Печатать книгуПечатать книгу

«Каласы пад сярпом тваім»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: «Каласы пад сярпом тваім»
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 11:54

Гістарычная аснова рамана

Як вядома, у сям’і У. Караткевіча зберагалася памяць пра родзіча, які ўдзельнічаў у паўстанні 1863— 1864 гадоў. Сямейнае паданне было пацверджана архіўнымі дакументамі і стала пралогам у рамане «Нельга забыць». Прадзед У. Караткевіча з боку маці — Тамаш Грыневіч — камандаваў атрадам паўстанцаў і быў расстраляны па загадзе Мураўёва. У архіве захаваўся верш, напісаны Тамашом Грыневічам, які сведчыць пра тое, што ў родзе, з якога выйшаў пісьменнік, здаўна жылі ўменне валодаць родным словам, а таксама жаданне, каб гэта слова гучала на Радзіме без ніякіх перашкод, каб да яго ставіліся з павагай. 

У інтэрв’ю, якое даў У. Караткевіч вядомаму даследчыку беларускай літаратуры А. Мальдзісу ў 1967 годзе, пісьменнік прызнаваўся: «Задума [напісаць раман “Каласы пад сярпом тваім”] з’явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага ўніверсітэта. Замест таго, каб хадзіць на лекцыі, — сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў — мужных свабодалюбівых людзей. І сярод іх — паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за вашу і нашу свабоду. А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць».

 Доўгі час сапраўдная гісторыя гэтага паўстання замоўчвалася. Караткевіч стаў першым з беларускіх пісьменнікаў, хто паспрабаваў сказаць праўду пра яго.

У другой палове ХХ стагоддзя мастак слова стаў заснавальнікам гістарычнай прозы ў нацыянальным слоўным мастацтве, бо быў перакананы, што «без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць, непераходзячая, сталая, вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным, і ў вялікім».

Грамадзянская пазіцыя У. Караткевіча ўвасоблена ў рамане «Каласы пад сярпом тваім», над якім аўтар працаваў на працягу 1962—1964 гадоў. Шлях твора да чытача быў няпросты. Афіцыйная крытыка папракала пісьменніка ў тым, што галоўным героем свайго твора ён зрабіў арыстакрата, а не селяніна. Раман У. Караткевіча дазваляў чытачам зразумець прычыны паўстання 1863 года, яго нацыянальна-вызваленчы характар, знаёміў з прадстаўнікамі розных сацыяльных слаёў, палітычных сіл, якія прымалі ўдзел у барацьбе. Лепшыя сыны і дочкі ў каторы раз не шкадавалі свайго жыцця, каб вярнуць народу права быць самім сабой. «У гэтым паўстанні, — сцвярджаў пісьменнік, — галоўнае месца належала шляхце, але К. Каліноўскі вельмі хацеў і шмат рабіў для таго, каб плячо ў плячо з шляхціцам стаў і беларускі селянін. Дзеля гэтага ён і выпускаў “Мужыцкую праўду”».

Караткевіч пераканаўча паказваў, што паміж лепшымі, нацыянальна свядомымі прадстаўнікамі шляхты, такімі як Загорскія, Раўбічы і іншыя, і сялянамі не было прорвы. У многім інтарэсы і памкненні беларускага дваранства і сялян супадалі. Пісьменнік хацеў сказаць чытачу, што паўстанне 1863 года было выступленнем за волю і долю, за вяртанне беларусаў да гістарычнага жыцця ў свеце, прызнанне іх як аднаго са славянскіх народаў, за плячыма якога вельмі багатая гісторыя. Гэта была барацьба за права быць роўнымі сярод роўных. 

Падаўленне паўстання запаволіла гэты працэс, але мару пра нацыянальнае і сацыяльнае разняволенне нельга было вынішчыць з сэрцаў патрыётаў. Для многіх з іх асоба К. Каліноўскага стала знакавай, у тым ліку і для У. Караткевіча. Па ўспамінах А. Мальдзіса, галоўнае месца на пісьмовым стале аўтара «Каласоў...» займаў наклеены на шэрае палатно велізарны партрэт К. Каліноўскага, поруч з ім каваны ў жалезе свяцільнік, у якім, нібы агромністая кропля крыві, чырванеў пафарбаваны воск. Гаспадар запальваў свяцільнік толькі раз у год — 21 сакавіка, у гадавіну гераічнай смерці выдаўца «Мужыцкай праўды». 

Раман «Каласы пад сярпом тваім» ствараўся праз стагоддзе пасля паўстання 1863 года. У 1965 годзе ён быў надрукаваны на старонках часопіса «Полымя». Твор быў неадназначна ўспрыняты тагачаснай крытыкай. Рэцэнзент М. Гарбачоў лічыў, што «аўтар захапіўся апісаннем жыцця шляхецтва, ён стварае ідылічныя малюнкі баляў і прыёмаў, піша пра шыкоўныя асабнякі і карцінныя галерэі... Усё гэта зніжае напал і складанасць змагання народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Алесь Загорскі і малады Кастусь Каліноўскі разам са сваімі сябрамі, студэнтамі гутараць і спрачаюцца пераважна пра беларускую культуру і родную мову, пра адукацыю і інтэлігенцыю».

Поруч са станоўчай рэцэнзіяй А. Мальдзіса з’явіўся крытычны артыкул Я. Герцовіча, які паставіў пад пагрозу выхад рамана асобнай кнігай. І хоць раман «Каласы...» афіцыйна не быў забаронены, аднак самастойным выданнем чытачы ўбачылі твор толькі праз тры гады.

Наватарства празаіка выявілася ў праўдзівым узнаўленні духу таго часу, новым поглядзе на ролю шляхты і сялян у паўстанні 1863— 1864 гадоў. Ключом для разгадкі звышзадачы, якую ставіў пісьменнік, калі ствараў раман, можа быць наступнае аўтарскае прызнанне: «На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь, да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў у сабе?»

У рамане адлюстраваны перыяд з 1850 па 1861 год (у канцы рамана Алесь Загорскі спрабуе аслабіць наступствы стыхійнага бунту сялян, які ўзнік пасля знаёмства прыгонных з царскім Маніфестам 1861 года). У 50—60-я гады ХІХ стагоддзя ў вызваленчым руху дваранскія рэвалюцыянеры саступалі месца рэвалюцыйным дэмакратам — выразнікам інтарэсаў сялян. Магчыма, вобраз грушы сімвалізуе ў творы магутнае шляхецкае саслоўе, якому пасля падаўлення царскім урадам паўстання 1863 года наканавана было знікнуць з гістарычнай арэны. Аднак пісьменнік не абмяжоўваўся паказам падзей сярэдзіны ХIХ стагоддзя. Праз увядзенне ў твор хронікі роду Загорскіх, вобраза Чорнага Войны, легенд і паданняў пісьменнік дае магчымасць чытачу адчуць прычынна-выніковыя сувязі ў гістарычным працэсе, выхоўвае паважлівыя адносіны да нашых продкаў. 

У рамане дзейнічаюць гістарычныя асобы: паўстанцы Кастусь і Віктар Каліноўскія, Зыгмунд Серакоўскі, Станіслаў Манюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і інш. Іх вобразы створаны з дакументальнай праўдзівасцю. Сярод канкрэтна-гістарычных асоб адметнае месца належыць К. Каліноўскаму. Апісанне знешнасці кіраўніка будучага паўстання падаецца ў творы праз успрыманне Алеся Загорскага, які ўпершыню ўбачыў Кастуся на свіслацкім кірмашы: «Хлопец, можа, на нейкі год старэйшы за Алеся, невысокі, каржакаваты, з цёмна-русымі прыгожымі валасамі. Рысы ў хлопца былі няправільныя, але буйныя і нават у чымсьці прыгожыя». У рамане У. Караткевіч завастрыў увагу на спрэчных момантах з біяграфіі К. Каліноўскага, расказаў пра яго канфесійную і нацыянальную прыналежнасць. Вобраз кіраўніка паўстання рамантызуецца пісьменнікам, К. Каліноўскі паказаны ў творы сантыментальным і ўзнёсла-прыгожым. Аўтар імкнуўся выклікаць у чытача сімпатыю да свайго любімага героя, хоць яго знаёмства з архіўнымі матэрыяламі аб паўстанні 1863 года сведчыла пра тое, што кіраўнік паўстання быў даволі жорсткім чалавекам, «функцыянерам, заціснутым самадысцыплінай». У драме «Кастусь Каліноўскі», рамане «Каласы пад сярпом тваім», вершаваных творах пісьменнік паэтызаваў героя і сцярджаў, што ён «варты лепшага ў свеце кахання». 

Гартуючы свае душы для змагання за праўду і справядлівасць, Алесь Загорскі, Кастусь і Віктар Каліноўскія добра ўсведамляюць, што адной зброі недастаткова, каб вярнуць свайму народу самапавагу і павагу іншых народаў. І вечарына ў Адама Кіркора, і сутычка пасля яе ў гімназіі, і спрэчка Алеся і Віктара з Ямантам сведчаць пра тое, што юнакі перакананы: месца народа сярод іншых супольнасцей вызначаецца ўкладам кожнай асобнай нацыі ў скарбонку агульначалавечых каштоўнасцей, куды ўваходзіць зробленае ў галіне мастацтва, літаратуры, навукі. Невыпадкова ў рамане дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы, якія ахвярна служылі свайму народу. Гэта В. Дунін-Марцінкевіч і яго дачка Каміла, Ф. Багушэвіч, С. Манюшка, В. Каратынскі і іншыя, якія шмат зрабілі для таго, каб голас беларусаў загучаў у свеце.

 

Прадстаўнікі дваранства ў рамане

«Каласы пад сярпом тваім» — гэта твор, у якім носьбітамі аўтарскага ідэалу з’яўляюцца вобразы багатых людзей. Акім, Даніла, Юры, Алесь Загорскія выклікаюць сімпатыю ў чытача, якому імпануюць іх маральныя якасці: мужнасць, годнасць, высакародства, гуманістычныя адносіны да прыгонных сялян, здольнасць шчыра і аддана кахаць, сябраваць і г. д.

Алесевага прадзеда, які «слаўна зведаў анархію апошніх год “кароны” і шляхецкую “вольнасць”», які «мог бы, здаецца, жыць і жыць, умешвацца ў палітыку, а з часам, магчыма, і ўплываць на яе», мучылі прыступы антрапафобіі. Ненавідзець людзей вымушалі Акіма Загорскага нікчэмныя ўчынкі шляхты. Князь быў перакананы, што менавіта анархія і змаганне розных магнацкіх груповак прыводзяць Рэч Паспалітую да аслаблення, таму яму было брыдка рабіць так, як тыя, кім пагарджаў: «падпойваць шляхту, гарлаць на сейміках, глядзець, як потныя і ачмурэлыя людзі вырашаюць палітычныя пытанні бойкай і шалёна сякуцца на шаблях».

Вузка эгаістычныя інтарэсы шляхты прывялі Рэч Паспалітую да яе заняпаду і падзелаў паміж буйнымі дзяржавамі-суседзямі, страты дваранствам некаторых сваіх правоў. Аднак сын Акіма Загорскага Даніла адмовіўся ўзначаліць дваранскі рух на баку Напалеона, які абяцаў аднавіць Вялікае Княства Літоўскае. Уладзімір Караткевіч паказаў, што Вежа ўсведамляў, якія надзеі з прыходам Напалеона звязвалі сяляне і паны: першыя спадзяваліся на вызваленне ад прыгону, а другія верылі ў аднаўленне літоўска-крыўскай дзяржавы. Даніла Загорскі быў перакананы, што карсіканца мала хвалявалі клопаты і першых, і другіх.

Вежа адмаўляецца выступіць на баку Напалеона, бо ўпэўнены, што «гэта не барацьба за радзіму». Даніла не хавае сваёй іроніі ў ацэнках Напалеона. Вежа разумее, што імператарам кіруюць эгаістычныя інтарэсы. Ён марыць пра сусветную славу, уладу, як і ўсе тыраны, дбае найперш пра сябе.

Трагічны лёс Чорнага Войны — яшчэ адно сведчанне духоўнай дэградацыі мясцовай шляхты. У юнацтве яму давялося перажыць горыч паражэння паўстання 1830—1831 гадоў, з якім былі звязаны надзеі ўсталяваць грамадскае жыццё ў адпаведнасці з ідэаламі чалавечнасці і дэмакратызму. Відаць, самым страшным для змагара было расчараванне ва ўласных сябрах па зброі, бо многія з іх, у тым ліку і Хлапіцкі, змагаліся за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, ігнаруючы інтарэсы сялянства. Война пераканаўся ў нікчэмнасці бліжэйшых сяброў, адсутнасці стойкасці і высакароднасці былых паплечнікаў.

У час размовы з Раўбічам Война называе дыктатара паўстання 1830 года Хлапіцкага Напалеончыкам. Асэнсоўваючы праз гады прычыны паражэння гэтага паўстання, Чорны Война вымушаны з болем прызнацца Раўбічу: «Мне тады было дзевятнаццаць, і я верыў у людзей. Верыў у бунт, у наша паўстанне, у тое, што людзі яму не здрадзяць. <…> Я верыў, што астатнія думаюць, як я. Напэўна, таму, што любіў сваё Прыдняпроўе і верыў, што мае сябры жадаюць яму дабра. А потым пачалося. Перш за ўсё здрадзіла гэтая сволач, Хлапіцкі. Дыктатар паўстання. Напалеончык... Потым іншыя. Разгул подласці і жывёльнага жаху... Што здзіўляцца, што нас разбілі, што мужыкі нам не верылі». Лёс Чорнага Войны трагічны. Яму яшчэ юнаком давялося перажыць горыч паражэння паўстання 1830 года, з якім былі звязаны надзеі ўсталяваць грамадскае жыццё ў адпаведнасці з ідэаламі чалавечнасці і дэмакратызму.

Глыбока расчараваным у жыцці з’яўляецца і Вежа. Аўтар адзначае: «Яму было пяцьдзясят чатыры, калі ён канчаткова страціў веру ў сумленне і гонар улад, у карыснасць дзяржаў, у тое, што свет ідзе да лепшага». Назіранне за шляхтай, якая патанула ў распусце, пагоні за матэрыяльным дабрабытам, прывяло Вежу да страты веры ў будучыню. Халуямі ўслед за Данілам Загорскім называе шляхту і Надзея Клейна. Падставай для гэтага сталі паводзіны вышэйшага саслоўя ў пераломныя для Радзімы часы.

Песімістычныя погляды на будучыню краю характэрны і для Юрыя Загорскага. У радавым склепе князь вымушаны быў сказаць сыну: «Калісьці мы, напэўна, маглі быць вялікія, але не здолелі. Наша палітычнае быццё скончылася». Гэта сцвярджэнне князя народжана ўсведамленнем таго, што шляхта аказалася няздольнай выканаць сваю гістарычную місію. Аналагічнай думкі прытрымліваецца і Яраш Раўбіч. У размове з князем Юрыем ён прызнаецца, што «дыхаць, дыхаць цяжка ад ганьбы і сораму за людзей».

Рускі граф Ісленьеў у размове з князем Юрыем з прыкрасцю гаворыць: «Злітуйся, Божа, над тымі, хто служыць д’яблу, хоць словам, хоць маўчаннем дапамагае яму... Хіба гэта дваране?! Ні сораму, ні гонару. Усё адно каго хваліць, усё адно перад кім звівацца на пузе, усё адно каму бессаромна падтакваць. Усё адно перад кім каяцца ва ўчарашніх подласцях, а сёння рабіць новыя, каб заўтра было ў чым каяцца перад іншым». Лісам Патрыкеевічам называе Ісленьеў у мінулым былога сябра дзекабрыстаў — рэальную гістарычную асобу Міхаіла Мураўёва. Адступнік, перараджэнец, які заплаціў за дзяржаўную пасаду цану ўласнай душы, ніяк не можа забыць грахоў маладосці.

Даніла Загорскі не бачыць дастатковай колькасці тых, хто мог бы ўзняцца супраць абставін. З сумам і болем ён прызнаецца ўнуку: «Няма з кім. Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей». Так думае і Яраш Раўбіч, тайна рыхтуючы дваранскае паўстанне: «Ну, пачнеш непадрыхтаваным. Ну, загінеш і сяброў загубіш. Зямлю шыбеніцамі заставяць. Мы не маем, не маем права рызыкаваць. Загінуць — добра. Загінуць — трэба. Але так, каб ад гэтай загібелі быў нейкі плён».

Трагізм сітуацыі, у якой апынуліся Вежа, Юры, Война, шляхта, якая згрупавалася вакол Яраша Раўбіча, бачыцца ў тым, што любімых герояў пісьменніка не палохае перспектыва загінуць у час паўстання, куды страшнейшае для іх усведамленне таго, што можна памерці, так і не пачаўшы жыць.

У рамане «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіч паказаў, што хоць шляхце былі даступныя пісьменнасць і высокая культура, на ўзроўні якой фарміруецца ўяўленне пра нацыянальнае, аднак яна аказалася няздольнай стаць акумулятарам уласна беларускай ідэі. Трагічны вобраз квітнеючай пахіленай грушы над кручай Дняпра, з апісання якога пачынаецца твор, з’яўляецца сімвалам гэтага саслоўя. Мастак слова дае магчымасць чытачу прасачыць за працэсам вымірання беларускай шляхты, дазваляе адчуць, чаму цэлае саслоўе людзей з суб’екта дзеяння ператвараецца ў аб’ект насмешак гісторыі.

Вобразы сялян у рамане

Поруч з хронікай роду князёў Загорскіх у творы даецца радавод прыгонных Кагутоў. Іх род пачынаецца з Рамана і яго сына Маркі, якога суд адправіў на катаргу. Яго сын Даніла, гадуючыся сіратой, вырас і стаў дзедам. У клопаце пра хлеб надзённы жыве дружная сям’я Міхала Кагута. Дзеці з маленства прывучаны да працы і паслухмянасці. Гонар роду для іх не пустое слова.

Цаной уласных жыццяў заплацілі за вернасць звычаям Стафан Кагут і Юллян Лапата. Яны сталі сведкамі таго, як за двума невядомымі коннікамі гнаўся дзясятак верхавых, і накіравалі пагоню ў адваротны бок. Аўтар не ідэалізаваў сваіх герояў, праўдзіва паказваючы, што тварылася ў іх душах, калі невядомыя патрабавалі ад сялян адказу: «Стафан глядзеў на яго і думаў, казаць ці не. Бадай, не варта было хлусіць: невядома ж, што то былі за людзі, дый звязвацца з гэтымі страшна. Але завешаных было многа, а звычай казаў: бачыш, што шмат людзей гоняцца за адным, — не памагай».

Смерць Стафана стала цяжкім выпрабаваннем для ўсёй сям’і, асабліва для Кандрата, які прыняў рашэнне ўзняцца на барацьбу. На гэта яго падштурхнуў старэйшы брат, які, паміраючы, узяў з Кандрата слова расквітацца з забойцам. Па дарозе на могілкі Кандрат разважае: «Шкада будзе, калі не заб’е за сорак дзён. Душа братава не так узрадуецца. Але нават калі не паспее — няхай. Ён звык цярпець. Ён мужык, і ён даў слова. Ён будзе хадзіць месяц, два, год, але ён перастрэне Тодара аднаго. Нельга сказаць, што яму будзе лёгка яго забіць: ён яшчэ ніколі не забіваў. <...> “Церпім, церпім, церпім, а яны ўважаюць нас за дурных зайцоў. Судзяць нас, распраўляюцца як хочуць і ўпэўнены ў тым, што няма ім пакарання. Таму і робяць, што душа іхняя жадае. <…> Ну то калі не карае Бог, не карае начальства, хай пакарае сам пакрыўджаны”» — вось тая выснова, да якой прыходзіць Кандрат Кагут, думаючы пра смерць брата.

Высновы Кандрата сугучныя рашэнню, да якога крыху раней прыйшоў Корчак пасля таго, як стаў адзіным віноўнікам бунту ў Півошчах. Сяляне ўзбунтаваліся таму, што Кроер пачаў закранаць звычаёвае права. Некалькі разоў яны сцярпелі, а пасля іх цярпенне лопнула. Патрабаваць «спрадвеку ўсталяванае» выступіў з натоўпу Янка Губа, «самы стары дзед на сяле». Калі ж аканом «размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай спіне», «адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і сам ён не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівым і амаль спакойным. А рукі ў гэты час тарганулі з зямлі граблі і шпурнулі іх у аканома». Тое, што адбылося з селянінам, прымушае яго асэнсаваць сваё новае становішча. Уладзімір Караткевіч паказаў тую небяспеку, якую нясе ў сабе новы Корчак. «Караць павінны іх, — думае Корчак, — а караюць яго. Калі зямны суд такі хлуслівы, такі няправедны, чаму б не судзіць кожнаму, папраўляючы яго. Чаму не губернатару? Чаму не дзядзькаванаму смаркачу Загорскаму? Чаму не... мне? Чаму сапраўды? Ён няўлоўна ўсміхнуўся навізне і небяспечнасці гэтых думак. Так ён зробіць. Суд дык суд. І ўсім, хто страляў у крыжы, не пайсці жывымі». Караткевіч паказвае тую небяспеку, якую нясе ў сабе «новы» Корчак.

Лепшае, што было ў натуры гэтага селяніна, знішчана жаданнем помсты. І ўжо не так важна каму, галоўнае — помсціць. Як кат паводзіць сябе селянін, аслеплены нянавісцю, у маёнтку Раўбіча. Невыпадкова кіраўнік бунтароў пачынае траціць аўтарытэт сярод сваіх прыхільнікаў. Паход сялянства на Гарыпяцічы ў пошуках сапраўднай царскай граматы яскрава сведчыць пра нізкі ўзровень свядомасці і паплечнікаў Корчака, і яго самога.

Даводзіцца згадзіцца з сумнай высновай Кастуся Каліноўскага: «Мы нават да любові да Радзімы ў большасці не дараслі». Аўтар пераканаўча паказаў, што Корчак, ап’янелы ад думкі, што вось, урэшце, настаў іх час, не ведаў, «што ўся гэтая спроба з самага пачатку асуджана на правал. <…> Корчак не ведаў, што і Кагуты ідуць з ім не ад усяго сэрца. Пайшоў Кандрат, адзіны, хто ведаў праўду пра смерць Стафана і яшчэ гневаўся на ўсіх. Андрэй рушыў за ім: нельга ж было кінуць блізнюка». Паход на Гарыпяцічы У. Караткевіч назваў «выхадкай гераічнай, але бессэнсоўнай і таму трагічнай».

Аўтар захапляўся маральнымі ідэаламі беларускага сялянства, вернасцю традыцыям продкаў, здольнасцю ў неспрыяльных умовах захаваць мову і самабытную культуру. У той жа час пісьменнік не баяўся засяродзіць увагу на тым, што не можа прыняць у мужыках — адсутнасці грамадскіх і грамадзянскіх інтарэсаў, якія могуць згуртаваць людзей на вялікую справу.

У вусны млынара Грыня Паківача У. Караткевіч улажыў горкія словы папроку і перасцярогі: «Нішто вас не вяжа, кожнаму свая шкура даражэй... Калі не зменіцеся — так вам давеку быдлам і быць». Гэта думка больш выразна і катэгарычна гучыць у пісьме Каліноўскага да Алеся Загорскага, у якім Кастусь перадае пачутую ад прыяцеля (вельмі дасведчанага чалавека) ацэнку свайго народа, згодна з якой «мы, беларусы, занадта любім храбрых дзядзяў. Маўляў, лепей няхай дзядзя палаецца з моцным або хаця дулю яму пакажа, а мы будзем з-за ягонай спіны ў ладкі пляскаць, а то і проста ціха радавацца». 

Пра чаканне сялянамі абаронцы, які з’явіцца, каб усталяваць народную справядлівасць, сведчаць прыведзеныя ў творы легенда пра волатаў, якія спяць, песня пра белае жарабятка, рэакцыя натоўпу на з’яўленне Алеся на белым кані ў час бунту ў Гарыпяцічах. Каліноўскі разумеў надзеі і характар сялян, таму сцвярджаў: «Калі мы ненавідзім гэтую рабскую, гнойную частку крыві нашага народа, мы самі павінны зрабіцца “храбрымі дзядзямі”, а не ціха радавацца з-за чужой спіны».

Майстэрства пісьменніка ў стварэнні чалавечых характараў

У рамане «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіч выяўляецца як педагог, публіцыст, гісторык, філосаф-мастак. Усёй разнастайнай палітрай мастацкіх сродкаў пісьменнік імкнуўся пераканаць чытача ў святасці «жыцця для ўсіх» і нікчэмнасці «жыцця для сябе». Крытыкі і мовазнаўцы неаднаразова звярталі ўвагу на жывапісную манеру пісьма аўтара «Каласоў пад сярпом тваім». Быкаў, адзначаючы, што Караткевіч выдатна ўмее маляваць, выяўляць словам, бачыў падабенства пісьменніка з фламандскім мастаком Брэйгелем. Думку аўтара «Абеліска» падтрымліваў і Г. Кісялёў, згадваючы слоўны партрэт Мураўёва-Вешальніка. «Мне даводзілася нямала чытаць апісанняў аблічча Мураўёва і бачыць яго партрэтаў. Магу засведчыць, што Караткевіч намаляваў яго па-майстэрску. Той, каму ў 1863 годзе даручана было «ратаваць» Беларусь і Літву, быў не чалавек, а бяздумны, па-механічнаму разумны, бюракратычны робат».

Яшчэ ў старажытнасці была заўважана залежнасць экспрэсіўнасці паводзін (руху, мімікі, жэстаў, паходкі і г. д.) чалавека ад яго псіхічнага стану. Гэта знайшло сваё ўвасабленне ў старажытных скульптурах, масках, карцінах. Партрэты герояў У. Караткевіча, характарыстыка іх паводзін у рамане сведчаць пра тонкае адчуванне пісьменнікам псіхалагічнай неадназначнасці экспрэсіі. Успомнім, якім паўстае перад Алесем Мусатаў у час іх першай сустрэчы: «Алесь убачыў перш за ўсё вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пад пясочнымі брывамі, храшчаваты нос і маладыя, але ўжо шчэцістыя вусы і бакенбарды. Твар быў бы амаль грубы, хаця і прыгожы, каб не вішнёвыя вусны і зусім юны, празрыста-ружовы румянец тугіх шчок. <…> Але цікавей за ўсё былі рукі: учэпістыя, вельмі характэрныя і прыхавана-нервовыя, са сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі. Адна рука сціскала павады, другая гладзіла карак каня».

У. Караткевіч, надзяляючы свайго героя вузкімі зеленаватымі, як у рысі, вачыма, падкрэсліваў у ім характар драпежніка, што здольны нечакана, хітра і спрытна расправіцца са сваёй ахвярай. Іранічнае стаўленне аўтара да гэтага героя падкрэсліваецца спалучэннем імя і прозвішча персанажа — Апалон Мусатаў. Ні ўнутраны свет жандара, ні яго знешні выгляд не адпавядаюць імені, якое ў старажытных грэкаў атаясамлівалася з богам святла і мастацтва. І хоць аўтар не даў прамой ацэнкі Мусатаву, чытачу відавочна, што яна адмоўная. Акрамя насмешкі, іроніі, у аўтарскім апісанні адчуваецца і перасцярога чытачу пра небяспечнасць людзей, якія, каб выслужыцца, гатовы прадаць душу д’яблу.

Прыгадаем, што ўпершыню вобраз Мусатава падаецца праз успрыманне малога Алеся Загорскага. Па дарозе ў Загоршчыну пасля дзядзькавання Алесь засынае. Яму сніцца сон пра коней і белае жарабя. Раптам у сне хлопец адчуў, што нешта змянілася, што кабрыялет стаіць, і прачнуўся ад няяснай трывогі. Аўтар пісаў: «Вакол зноў былі рунь і жаўранкі. А па гэтай руні, здалёку, нехта ехаў на дарашаватым кані». Мусатаў упершыню перад чытачом паўстае коннікам, што топча рунь. У далейшым разгортванні падзей гэта дэталь узбуйняецца да значэння сімвала. Мусатаў, распраўляючыся з сялянскім бунтам, гэтак жа нахабна топча лёсы ні ў чым не павінных людзей. «Бунт быў занадта шчаслівы выпадак, — заўважыў пра жандара аўтар, — каб выпусціць ініцыятыву з рук, аддаць яе другому, застацца без рэпутацыі мужнага і дзейнага чалавека». Гэтаму чалавеку, які вельмі даўно марыць пра кар’еру, усё роўна, што таптаць: ці маладую рунь засеянага чужым потам поля, ці кволую рунь чалавечага жыцця. Гэты матыў руні пад капытамі ідэйна звязаны з сімволікай назвы рамана. Гэта пра мусатавых, кроераў, таркайлаў скажа вуснамі Вежы аўтар пасля таго, як пад капытамі коней загіне Алесева бурачная плантацыя: «А што такое мера добрага ці дрэннага? Шмат у каго — кішэнь. Дзеля яе іншы не тое што бурак — чалавека стопча». 

Аўтару ўдалося выклікаць у чытача антыпатыю да тых герояў, што жывуць эгаістычнымі інтарэсамі. Гэта дасягаецца праз выкарыстанне пісьменнікам ацэначных эпітэтаў, якія з’яўляюцца сродкам ускоснай аўтарскай характарыстыкі герояў. Чытач яшчэ нічога не ведае пра паводзіны братоў Таркайлаў. Аўтар спачатку акцэнтаваў увагу на іх знешнім выглядзе: «Абодва ў дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру, абодва трошкі занураныя, абодва пышнавусыя, яны чымсьці нагадвалі камічных шляхцюкоў з карціны “Бітва пад Оршай”. Праўдзівей нагадвалі б, бо ні ў аднаго ў вачах не было дабрадушнасці. Насцярожаныя шэрыя вочы, жорсткі прыкус вуснаў». Прыметнік «шэры» ў гэтай моўнай сітуацыі выступае як ацэначны эпітэт. Шэрасцю, беднасцю вылучаецца духоўны свет Таркайлаў.

Вернасць традыцыям, якая выяўляецца ў адзенні, не падмацавана душэўным падмуркам, сведчаннем якога маглі быць дабрадушнасць і адкрытасць. У братоў яна заменена жорсткасцю, што перадаецца праз апісанне вуснаў. Пазней праз вельмі трапную, метафарычную характарыстыку Мсціслаў удакладняе і канкрэтызуе сутнаснае ў братоў Таркайлаў: «Гэтыя старасветчыкі, гэтыя святыя ды божыя старазаветныя шляхцюкі — яны горла за свае грошы перарваць гатовы. У іх замест сэрца — каліта, замест мозгу — каліта. Яны з тых страшненькіх, што добрыя-добрыя да чалавека, проста хоць ты іх да скулы кладзі… аж да таго часу, пакуль справа не дойдзе да іхніх інтарэсаў. І тут яны — заб’юць учарашняга сябра».

Пры дапамозе аўтарскай характарыстыкі завастраецца ўвага на працэсе духоўнай дэградацыі асобных людзей, што негатыўна ўплывае на сацыяльнае і маральнае жыццё грамадства.

 

Духоўны воблік Алеся Загорскага

Сваю мару пра дасканалага, гарманічнага чалавека У. Караткевіч увасобіў у вобразе Алеся Загорскага. На вачах у чытача раскрываецца дыялектыка яго душы. Упершыню перад чытачом галоўны герой рамана паўстае ў падлеткавым узросце. Хлопчыка-княжыча аддалі ў сялянскую сям’ю на дзядзькаванне. Крытыкі неаднойчы папракалі пісьменніка ў тым, што ён перанёс звычай дзядзькавання ў ХІХ стагоддзе.

Але гэты анахранізм1 мае вялікае значэнне для раскрыцця аўтарскай задумы — паказаць ідэал гарманічна развітой асобы і тыя факты, што спрыяюць яе з’яўленню. На развіццё чалавека, як сцвярджае пісьменнік, уздзейнічаюць і такія «дробязныя» фактары, на якія ў часы стварэння рамана ніхто і не звяртаў увагі: вада, якую чалавек п’е, паветра, якім дыхае, ежа, якую ўжывае. З радасцю Юры Загорскі аглядае сына пасля дзядзькавання: «Некалькі год сярод жытнікаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фізічныя практыкаванні, размеранае жыццё. <…> Я шчаслівы за хлопца». Жыццё сярод простых людзей дало Алесю ўяўленне пра тое, якой цаной забяспечваецца дабрабыт яго сям’і.

Важным гарантам духоўнай моцы маладога чалавека У. Караткевіч лічыў спрыяльную сямейную атмасферу. Пасля дзядзькавання бацька вядзе сына ў магільны склеп продкаў, дзе Алесь адчувае сябе звяном у радавым ланцугу. Князь Юры перакананы, што чалавека са сваімі папярэднікамі звязвае не толькі крэўная, але і духоўная сувязь: «Сорак. Гэта тыя, што былі да нас, і мы, і тыя, што яшчэ будуць. І кожнаму наступнаму цяжэй, бо ён нясе большы цяжар». У час, калі савецкая ідэалогія пладзіла бязродных Іванаў, У. Караткевіч пераконваў, што веданне гісторыі ўласнага роду выхоўвае чалавека, засцерагае ад памылак, прымушае задумацца пра ўласнае прызначэнне і сваю адказнасць за памнажэнне славы роду.

Загорскія ашчадна зберагалі памяць пра сваіх продкаў, матэрыялізаваную ў кнігах, дакументах, карцінах. Лепшыя якасці продкаў і павінен панесці далей Алесь, каб потым перадаць паслядоўнікам. Малодшы Загорскі становіцца сэнсам жыцця, апраўданнем быцця на гэтай зямлі бацькі і дзеда, і яны прыкладаюць усе сілы, каб іх нашчадак стаў лепшым за іх саміх. Спакойна і нават з цікавасцю Алесь успрымае тое, як з яго, амужычанага паніча, пачынаюць рабіць князя, далучаюць да еўрапейскай культуры, выхоўваюць свецкія манеры і этыкет. Гэта было нялёгка і патрабавала ад хлопца фізічных і інтэлектуальных высілкаў, волі, здольнасці пераадольваць цяжкасці.

Важнае значэнне ў фарміраванні асобы чалавека надаваў У. Караткевіч і акультуранаму асяроддзю пражывання чалавека: архітэктуры, манументальнаму мастацтву, інтэр’еру жылля. Усё гэта, на думку пісьменніка, можа садзейнічаць станаўленню духоўна багатай асобы або, наадварот, спрыяць яе збядненню. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік так падрабязна абмалёўвае архітэктуру палацаў Вежы, Раўбічаў, Загорскіх, інтэр’ер жылых памяшканняў, карцінныя галерэі, калекцыі старажытных скульптур не толькі для стварэння гістарычнага каларыту. Гэта тое, што таксама фарміравала асобу Алеся Загорскага.

Дзядзькаванне, а затым далучэнне да багатых духоўных традыцый свайго роду, магчымасць займацца адукацыяй і самаадукацыяй прывялі Алеся да адчування «повязі яго, шчаслівага, з усім жывым. Ён як быццам адчуў усю недарэчнасць часу і вызваліўся ад яго ланцугоў». Алесь-юнак стаў выразна ўсведамляць сябе часткай гісторыі, прыроды; стаў адчуваць тых, хто жыў учора і даўным-даўно на гэтай зямлі, а таксама тых, хто прыйдзе яму на змену. Гэта адкрыла перад героем перспектывы ўласнага жыцця. Таму з годнасцю і ўсведамленнем правільнасці ўласнага выбару Алесь гаворыць: «Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа. Да гнанага, да абрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася».

У фарміраванні асобы Алеся многа значыла знаёмства і сяброўства з Кастусём Каліноўскім: «Алеся цяпер цягнула да гэтага хлопца. Таму, што ён, не ведаючы Алесевых думак, прыйшоў да таго самага». Крыўда за бедных людзей, за сірату-зямлю выклікае ў іх душах жаданне зброяй аднавіць справядлівасць. Па перакананні юнакоў, нельга цярпець і моўчкі назіраць, што «песні нашы затаўклі ў гразь, талент распялі, гордасць аплявалі. Усё забралі: зямлю, ваду, неба, свабоду, гісторыю, сілу... Нельга больш цярпець, іначай страцім апошняе: душу сваю жывую».

Прызнаючы ролю сістэматычнага навучання для ўсебаковага развіцця асобы, У. Караткевіч даў магчымасць свайму герою павучыцца спачатку ў Віленскай гімназіі, а потым у Пецярбургскім універсітэце. Тым самым пісьменнік паказаў, што ўстановы, створаныя для сацыялізацыі юнага пакалення, у значнай ступені ўплывалі на станаўленне асобасных якасцей маладога князя. Для фарміравання яго характару вялікае значэнне мела і ўласная актыўная пазіцыя. Празаік быў перакананы, што жыццёвы шлях асобы павінен вызначацца самой асобай, здольнай яго выбіраць, будаваць свой лёс, фарміраваць сябе.

_______________

1 Анахрані´зм — парушэнне храналагічнай дакладнасці, якое прыводзіць да неапраўданага ўнясення ў апісанне якой-небудзь эпохі рыс, характэрных для іншага часу.

Каханне Алеся Загорскага і Майкі Раўбіч

Характар галоўнага героя рамана «Каласы пад сярпом тваім» таксама раскрываецца праз узаемаадносіны з каханай. Майка пазнаёмілася з Алесем у час свята, якое наладзілі Загорскія ў гонар пастрыжэння свайго нашчадка ў юнакі. Старэйшая дачка Раўбіча, якая вырасла ў атмасферы любові, упэўнена трымаецца сярод незнаёмых людзей. Дзяўчынцы імпануе той факт, што яна аказалася ў цэнтры ўвагі і дарослых, і дзяцей. Адчуваючы сімпатыю да Алеся, Майка на людзях знарок дражніць хлопчыка, гаворыць непрыемныя для яго рэчы.

Аднак за маскай злой, калючай, эгаістычнай князёўны хаваецца ўражлівая, тонкая душа дзяўчынкі-падлетка, якая баіцца адкрыта выяўляць свае пачуцці. Спатканне з Майкай пакінула след у душы хлопчыка. Аднак сустракаліся яны рэдка. Улетку, калі Алесь жыў у Загоршчыне, бацька вазіў Майку то на воды, то ў госці да цётак. «За гады, — звяртае ўвагу аўтар, — міжволі вырасла нейкая дзіўная адчужанасць. Чужым і чамусьці маладзейшым за яе здаваўся ёй суседскі хлопец, якому яна калісьці падарыла свой жалезны медальён».

І вось маладыя людзі зноў павінны былі сустрэцца. Безумоўна, Майка чакала гэтай сустрэчы... «Сэрца захлыналася ад чакання. Чаго яна чакала — яна не ведала і сама. Хутчэй за ўсё — беспрычыннага, маладога, такога вялікага, што аж сэрца спыняецца, шчасця». Шчасцем ужо быў першы «дарослы» баль, шчасцем была «дарослая» бальная сукенка, шчасцем было адчуваць сябе маладой, прыгожай, у якой усё яшчэ наперадзе. Майка глядзела ў люстэрка і «бачыла сябе нібы новай, чужой, і гэтая чужая шаснаццацігадовая дзяўчына падабалася ёй».

На баль да Загорскіх ехала дзяўчына, сэрца якой перапаўняла ўсведамленне ўласнай прыгажосці, жаночай сілы. Безумоўна, юнай асобе хацелася падабацца многім маладым людзям, ёй хацелася кружыць ім галовы, слухаць у свой адрас словы захаплення і прызнанні ў каханні. З узнёслым настроем увайшла старэйшая дачка Раўбіча ў бальную залу Загорскіх і ўбачыла, як ад дзвярэй глядзяць на яе вочы пана Юрыя і пані Антаніды: «Глядзяць з нейкім асцярожным чаканнем. І ў сэрцы нарадзіўся неасэнсаваны пратэст: “Нашто яны так глядзяць на мяне?”»

Засяроджаная цікавасць Загорскіх выклікала ў дзяўчыны абурэнне і страх. Аднак сустрэча з Алесем, выпадковы дотык рук даў дзяўчыне зразумець, што «здарылася нешта нязнанае. Зірнула на Алеся і ўпэўнілася, што ён таксама адчуў, затрымаў на яе плячах і руках чужы позірк. Здарылася непапраўнае». «Нязнаным» стала для маладых людзей з’яўленне пачуцця кахання, такога жаданага, а часам і трывожнага для чалавека. Каб не паказаць сваёй роспачы, Майка паводзіць сябе знарок вельмі жорстка ў адносінах да Алеся, танцуе з іншымі кавалерамі.

Прычыну такіх паводзін аўтар тлумачыць наступным чынам: «Вечар быў кароткі. Яна сто разоў да гэтага сніла яго ў сне. Сніла гэты баль, і музыку, і зарніцы за вокнамі, і нясцерпнае шчасце ад танцаў і ўласнай маладосці. Усяму гэтаму немагчыма было ставіць межы. А Загорскі быў такой мяжою. Няхай прывабнай, але і страшнай у сваёй безагаворачнасці».

Ад роспачы, ад крыўды на саму сябе і на бацьку, які ўпершыню ў жыцці выказаў абурэнне яе паводзінамі, Майка плача: «Што яны ведалі? Што яны ведалі пра яе, і пра медальён, і пра хлопца, які ўзносіўся галавою ў зарніцы? Што яны ведалі аб тым пачуцці ганебнай наканаванасці, якое ўвесь вечар валодала ёю?

Нібы і змагацца нельга. Нібы ўсё даўно вырашана за яе на небе, а яна проста бездапаможнае кацяня, з якім лёс робіць усё, што захоча. <…>

Яна ведала, што яна і надалей будзе з’едлівай і нядобрай. Проста таму, што нельга, каб наканаванне ламала табе рукі. Але, хай ёй прабачаць усе, яна не хацела губляць юнака, які ляцеў між зарніц».

Адносіны паміж маладымі людзьмі неўзабаве наладзіліся: «Лета было летам шчасця. Не разумеючы яшчэ да канца, што такое каханне, Алесь ведаў, што яго кахаюць і ён сам кахае». Але шчасце ўзаемнага кахання ў хуткім часе ператварылася ў бяду. Дачка Раўбіча была вельмі самалюбівым чалавекам. Гэта рыса яе характару дапамагла Хаданскім уцягнуць дзяўчыну ў сваю брудную гульню. Менавіта Майка стала зброяй, з дапамогай якой ворагі вырашылі расквітацца з Загорскімі.

Адмаўляючы Алесю наведваць свой дом, настройваючы супраць каханага бацьку, Майка дбала перш за ўсё пра ўласны гонар і ні на адзін момант не задумвалася над тым, што ў гэты час адчувае суседскі хлопец. Разуменне прыйшло ў велікодную ноч, калі дзяўчына паспрабавала ўвайсці ў становішча Алеся. «Яна глядзела на яго змярцвелае аблічча і глыбокія вочы... Гэтыя вочы глядзелі так, што ў душы з’явілася падазрэнне, якое адразу перарасло ва ўпэўненасць: не вінаваты».

І з такой жа апантанасцю і бескампраміснасцю, з якой раней Майка судзіла Алеся, на гэты раз дзяўчына пачынае распраўляцца з сабой. «Дрэнь. І з-за гэтага ледзь не штурхнула на дуэль, забараніла сустрэчы, аддала яго абразам, зрабіла ворагам яму брата і бацьку. <…> Забіць сябе мала было за ўсё гэта. Але хіба заб’еш? Значыць, пакараць так, каб потым мучыцца і пабівацца ўсё астатняе жыццё».

Усведамляючы сваю памылку, Майка Раўбіч робіць іншую: яна адмаўляецца пахрыстосавацца з Алесем, бо лічыць, што нявартая яго кахання. На гэты раз дзяўчына карае сябе, аднак зноў не задумваецца, што тым самым робіць нясцерпна цяжка Алесю. Сама не жадаючы гэтага, дачка Раўбіча наносіць новы смяротны ўдар чалавеку, якога кахае. Алесь разважае: «Адмовіць у прымірэнні. Няхай, калі не верыць. З гэтым можна прымірыцца. Хоць і цяжка, але можна. Не кахае — няхай. Няхай нават тое, што ўся сям’я пакрыўдзіла і крыўдзіць далей. Але адмовіць вялікай ноччу ў пацалунку?! Такое рабілі толькі, калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга. Такое рабілі толькі даносчыку на сваіх або бацьказабойцу».

Непаразуменне, якое ўзнікла паміж Майкай і Алесем, прывяло апошняга да глыбокага расчаравання ў жыцці. Хлопец не можа зразумець, чаму за любоў яму плацяць пагардай, чаму людзі, якім верыў, аказаліся зусім іншымі, чым ён пра іх думаў, свет ператвараецца ў здзек. У хвіліны найвялікшага адчаю поруч з Алесем аказалася Гелена Карыцкая. І гэта невыпадкова. Былая прыгонная актрыса ўжо даўно нечакана для сябе пакахала княжыча, пакахала, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, у сацыяльным становішчы.

Спачатку гэта была звычайная ўдзячнасць таму, хто даў волю; пасля — радаснае адчуванне таго, што на свеце ёсць чалавек, які яе разумее больш за іншых; затым — высакароднае жаданне служыць гэтаму чалавеку, адплаціць за ўсё, зробленае для яе. Гелена ўсім сэрцам адчувае боль і скруху, якія запаланілі душу каханага. Жаданнем аблегчыць гэты боль тлумачыцца яе ўчынак.

Сваёй любоўю Гелена вяртае Алесю адчуванне радасці жыцця: «Знікла некуды ўтрапёная страшная ярасць. Разбураны свет, што яшчэ гадзіну назад ляжаў у руінах, пачаў збірацца ў адно і, нібы сам сабою, выстройвацца ў нешта зладжанае. І самае пачуццё гэтай гармоніі пасля развалу і дымных руін было шчаснае і вялікае».

Гелена дапамагла Алесю вярнуць былую мужнасць і сілу характару. Высакароднасць паводзін Карыцкай выяўляецца ў тым, што, вяртаючы Алесю веру ў жыццё, яна ведала: па гэтым жыцці яны не будуць крочыць поруч. У адрозненне ад дачкі Раўбіча, якой лёс паслаў узаемнае каханне, Гелена вымушана змірыцца з думкай, што яна менш шчаслівая. За свой учынак жанчына не чакае ніякай узнагароды. Яна сама адхіляе прапанову Алеся ажаніцца, бо ведае, што яго рашэнне прадыктавана пачуццём удзячнасці, а не каханнем.

Гелена не проста таленавітая актрыса, якая ўмее дасканала перадаваць пачуцці сваіх гераінь, але і асоба, здольная да глыбокіх перажыванняў. Яна ведае, што пачуццё кахання ўзнікае ў душы чалавека незалежна ад яго жадання. Таму, сама перажываючы глыбокае пачуццё да Алеся, актрыса не бачыць яго віны ў каханні да Майкі. Каб аблегчыць пакуты маладога мужчыны, Гелена вырашае памірыць яго з Майкай і з гэтай мэтай едзе да Раўбічаў. З цікавасцю і болем назірае актрыса за сваёй шчаслівай саперніцай: «Прыгожая. Нават надзвычай прыгожая і жаноцкая. Абатрэцца трохі, пазбавіўшыся ад свавольстваў, — будзе жанчына... Значыцца, вось каго... Што ж, хіба яна лепшая за мяне?..

Не, не лепшая. Проста другая. І вось такую, другую, ён яе і кахаў. 

На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася. 

Проста перад тым, што яна, Гелена, зрабіла, гэты маленькі верабей нічога не значыў. Алесь, вядома, будзе кахаць яе. І толькі. А яе, Гелену, ён не забудзе».

Гелена дапамагла Майцы зразумець, што, нягледзячы ні на што, Алесь яе кахае, што «яна патрэбна яму і добрая, і благая, усякая. Іначай бы гэта не было каханне».

 Учынак Гелены сведчыць пра духоўную прыгажосць актрысы, добрае веданне ёй чалавечай псіхалогіі, яе жаночую мудрасць і мужнасць, і яна не памылілася. У гэтым пераканаўся і Алесь у час сустрэчы з Майкай: «Лёгкі звон, нібы вада лілася ў вузкагорлы збан, напоўніў Алесевы вушы. Намаганнем волі ён здолеў стрымацца. Але ў тое самае імгненне ён зразумеў, што Гелена мела рацыю, не згаджаючыся на шлюб з ім. Нішто не забыта...»

І хоць Алесь бачыць «усю прорву між апошняй высакароднасцю адной і зажывошчамі другой», ён разумее, што кахае Майку. Сітуацыя, у якую трапіў герой У. Караткевіча, тыповая для закаханага. Нездарма герой старажытных міфаў Купідон малюецца з павязкай на вачах як сімвал таго, што часта закаханыя не зважаюць на недахопы абраннікаў.

Такія ж самыя пачуцці выклікала б у душы Алеся сустрэча з Майкай і тады, калі б ён быў на той момант мужам Гелены. Толькі замест удзячнасці і пакланення магло б узнікнуць пачуццё раздражнення і недаверу да шчырасці памкненняў той, якая вярнула радасць жыцця.

Грунтоўнасць гістарычнага мыслення аўтара

Ключом для разгадкі звышзадачы, якую ставіў У. Караткевіч, калі ствараў раман «Каласы пад сярпом тваім», можа быць наступнае прызнанне: «На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь, да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў у сабе». У гэтым прызнанні пісьменніка выразна высвечваецца і адрасат твораў У. Караткевіча, бо праблема кім і якім быць найбольш вострая ў раннім юнацтве.

Аўтарскім запаветам маладым чытачам гучыць наказ старога Вежы свайму ўнуку Алесю Загорскаму: «Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей. І вось таму я кажу табе гэта, каб ты не быў падобны да іх. Ніколі не бяры прынады, ніколі не бяры славы і ўлады — хаця б цябе сілком цягнулі да іх. Ніколі не йдзі на раду нечасцівых, блажэн муж».

Аўтар «Каласоў пад сярпом тваім» добра разумеў, што ў грамадстве, якое страціла высокія маральныя ідэалы, цяжка стаць высакародным. Пісьменнік усё рабіў дзеля таго, каб у гістарычных творах паказаць маладому чалавеку, «які стаіць перад выбарам, кім яму быць», жыццёвы ідэал, варты пераймання. Магчыма, гэтым імкненнем тлумачыцца выразная рамантычная афарбоўка твораў У. Караткевіча. Ён не проста пераносіў юнакоў, патэнцыяльных сваіх чытачоў, з задушлівай рэчаіснасці 60-х гадоў ХХ стагоддзя ў мінулае, даючы свежы струмень паветра, а паказваў такіх герояў, якія ўмелі супрацьстаяць неспрыяльнай грамадскай атмасферы, застаючыся духоўна прыгожымі і багатымі асобамі. 

Аўтар у пераломных падзеях пярэдадня паўстання 1863 года шукаў вытокі сучаснай яму грамадскай праблематыкі. Прычыну нацыянальнага нігілізму суайчыннікаў мастак слова звязваў са здрадай адукаванай шляхты інтарэсам ніжэйшых слаёў грамадства, што запаволіла развіццё беларускай культуры. Таму поруч з паказам таго, як усё было, У. Караткевіч дамалёўвае тое, што павінна было быць, калі б гісторыя пайшла іншым шляхам. Паводзіны Алеся Загорскага, правобраза чалавека будучага, абумоўлены не толькі вопытам папярэдніх пакаленняў, але і сучасных аўтару людзей.

 

Вобразная сімволіка твора

Раман «Каласы пад сярпом тваім» дае магчымасць чытачу паразважаць, чаму гісторыя ідзе па гэтым, а не па іншым шляху, чаму сённяшні дзень менавіта такі і як зрабіць яго лепшым. Будучыня чалавецтва, на думку У. Караткевіча, залежыць ад духоўных набыткаў кожнай асобы. Пра гэта нагадаў пісьменнік у лірычным адступленні пра мора: «Тысячы, тысячы рэк, ручаін і проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўсім сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце сваіх лясоў і траў і, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё.

Мы нясём у гэта мора ўсё добрае і злое, што мы бачылі, мы нясём у яго сваё жыццё, нават больш — сваю душу.

 І кожны ўпадае па-свойму. Адна рака здаўна-давён ведае, у якое мора яна плыве, другая — з цяжкасцю прабівае сабе шлях. Адна — бачыць мора з самых сваіх вытокаў, другая — пакутліва і доўга, вельмі доўга, шукае яго. Трэцяя — губляецца ў пясках, перасыхае і гіне, так і не заўважаючы марскіх хваль. А чацвёртая — нечакана, яшчэ за хвіліну не ведаючы нічога, падае ў яго, як струменьчык вады ў сердалікавую бухту...»

За ёмістым, метафарычным вобразам мора хаваецца аўтарскае разуменне шматграннасці і разнастайнасці жыцця, якое ствараецца ўкладам кожнага чалавека, а таксама роздум, што акіян матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных чалавецтвам за тысячагоддзі існавання цывілізацыі, ператвараецца ў брудную лужыну, калі дэградуюць людзі, носьбіты жывога агню свядомасці. І калі ён згасне зусім, не застанецца ніякага «мора». І тое, што было матэрыяльнай асновай культуры, ператворыцца ў груду акамянелага друзу, а тое, што некалі было духоўным набыткам, знікне зусім. Уладзімір Караткевіч узняў у сваім творы важныя і вечныя філасофскія праблемы, прапанаваў чытачу свой жыццёвы ідэал годнага існавання чалавека на гэтым свеце.

Да ўсведамлення аўтарскай пазіцыі чытач прыходзіць праз асэнсаванне падзей пярэдадня паўстання. Героям твора, якія падпарадкаваны інстынкту самазахавання, У. Караткевіч супрацьпаставіў асоб, пазбаўленых рабскай свядомасці, здольных ахвяраваць жыццём дзеля вышэйшай мэты. Да ліку апошніх належаць сем’і Загорскіх, Раўбічаў, Войнаў і інш. Першыя прадстаўлены Хаданскімі, Таркайламі, Кроерам, Мураўёвым, Валуевым і інш.

Трагізм асноўнага канфлікту рамана і яго вырашэнне аўтар «Каласоў пад сярпом тваім» акрэсліваў наступным чынам: «Ну што ж, калі твая “неабходнасць” не можа даць ім палёгкі, і волі, і шчасця — тым лепей. Тады па сваёй “неабходнасці” яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь». Прыведзеная спасылка з рамана дала магчымасць А. Мальдзісу зрабіць такое тлумачэнне назвы твора: «Думка аб гістарычнай неабходнасці паўстання выказана... ужо ў самім загалоўку рамана, вельмі ёмістым і метафарычным. Падзеі 1863 года — гэта велічнае і трагічнае жніво, дзе серп гісторыі жне дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі правесці новы пасеў». Іншыя даследчыкі рамана таксама лічаць назву твора шматзначнай і сімвалічнай.

Старажытныя земляробчыя народы стваралі легенды пра багоў, што паміраюць і ўваскрасаюць. Гэтыя легенды нараджаліся назіраннем за хлебным зернем, якое памірае ў зямлі і ўваскрасае ў коласе. Сімволіка сяўбы і жніва шырока выкарыстоўваецца ў Бібліі і сусветнай літаратуры. У вершы М. Багдановіча «Санет» вобраз зерня сімвалізуе неўміручасць народнага духу. Як вядома, У. Караткевіч захапляўся творчасцю аўтара «Вянка». Вобразы-матывы сяўбы, жніва, зерня, руні, каласоў праходзяць праз многія творы Караткевіча, у тым ліку раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Выкарыстанне пісьменнікам біблейскіх матываў у сваёй творчасці ў савецкі атэістычны час выклікала негатыўную крытыку, аднак ён свядома ішоў на тое, каб абудзіць у чытачоў цікавасць да гістарычнага мінулага і такім чынам далучыць іх да роздуму пра сэнс чалавечага жыцця.

У вобразнай сімволіцы рамана У. Караткевіча каласы пад сярпом — гэта людзі, якія па сваім наканаванні смяротныя. Баяцца смерці — значыць пастаянна адчуваць на сабе ўладу сярпа, а калі думаць, што з фізічнай смерцю не страчваецца мажлівасць духоўнага працягу ў спадкаемцах, то кожнаму з нас — коласу — неабходна назапашваць жыццёвую энергію, каб быць перакананым, што заўтра поле жыцця не зарасце пустазеллем. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік выказаў думку пра тое, што ніякія сацыяльна-гістарычныя перашкоды не павінны спыняць рух чалавецтва да вяршынь духоўнасці. У вусны Данілы Загорскага пісьменнік укладвае сваю запаветную думку: «Але людзям трэба ісці, каб жыць... Асабліва тым, што самі і кідаюць зерне, што даюць яму расці, што змагаюцца за каласы».

Раман пачынаецца і заканчваецца апісаннем дняпроўскай кручы. У канцы твора У. Караткевіч прыводзіць свайго галоўнага героя на тое месца, дзе «даўно-даўно, адзінаццаць год назад, тут сядзелі пад гарачым сонцам маленькія дзеці», у тым ліку і ён, Алесь. Герой успамінае пра грушу. Праз гэта і ў фінале твора яшчэ раз падкрэсліваецца дарагая для пісьменніка рыса характару чалавека — здольнасць супрацьстаяць нягодам. «Яна стаяла той год толькі сілаю ўласных карэнняў, умацаваўшы імі для сябе паўкруглы фарпост. Ва ўласных руках трымала жыццё. І за ёю была зямля, а перад ёю плынь, і наступная паводка павінна была кінуць грушу ў хвалі, і ёй варта было б падрыхтавацца да смерці. Але яна не ведала гэтага, яна цвіла».

Галоўны герой рамана выразна ўсведамляе магчымы трагічны фінал сваёй дзейнасці. Гэта ўсведамленне, як і воблік «мёртвага ствала занесенай пяском грушы», не палохае Алеся Загорскага, душа якога прагне справядлівасці. 

На беразе Дняпра, на фоне магутнай ракі, адбываюцца ўсе самыя значныя новаўтварэнні ў душы галоўнага героя рамана. Менавіта тут Алесь упершыню чуе вестку пра неабходнасць вяртання ў Загоршчыну. Рака становіцца сведкам таго, як падлетак дае клятву быць іншым, чым Кроер. У час абраду пастрыжэння, стоячы на высокім урвішчы Дняпра і абводзячы рукой наваколле, бацька гаворыць сыну запаветныя словы: «Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні Бог, ні д’ябал. Адна смерць». Менавіта на беразе Дняпра ў душы Алеся выспявае ўсведамленне, што і сяляне, і шляхта — адно цэлае, імя якому — народ. «І гэта неяк страшнавата наблізіла яго, Алеся, да усіх людзей, нават да тых, чые курганы стаяць вось ужо колькі стагоддзяў па берагах вялікай ракі». На Дняпры адбываецца размова Алеся з Кастусём, у час якой юнакі акрэсліваюць свой далейшы лёс. Расказваючы пра развітанне Алеся Загорскага з роднымі мясцінамі перад ад’ездам на вучобу ў Пецярбург, аўтар зноў прывёў свайго героя на бераг Дняпра. «…Алесь ішоў берагам Дняпра. Імкнулася, бегла некуды шырокая плынь. Сінія пагрозлівыя хмары стаялі, не рухаліся, за вялікай ракой. Кроплямі пралітай крыві чырванелі татарнікі. 

Ён мінуў курганы — іх тут дзясяткі тры, розных — відаць, нейкі старажытны племянны могільнік — і пайшоў угору па спадзістым адхоне. І на курганах, і тут, але радзей і радзей, магутна і сакавіта тапырыў свае дзіды баец-чартапалох. І Алесь ведаў, што ўсё гэта, навакольнае, ён ніколі не здолее забыць». Намаляваная карціна з’яўляецца для аўтара і яго героя сімвалам Радзімы, яе гераічна-трагічнай гісторыі, што ўвасоблена ў курганах і чырвоных татарніках, яе няскоранасці і велічы, сведкам якой выступае жыццядзейсны воін-чартапалох.

Вобраз Дняпра ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» з’яўляецца сімвалам вечнасці духоўнага жыцця народа, той скарбонкай, у якую ўносіць уклад кожны чалавек — «ручаінка», «крыніца». «Родная зямля — гэта крыніцы», — сцвярджае пісьменнік. І сапраўды, багаццем кожнай зямлі з’яўляюцца перш за ўсё людзі, што яе насяляюць. На жыццёвым шляху кожнага чалавека сустракаюцца розныя перашкоды: «скалы, у якіх трэба пратачыць сабе дарогу, пяскі, у якіх трэба не высахнуць, зграбныя, як дзяўчаты, вербы, карані якіх трэба напаіць».

Не згубіцца ў пясках, не загінуць, так і не ўбачыўшы марскіх хваль, дапамагае кожнаму чалавеку прыклад жыццёвай стойкасці, мужнасці, духоўнай сілы яго папярэднікаў. Іх сімвалізуе ў рамане вобраз дуба.

Вобразы-сімвалы дуба і ракі спалучаны ў адзінае цэлае ў сцэне развітання Данілы Кагута з жыццём. Тут асабліва выразна раскрываецца аўтарскае разуменне сэнсу жыцця, акрэсленае ў назве рамана, лірычным адступленні пра мора, перададзенае праз разважанні Вежы пра стаячую ваду і плынь. Калі першая гніе і робіцца балотам, то другая — з крыніцы робіцца ручаінай, ракою, морам, аблокамі. Гэта перакананне не толькі Вежы, але і Данілы Кагута, які ў апошнія хвіліны жыцця папрасіўся да ракі, каб менавіта на беразе неспакойнага, магутнага Дняпра сустрэцца са смерцю: «“— Ухіляюся табе, рэчачка, — сказаў Кагут. — Бяжы сабе ды бяжы. <…> Рэчка ты мая, рэчанька. Залаценькая ты мая. Бяжы сабе ды бяжы. Нясі сабе ды нясі”. Ён звяртаўся цяпер да ракі, як роўны да роўнага. Цяпер перад абодвума была вечнасць».

Як бачым, для Данілы Кагута характэрны народны погляд на праблему жыцця і смерці. Апошняя не палохае героя Караткевіча, бо ён перакананы: «Косці стануць зямлёй, і вырастуць дрэвы, і пацякуць з іх кроплі дажджу. Проста туды, у раку. І ён стане ракою, а рака — ім. І нават самы мудры, нават бог, іх не адрозніць». У апошнія хвіліны жыцця няма ў душы старога ні страху, ні сумятлівасці, ні роспачы. Усё жыццё імкнуўся Даніла Кагут жыць у суладдзі са сваім сумленнем, служачы ідэалам Дабра, Справядлівасці, Прыгажосці. Аўтарскае захапленне святасцю жыццёвага подзвігу селяніна перадаецца праз згаданыя вышэй вобразы-сімвалы: неба, дуба і Дняпра: «Дзедавы вочы глядзелі ў сіняе неба, у якім магутна распасціраўся безліччу галін волат-дуб. Галіны пагойдваліся, нібы сам купал неба велічна гойдаўся на іх. Кроў зямлі цякла ў жылах дуба. А кара была шурпатая, як мужыцкія рукі. А галін было — не злічыць. А за дубам быў Дняпро. А над Дняпром, і над дубам, і над ім, старым Кагутом, было сіняе неба. Добра будзе пад такім небам беламу каню…»

Бязмежнасць і веліч сіняга неба, купал якога нібы гайдаецца на галінах дуба, нагадвае чытачу пра неабмежаваныя магчымасці чалавечага самаўдасканалення і ў той самы час падкрэслівае, што менавіта прага «жыцця для ўсіх» утрымае і ўратуе гэты свет.

 

Пытанні

1. Раскрыйце творчую гісторыю рамана У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
2.Паразважайце, што дало пісьменніку падставу пра гэту кнігу сказаць: «Заўсёды яна заставалася для мяне ўлюбёным дзіцем». Пра што сведчыць прысвячэнне рамана?
3. Вызначце асноўныя праблемы твора. Якая з іх, на вашу думку, з’яўляецца найбольш актуальнай і чаму?
4. Дакажыце, што «Каласы пад сярпом тваім» — гістарычны раман. Свой адказ падмацуйце тэарэтычнымі звесткамі.
4-1. Падрыхтуйце паведамленне на тэму «Паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага ў ацэнках сучасных гісторыкаў» або «Постаці знакамітых прадстаўнікоў славянскай культуры ў рамане «Каласы пад сярпом тваім»» або прэзентацыю «Асоба Кастуся Каліноўскага ў іншых відах мастацтва».
5. Карыстаючыся прыкладным планам характарыстыкі мастацкага вобраза-персанажа, змешчанага на форзацы вучэбнага дапаможніка, зрабіце пісьмовую характарыстыку аднаго з герояў рамана У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»
6. Абгрунтуйце, чаму Алесь Загорскі з’яўляецца носьбітам аўтарскай пазіцыі ў творы.
6-1. Зрабіце параўнальную характарыстыку вобразаў Майкі Раўбіч і Гелены Карыцкай.
7. Паразважайце над сэнсам назвы рамана і яго частак.
8. Якія мастацкія сродкі выкарыстаў аўтар для стварэння вобраза Кастуся Каліноўскага і іншых гістарычных асоб?
8-1. Назавіце геаграфічныя мясціны, дзе адбываліся падзеі рамана. Карыстаючыся матэрыяламі інтэрнэту, падрыхтуйце прэзентацыю «Уладзімір Караткевіч і зямля дзядоў Рагачоўшчына».
9. Падрыхтуйце буктрэйлер па творы У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
10. Ёсць меркаванне, што У. Караткевіч працаваў над працягам «Каласоў пад сярпом тваім». Якім вам уяўляецца далейшы лёс Алеся Загорскага? Чаму?
11. Паглядзіце ў інтэрнэце фрагменты спектакля «Каласы пад сярпом тваім» РТБД, параўнайце рэжысёрскае бачанне твора з уласнымі ўяўленнямі пра герояў У. Караткевіча.
12. Падрыхтуйце інсцэніроўку па рамане.
13. Даследчыкі творчасці У. Караткевіча адзначаюць стылёвае падабенства раманаў «Каласы пад сярпом тваім» і «Вайна і мір» Л. Талстога. Акрэсліце рысы творчай пераемнасці беларускага пісьменніка.