«Родныя дзеці»

Праблематыка рамана. Другарадныя вобразы і іх роля ў творы

Раман «Родныя дзеці» — гэта водгук пісьменніка на пэўныя выдаткі навукова-тэхнічнага прагрэсу, урбанізацыі, сацыяльнай і нацыянальнай палітыкі, якія зрабілі надзвычай актуальнай праблему маральнай устойлівасці людзей у дынамічным свеце. У рамане ўвасоблены аўтарскі ідэал чалавека, які не ўяўляўся Н. Гілевічу без вернасці родным людзям, родным мясцінам, роднай зямлі. Надзвычай актуальна гучаць радкі рамана:

Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы — дзеці роднае сям’і,
І — дзеці Маці-Беларусі,
І — дзеці Матухны-Зямлі.

  

Трайны ён, круг, ды недзялімы...

З уласцівай пісьменніку бескампраміснасцю ў рамане асуджаюцца рэнегацтва, мяшчанства, кар’ерызм. Носьбітам гэтых якасцей з’яўляецца ў творы Мікіта Рэпа, зводны брат Сцяпана Вячоркі. 

Прычынай, што абумовіла характар Мікіты, стала здрада бацькі хлопчыка. Вясковы актывіст Зміцер Рэпа пакінуў маладую жонку Зосю, пяцігадовага сына і пайшоў да другой.

З гумарам апісаў аўтар начальніцкія паводзіны Мікіты нават сярод блізкіх людзей. Спосабам стварэння характару героя з’яўляецца мова — руска-беларуская трасянка, на якой размаўляе Мікіта, каб паказаць сваю перавагу над правінцыяльнымі жыхарамі.

Антыподам Мікіты выступае ў рамане Вінька Шкут. Прафесарскі сын сваёй жыццёвай пазіцыяй бунтуе супраць двурушніцтва. Ён мог бы, карыстаючыся становішчам бацькоў, атрымаць дыплом, зрабіць кар’еру, аднак адмовіўся ад дапамогі і пайшоў па жыцці сам.

«Да грамадскага катла з адмысловай лыжкай» прымасціліся не толькі прайдзісветы-вучоныя, але і бяздарныя мастакі, пісьменнікі, кампазітары, якія, не маючы таленту, устаўляюць палкі ў калёсы тым, хто валодае сапраўдным майстэрствам. Нахрапістасць, хітрасць Іосіфа (Юзіка) Бэнся прынеслі шмат пакут Сцяпану Вячорку. Калісьці яны жылі ў адным інтэрнацкім пакоі, разам хадзілі на танцы, абодвум падабалася Альжбета. Калі дзяўчына аддала перавагу Сцяпану, Юзік ператварыўся ў ворага.

Па віне Бэнся разышліся дарогі закаханых, але гэта не супакоіла Юзіка, бо Сцяпан аказаўся больш таленавітым за свайго былога саперніка. Тады Юзік, які не здолеў выйсці ў творцы, «рашыў мазгі ўпраўляць другім. Стаў тэарэтыкам мастацтва».

Бядой для грамадства становяцца такія кіраўнікі, як Мікіта Рэпа, Юзік Бэнсь, меліяратар Гламазда, людзі спажывецкай псіхалогіі, абагульненым вобразам якіх з’яўляецца Ненаежац.

Твор Н. Гілевіча нагадвае чытачу пра неабходнасць адмаўлення ад прагматычнай свядомасці, тэхнакратычных поглядаў на прыроду.

Мастак слова трывожыўся пра «аблудных сыноў» Радзімы і скіроўваў іх памкненні да першаасноў чалавечага жыцця: любові, спагады, вернасці.

Назвай рамана, яго пафасам пісьменнік сцвярджаў:

Мы не бязродныя на свеце
І не бяздомныя ў жыцці.
Чым дагарэць у пустацвеце —
Лепш не ўзысці і не цвісці!