ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Унутраны маналог як сродак раскрыцця характараў герояў

Унутраны маналог як сродак раскрыцця характараў герояў

Унутраны маналог як сродак раскрыцця характараў герояў

Істотнай асаблівасцю мастацкага тэксту з’яўляюцца тыя стылістычныя фігуры, якія дазваляюць чытачу стаць сведкам унутранай, псіхалагічнай дзейнасці персанажаў. Паказ гэтага працэсу можа здзяйсняцца праз унутраны маналог пры поўнай адсутнасці аўтарскага «ўмяшання» ў думкі персанажа.

Унутраны маналог — маўленне героя, звернутае да самога сябе, якое служыць для найбольш поўнага паказу і раскрыцця яго ўнутранага свету.

Многія апавяданні М. Стральцова напісаны ў форме ўнутранага маналогу або самога аўтара, або герояў, якім ён перадавярае свае думкі. Яны блізкія да лірыкі, таму і называюцца лірычнымі. У такіх творах сюжэт не цэласны, а эпізадычны, сцэны і падзеі «працуюць» на раскрыццё перажыванняў герояў і апавядальніка.

Унутраны маналог — гэта фіксацыя і адлюстраванне ў творы думак персанажаў ва ўсёй іх натуральнасці і непасрэднасці, магутны сродак раскрыцця псіхалогіі герояў. У апавяданні «Сена на асфальце» заключныя радкі з’яўляюцца прыкладам унутранага маналогу: «“Сена на асфальце, — падумаў я, — сена на асфальце...” Быццам доўга я шукаў нечаму слова і раптам яго знайшоў. “Сена на асфальце, — узрадавана думаў я. — Вёска ў горадзе...”».