Печатать книгуПечатать книгу

«Сена на асфальце»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: «Сена на асфальце»
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 07:35

Тэматыка, ідэйны пафас. Эцюды-ўспаміны пра маладосць, каханне, жыццёвыя праблемы і клопаты

Апавяданне «Сена на асфальце» (1963) упершыню было апублікавана ў часопісе «Маладосць». У ім пісьменнік закрануў не толькі тэму «вёска — горад», але і шмат іншых, у першую чаргу маральна-этычных тэм. Гэта і тэма кахання, якому, як піша ў першай частцы «Ліст першы» свайму каханаму Лена, хацелася такой шырыні, каб было «толькі яно і цэлы свет». I тэма вясковага побыту на гарадской ускраіне (частка другая «Дзядзька Ігнат») з яго паўсядзённымі клопатамі і размовамі пра надвор’е, чарговы футбольны матч, палітычныя падзеі. I тэма недалёкага ваеннага і пасляваеннага мінулага, якое прыгадвае ў гэтым жа эцюдзе дзядзька Ігнат. З болем гаворыць герою-апавядальніку гэты сталы чалавек пра ваенныя страты («Такую вайну на плячах вынеслі, столькі пакінулі сірот, матак няўцешных і ўдоў. Столькі аратаяў, цесляў на той вайне палягло...»), беднае пасляваеннае існаванне, калі ўдовы давалі брыгадзіру хабар за каня, каб прывезці дроў, або самі аралі агародчыкі, ставячы карову «ў плуг», вазілі «дровы з лесу на саначках» і кожны дзень ішлі на працу. У вусны дзядзькі Ігната ўкладзены балючыя словы пра дабро і зло, пра тых брыгадзіраў, старшынь і «падстаршынкаў», «што на людскім горы падчаровак гадавалі», на «ўдовіных слязах». Яго і з брыгадзірства знялі за барацьбу з адным з такіх «слуг народа» — фінінспектарам, якога празвалі Куфрам: «набіў таму гаду тоўстую морду», заступаючыся за бедную ўдаву — суседку Арыну.

У трэцяй, надзвычай лірычнай, частцы апавядання — «Ліст другі», напісанай у форме ліста Віктара да сябра, галоўная тэма — сяброўства, вернасць школьнаму пабрацімству, традыцыям сумленнага жыцця, што заклала ў сэрца і душу вясковая пачатковая школа, якая месцілася ў «старой, без гародчыка пад вокнамі» і з «шырокім мурожным дваром» хаце цёткі Аўгінні. Побач з тэмай сяброўства гучыць тэма вернасці вытокам, хатцы-школе, матчынаму плачу пры чытанні ліста пра бацьку, дасланага з ваенкамата. «Ліст другі» з апавядання М. Стральцова гучыць як клятва, прысяга ў сумленнасці, шчырасці, сяброўстве.

Тэма «горад — вёска» разам з тэмай кахання выразна раскрываецца ў эцюдзе «Заўтра футбол». Яго першая частка — гэта апісанне гарадскога жыцця ў яркіх дэталях: ідзе дождж, як прадказваў дзядзька Ігнат; людзі вяртаюцца дадому; міліцыя сочыць за захаваннем правіл дарожнага руху. Апісанне побыту паступова выцясняецца ўнутраным маналогам-роздумам героя пра трывогі (як у чалавечай душы прымірыць горад і вёску) і радасці (думкі пра Лену, пра тое, як назаўтра яны да пачатку футбольнага матча паедуць на возера, будуць купацца, радавацца жыццю). Герой думае над словамі дзядзькі Ігната пра вёску: «Я думаў пра дзядзьку Ігната, пра яго дзіўную і такую зразумелую любоў да вёскі, і мне чамусьці было трошкі шкада яго. <…>

Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была мая самая патаемная і самая душэўная думка.

А можа, праўда дзядзькі Ігната, і чалавеку па-сапраўднаму трэба што-небудзь адно: горад ці вёска, месяц над хатай ці электрычны ліхтар?»

Заканчваецца роздум галоўнага героя вывадам: «Навошта выбіраць паміж жаваранкам і рэактыўным самалётам? Хіба ж нельга, каб было і тое і другое? <…>

Не, я не дакараў дзядзьку Ігната. Я думаў, што кожны чалавек павінен добра ведаць сваё месца на зямлі, што кожны, урэшце, мае права любіць нешта асабліва моцна, — няхай так: гэта ўсё ж лепш, чым не любіць нічога».

У пятым эцюдзе — «Ліст трэці» — раскрываецца характар дзядзькі Ігната, вяскоўца, які не можа жыць у горадзе, якога прыцягвае вёска, нібы магніт («Дык і кажу сабе: дурны ты, дурны, чаго ты са свайго гнязда сарваўся, чаго пайшоў у белы свет як у капейку!»). Гэта чалавек гаспадарлівы (грошай назбіраў на хату), працалюбівы (хоча працаваць лесніком), руплівы і абачлівы (перажывае, што як паставілі ў яго вёсцы пілараму, «дык многа лесу без пары і толку на глум ідзе»). Пісьменнік увёў у свой твор стыхію народнай мовы, перадае асаблівасці гаворкі Ігната, перасыпанай прастамоўем і афарызмамі: «белы свет», «халупа», «рукі ёсць, горб таксама», «чалавек харошы»,«калі што якое», «на глум ідзе», «без пары´».

Заключны эцюд апавядання — «Пара´ касавіцы» — фінал аповеду пра прыгажосць, гармонію жыцця, фізічную працу, якая прыносіць асалоду, касьбу травы на газонах у горадзе. Апавяданне вядзецца спачатку ў двух планах: вясковая раніца — раніца ў горадзе, у якіх шмат падабенства («Яшчэ не хадзілі трамваі, тралейбусы, вуліца была пустая і мокрая ад дажджу. Недзе за горадам узыходзіла сонца» і «Далёка-далёка, у маёй і ў дзядзькі Ігнатавай вёсках, пастух выганяў наранкі кароў»). Затым паказваецца, як ідуць па горадзе касцы, дзядзька Ігнат і апавядальнік, як яны рыхтуюцца да касьбы, нібыта да нейкай магічнай, святочнай дзеі.

Цэнтральная сцэна ў эцюдзе — праца, касьба, якая нагадвала дзядзьку Ігнату вёску, родныя лугі, тое, што было так нядаўна на волі, на шырокіх прасторах: «Ён неяк пасвятлеў увесь, па-заліхвацку кінуў недакурак, нагнуўся, падняў касу, зашчаміў касільна пад пахай, узяўся рукой за палатно касы і паласнуў па ім мянташкай.

Джгінь-джгінь-шах!

Джгінь-джгінь-шах!

Вясёлая, харошая, знаёмая з маленства музыка!

Ён падышоў да шнурка кустоўя, асцярожна пракасіў лапінку, павярнуўся, падняў над мокрай травою касу, прыгнуўся і — пайшоў...»

Пазней, ужо едучы на футбол, апавядальнік (Віктар) выскачыць на плошчы з тралейбуса, убачыць плён сваёй працы, пачуе пах скошанай травы: «Пякло сонца. Трава ў пракосах завяла. Па пракосах чорныя, аж бліскучыя, жвава скакалі шпакі. Пахла сенам. Вялізны і шумны ляжаў навокал горад. На плошчы па-лугавому, па-летняму пахла сенам». Жмуток растрэсенага сена ляжаў і на тратуары. Герой узрушаны, бо знайшоў назву ўсяму, што перажывае сам, вясковец, што больш востра перажывае дзядзька Ігнат, — радасць ад таго, што вёска засталася сваёй маленькай часцінкай у горадзе, нагадала яму, вялізнаму і шумнаму, пра сябе: «“Сена на асфальце, — падумаў я, — сена на асфальце...”

Быццам доўга я шукаў нечаму слова і раптам яго знайшоў.

“Сена на асфальце, — узрадавана думаў я. — Вёска ў горадзе...”»

Такім чынам, з мноства тэм, апісання жыцця розных людзей, сцэн і эпізодаў вынікае гуманістычны змест твора: аўтар заклікаў любіць і вёску, і горад, шанаваць традыцыі, у першую чаргу — павагу да працы, дабрыню, якія спрадвеку выхоўвала ў людзях вёска. Сена на асфальце — гэта сімвалічны вобраз, які заклікае помніць і тварыць дабро, жыць адкрыта і светла. Сена на асфальце — гэта напамін усім нам пра родныя вясковыя, агульначалавечыя карані.

Разважаючы пра назву апавядання і месца твора ў гісторыі нацыянальнай літаратуры, П. Васючэнка адзначаў, што «знойдзеная формула (сена на асфальце. — Аўт.) стане агульналітаратурнай, яна нават апярэдзіць у нечым канфліктнасць будучых твораў іншых аўтараў пра вёску і горад. У гісторыі літаратуры гэта навацыя адкладзецца як чыннік, дадзенасць, артэфакт. У рускай літаратуры цэлая кагорта аўтараў-“деревенщиков” будзе нібы па слядах беларускага аўтара займацца эканамічнымі, маральна-псіхалагічнымі і ўласна-літаратурнымі праблемамі ўзаемадачыненняў горада і вёскі. 

Твор М. Стральцова вянчае мастацкае адкрыццё — лепшыя ягоныя творы былі напісаныя пад знакам адкрыцця. Але ні лірычны герой, ні аўтар не заспакойваліся вынікамі гэтага адкрыцця. “Сена на асфальце” — гэта формула, у многім іранічная, гучыць не дзеля самазаспакаення, а дзеля будучага пошуку. І вектар гэтага пошуку будзе скіраваны ў бок адвечных пытаняў дабра і зла, якія аўтар звяжа з пытаннем пра цэласнасць чалавечага “я”, ступень самадастатковасці і самарэалізацыі лірычнага героя, інтэлігента, інтэлектуала (такі ўжо стральцоўскі тыпаж, ён вандруе з твора ў твор). Прымірыць сябе з самім сабой — задача не менш складаная, чым пошук раўнавагі паміж горадам і вёскай».

Вобразы аўтара-апавядальніка і іншых герояў твора

Віктар — апавядальнік і адначасова герой твора, аспірант, сын вёскі, стараецца знайсці душэўны спакой, прымірыць горад з вёскай. Ён гаворыць пра гэта дзядзьку Ігнату пры першай сустрэчы ў эцюдзе «Дзядзька Ігнат»: «Я ведаю, што без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама. Што я думаю, дык гэта — каб тое і другое ў чалавечай душы прымірыць...»

Віктару нялёгка знайсці адказ на пытанне, як дасягнуць душэўнай раўнавагі і спакою. Таму ён успамінае палёт на самалёце, высокае неба, у якое б не ўзняўся без тэхнікі, і ставіць побач жаваранка і рэактыўны лайнер, зямлю і неба: «О зямля! Ты даеш нам тугу па небе, але не меншая наша туга па табе. З далёкіх і блізкіх дарог вяртаемся мы да цябе, і спеў жаваранка аглушае нас не меней, чым гул рэактыўнага самалёта». Віктар хвалюецца, перажывае, калі бачыць на асфальце растрэсенае сена. Яму хочацца стаць гарадскім жыхаром, пазбавіцца мрояў пра бацькоўскі парог, але ён не можа зрабіць гэта рэзка і адразу. Магчыма, у адчуванні вясковых каранёў, любові да зямлі, да працы і ёсць яго ратунак?

Віктар сціплы па характары (не пярэчыць дзядзьку Ігнату ні ў чым). Яго каханне да Лены цнатлівае і сарамлівае, ужо не вясковае, пра якое яму апавядае дзядзька Ігнат. Ён працалюбівы, акуратны ў справах. Усё гэта яму падарыла ў большай ступені вёска. Хлопец уражлівы, лірык у душы. Гэты вобраз і аўтабіяграфічны, і тыповы: дзеці вайны былі менавіта такія, гэты вобраз стаў збіральным для пакалення, што ў маленстве перажыло вайну.

Дзядзька Ігнат шмат у чым падобны да Віктара. Аднак ён больш сталы і вопытны чалавек, які пражыў сумленнае жыццё. Дзядзька Ігнат жыў бы і далей у вёсцы, толькі выпадак (заступніцтва за ўдаву — суседку Арыну) разлучыў з ёй на час. Але ён вернецца ў роднае гняздо, як відаць з раздзела «Ліст трэці», будзе зноў працаваць на зямлі, у лесе, клапаціцца пра парадак, каб дарэмна не псавалі дрэва на лесапільні. Дзядзька Ігнат — мудры дарадца, які любіць перадаваць свой вопыт маладзейшым (сцэна касьбы на газонах; сцэна з чалавекам у піжаме, які палівае кветнік, хоць заўтра, як ён кажа, будзе дождж). Выхавацель не толькі словам, але і справай: ён паказвае Віктару прыклад у час працы. Гэты чалавек па-вясковаму любіць і шануе працу і робіць яе, нібы выконвае святочны рытуал. Справядлівасць, сумленнасць — вось асноўныя прынцыпы жыцця героя. Пра гэта сведчаць яго маналогі пра працу брыгадзірам пасля вайны.

Эпізадычныя героі ў творы — безыменны чалавек у піжаме, які раіць Ігнату вярнуцца ў вёску, чуе боль яго душы; Ігнатава жонка, якая бясконца ўгаворвае яго пакінуць горад; сябар Віктара. Адмоўны персанаж — фінінспектар, празваны Куфрам, які выконваў дырэктывы, адбіраў апошняе ў галодных людзей за падатак.

Адметнасць кампазіцыі. Лірызм стылю. Прырода ў творы

Апавяданне «Сена на асфальце», у якім аповед вядзецца ад імя першай асобы, з’яўляецца арыгінальным па кампазіцыі: яно складаецца з шасці частак. Кожная частка ў стылёвых адносінах не самастойная: у ёй характарызуюцца галоўныя героі, паказваюцца сцэны з іх жыцця. Пісьменнік удала карыстаўся эпісталярным жанрам (жанрам пісьма), што дапамагло яму раскрыць герояў як бы знутры, даць ім магчымасць выказацца пра сябе, ахарактарызаваць іншых удзельнікаў падзей.

Лісты і іншыя часткі твора — пераважна лірызаваныя маналогі, у якіх раскрываюцца не толькі думкі, але і пачуцці, перажыванні герояў твора. Толькі ў эцюдзе «Дзядзька Ігнат» пераважае дыялогавая форма падачы матэрыялу. Пабудова твора блізкая да пабудовы рамана «Герой нашага часу» М. Ю. Лермантава, яна дапамагае з розных бакоў, вачыма розных людзей паказаць падзеі і іх удзельнікаў.

Самыя лірычныя часткі апавядання — пейзажныя замалёўкі, вясковыя і гарадскія. Яны запамінальныя, яскравыя, светлыя, набліжаныя да вершаванага радка, меладычныя: «Ляжыш на беразе — трымціць, снуецца ў шырокіх ручвах вада, бялеюць на рачных астраўках валуны, сіняя тамлівая смуга вісіць над вадой там, дзе робіць паварот рака, дзе пад гарой насыпанага самазваламі пяску ракоча пад’ёмнік, грузячы баржы. О, салодкая, лянотная бяздумнасць, о, жыццё душы, дрымотнае, як звон вады, тамлівае, як сіняя намітка смугі! Вочы бачаць, чуюць вушы, і, ціха стаіўшыся, лечыцца душа. Млеюць ад гарачыні палі, цячэ, снуецца ў сонечных промнях рака, далёка на ўзмор’і тужаць аб свежым ветры караблі, і вось-вось скаланецца сонная сінь, павее вецер і пагоніць караблі ў краіну добрых сустрэч». Такі незвычайны, рамантызаваны вобраз прыроды стварае Лена ў лісце да Віктара. Пейзажныя замалёўкі можна знайсці ў кожнай частцы апавядання, праз іх М. Стральцоў выяўляў сваю мастакоўскую пазіцыю.

Такімі ж рамантыкамі-летуценнікамі, лірыкамі ў прозе былі У. Караткевіч — апавядальнік і аўтар аповесцей «Сівая легенда» і «Ладдзя Роспачы», І. Пташнікаў (апавяданне «Алені»), І. Чыгрынаў — равеснікі М. Стральцова. Лірызм — асноўная рыса празаічнай творчасці І. Навуменкі.

Пытанні

1. Якімі асаблівасцямі лірычная проза адрозніваецца ад эпічнай?
2. Аб чым марыць герой апавядання М. Стральцова «Сена на асфальце» і як гэта яго характарызуе?
3. Складзіце цытатную характарыстыку Віктара — героя апавядання «Сена на асфальце».
4. Што непакоіць дзядзьку Ігната? Як ён ставіцца да людзей і чаму?
5. У чым адметнасць кампазіцыі апавядання?
6. Вызначце ідэю твора. Як яна выяўляецца ў назве? Прапануйце сваю метафарычную назву апавядання. Паразважайце над ідэйным зместам малюнка мастака Алега Карповіча, размешчанага на старонцы 105.
7. Выканайце тэст па апавяданні М. Стральцова «Сена на асфальце».
8. Раскрыйце ролю вобразаў-тропаў у прачытаным творы.
9. Вывучыце на памяць урывак з апавядання «Сена на асфальце» (пачынаючы са слоў «О зямля! Ты даеш нам тугу па небе...» і да слоў «...гэта ўсё ж лепш, чым не любіць нічога»).