«Сена на асфальце»

Вобразы аўтара-апавядальніка і іншых герояў твора

Віктар — апавядальнік і адначасова герой твора, аспірант, сын вёскі, стараецца знайсці душэўны спакой, прымірыць горад з вёскай. Ён гаворыць пра гэта дзядзьку Ігнату пры першай сустрэчы ў эцюдзе «Дзядзька Ігнат»: «Я ведаю, што без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама. Што я думаю, дык гэта — каб тое і другое ў чалавечай душы прымірыць...»

Віктару нялёгка знайсці адказ на пытанне, як дасягнуць душэўнай раўнавагі і спакою. Таму ён успамінае палёт на самалёце, высокае неба, у якое б не ўзняўся без тэхнікі, і ставіць побач жаваранка і рэактыўны лайнер, зямлю і неба: «О зямля! Ты даеш нам тугу па небе, але не меншая наша туга па табе. З далёкіх і блізкіх дарог вяртаемся мы да цябе, і спеў жаваранка аглушае нас не меней, чым гул рэактыўнага самалёта». Віктар хвалюецца, перажывае, калі бачыць на асфальце растрэсенае сена. Яму хочацца стаць гарадскім жыхаром, пазбавіцца мрояў пра бацькоўскі парог, але ён не можа зрабіць гэта рэзка і адразу. Магчыма, у адчуванні вясковых каранёў, любові да зямлі, да працы і ёсць яго ратунак?

Віктар сціплы па характары (не пярэчыць дзядзьку Ігнату ні ў чым). Яго каханне да Лены цнатлівае і сарамлівае, ужо не вясковае, пра якое яму апавядае дзядзька Ігнат. Ён працалюбівы, акуратны ў справах. Усё гэта яму падарыла ў большай ступені вёска. Хлопец уражлівы, лірык у душы. Гэты вобраз і аўтабіяграфічны, і тыповы: дзеці вайны былі менавіта такія, гэты вобраз стаў збіральным для пакалення, што ў маленстве перажыло вайну.

Дзядзька Ігнат шмат у чым падобны да Віктара. Аднак ён больш сталы і вопытны чалавек, які пражыў сумленнае жыццё. Дзядзька Ігнат жыў бы і далей у вёсцы, толькі выпадак (заступніцтва за ўдаву — суседку Арыну) разлучыў з ёй на час. Але ён вернецца ў роднае гняздо, як відаць з раздзела «Ліст трэці», будзе зноў працаваць на зямлі, у лесе, клапаціцца пра парадак, каб дарэмна не псавалі дрэва на лесапільні. Дзядзька Ігнат — мудры дарадца, які любіць перадаваць свой вопыт маладзейшым (сцэна касьбы на газонах; сцэна з чалавекам у піжаме, які палівае кветнік, хоць заўтра, як ён кажа, будзе дождж). Выхавацель не толькі словам, але і справай: ён паказвае Віктару прыклад у час працы. Гэты чалавек па-вясковаму любіць і шануе працу і робіць яе, нібы выконвае святочны рытуал. Справядлівасць, сумленнасць — вось асноўныя прынцыпы жыцця героя. Пра гэта сведчаць яго маналогі пра працу брыгадзірам пасля вайны.

Эпізадычныя героі ў творы — безыменны чалавек у піжаме, які раіць Ігнату вярнуцца ў вёску, чуе боль яго душы; Ігнатава жонка, якая бясконца ўгаворвае яго пакінуць горад; сябар Віктара. Адмоўны персанаж — фінінспектар, празваны Куфрам, які выконваў дырэктывы, адбіраў апошняе ў галодных людзей за падатак.