ў застоллі»).
Лірыка-публіцыстычны стыль рамана, значэнне лірычных адступленняў
Увядзенне ў мастацкае палатно рамана лірычных адступленняў (пазасюжэтных элементаў, якія даюць магчымасць аўтару звярнуцца да чытача непасрэдна) дазваляе гаварыць пра вобраз аўтара ў рамане Н. Гілевіча «Родныя дзеці».
Лірычныя адступленні (паэтычнае, іранічнае, гістарычнае, кулінарнае, педагагічнае) з’яўляюцца прамой формай выяўлення аўтарскай пазіцыі. Яны ўводзяць чытача ў абсяг разважанняў пісьменніка пра свой народ, яго гісторыю, духоўныя традыцыі, жыццёвы ўклад, далучаюць да маральных і эстэтычных ідэалаў мастака слова.
Думаецца, што ў адносінах да рамана Н. Гілевіча будзе справядлівым выказванне В. Бялінскага пра раман А. С. Пушкіна «Яўгеній Анегін»: «Тут усё жыццё, уся душа, уся любоў яго, тут яго пачуцці, уяўленні, ідэалы».
Пытанні
1.Ахарактарызуйце галоўнага героя рамана Ніла Гілевіча «Родныя дзеці». | |
2. Вызначце аўтарскія і ўласныя адносіны да вобраза Альжбеты. | |
3. Чаму Альжбета забараняе Мар’яне сустракацца са Сцяпанам? Чым кіруецца жанчына: мацярынскай мудрасцю або рэўнасцю? Уявіце сябе на месцы Мар’яны. Як бы вы сябе паводзілі ў гэтай сітуацыі? | |
4. Якую ролю адыгрываюць лірычныя адступленні ў творы Н. Гілевіча? Як праз іх раскрываюцца вобраз аўтара і яго маральна-эстэтычныя ідэалы? | |
5. Якую ролю адыгрываюць лірычныя адступленні ў творы Н. Гілевіча? Як праз іх раскрываюцца вобраз аўтара і яго маральна-эстэтычныя ідэалы? | |
6. Паразважайце пра сэнс назвы рамана і яго асобных частак. Якімі словамі з твора можна акрэсліць яго сутнасць? | |
7. Сюжэт кахання Альжбеты і Сцяпана застаўся незавершаным, прапануйце сваю версію яго завяршэння. | |
8. Складзіце цытатнік маральна-этычных запаветаў Н. Гілевіча нашчадкам. | |
9. Якімі словамі з твора можна акрэсліць яго ідэйны змест? | |
10.Вывучыце на памяць урывак з рамана ў вершах Н. Гілевіча «Родныя дзеці» (з раздзела «Пашанаванне» ад слоў «Паклон табе ад сэрца, мама…» да слоў «І рукі ёй пацалаваў»). |