«Каласы пад сярпом тваім»

Грунтоўнасць гістарычнага мыслення аўтара

Ключом для разгадкі звышзадачы, якую ставіў У. Караткевіч, калі ствараў раман «Каласы пад сярпом тваім», можа быць наступнае прызнанне: «На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь, да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў у сабе». У гэтым прызнанні пісьменніка выразна высвечваецца і адрасат твораў У. Караткевіча, бо праблема кім і якім быць найбольш вострая ў раннім юнацтве.

Аўтарскім запаветам маладым чытачам гучыць наказ старога Вежы свайму ўнуку Алесю Загорскаму: «Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей. І вось таму я кажу табе гэта, каб ты не быў падобны да іх. Ніколі не бяры прынады, ніколі не бяры славы і ўлады — хаця б цябе сілком цягнулі да іх. Ніколі не йдзі на раду нечасцівых, блажэн муж».

Аўтар «Каласоў пад сярпом тваім» добра разумеў, што ў грамадстве, якое страціла высокія маральныя ідэалы, цяжка стаць высакародным. Пісьменнік усё рабіў дзеля таго, каб у гістарычных творах паказаць маладому чалавеку, «які стаіць перад выбарам, кім яму быць», жыццёвы ідэал, варты пераймання. Магчыма, гэтым імкненнем тлумачыцца выразная рамантычная афарбоўка твораў У. Караткевіча. Ён не проста пераносіў юнакоў, патэнцыяльных сваіх чытачоў, з задушлівай рэчаіснасці 60-х гадоў ХХ стагоддзя ў мінулае, даючы свежы струмень паветра, а паказваў такіх герояў, якія ўмелі супрацьстаяць неспрыяльнай грамадскай атмасферы, застаючыся духоўна прыгожымі і багатымі асобамі. 

Аўтар у пераломных падзеях пярэдадня паўстання 1863 года шукаў вытокі сучаснай яму грамадскай праблематыкі. Прычыну нацыянальнага нігілізму суайчыннікаў мастак слова звязваў са здрадай адукаванай шляхты інтарэсам ніжэйшых слаёў грамадства, што запаволіла развіццё беларускай культуры. Таму поруч з паказам таго, як усё было, У. Караткевіч дамалёўвае тое, што павінна было быць, калі б гісторыя пайшла іншым шляхам. Паводзіны Алеся Загорскага, правобраза чалавека будучага, абумоўлены не толькі вопытам папярэдніх пакаленняў, але і сучасных аўтару людзей.