«Каласы пад сярпом тваім»

Каханне Алеся Загорскага і Майкі Раўбіч

Характар галоўнага героя рамана «Каласы пад сярпом тваім» таксама раскрываецца праз узаемаадносіны з каханай. Майка пазнаёмілася з Алесем у час свята, якое наладзілі Загорскія ў гонар пастрыжэння свайго нашчадка ў юнакі. Старэйшая дачка Раўбіча, якая вырасла ў атмасферы любові, упэўнена трымаецца сярод незнаёмых людзей. Дзяўчынцы імпануе той факт, што яна аказалася ў цэнтры ўвагі і дарослых, і дзяцей. Адчуваючы сімпатыю да Алеся, Майка на людзях знарок дражніць хлопчыка, гаворыць непрыемныя для яго рэчы.

Аднак за маскай злой, калючай, эгаістычнай князёўны хаваецца ўражлівая, тонкая душа дзяўчынкі-падлетка, якая баіцца адкрыта выяўляць свае пачуцці. Спатканне з Майкай пакінула след у душы хлопчыка. Аднак сустракаліся яны рэдка. Улетку, калі Алесь жыў у Загоршчыне, бацька вазіў Майку то на воды, то ў госці да цётак. «За гады, — звяртае ўвагу аўтар, — міжволі вырасла нейкая дзіўная адчужанасць. Чужым і чамусьці маладзейшым за яе здаваўся ёй суседскі хлопец, якому яна калісьці падарыла свой жалезны медальён».

І вось маладыя людзі зноў павінны былі сустрэцца. Безумоўна, Майка чакала гэтай сустрэчы... «Сэрца захлыналася ад чакання. Чаго яна чакала — яна не ведала і сама. Хутчэй за ўсё — беспрычыннага, маладога, такога вялікага, што аж сэрца спыняецца, шчасця». Шчасцем ужо быў першы «дарослы» баль, шчасцем была «дарослая» бальная сукенка, шчасцем было адчуваць сябе маладой, прыгожай, у якой усё яшчэ наперадзе. Майка глядзела ў люстэрка і «бачыла сябе нібы новай, чужой, і гэтая чужая шаснаццацігадовая дзяўчына падабалася ёй».

На баль да Загорскіх ехала дзяўчына, сэрца якой перапаўняла ўсведамленне ўласнай прыгажосці, жаночай сілы. Безумоўна, юнай асобе хацелася падабацца многім маладым людзям, ёй хацелася кружыць ім галовы, слухаць у свой адрас словы захаплення і прызнанні ў каханні. З узнёслым настроем увайшла старэйшая дачка Раўбіча ў бальную залу Загорскіх і ўбачыла, як ад дзвярэй глядзяць на яе вочы пана Юрыя і пані Антаніды: «Глядзяць з нейкім асцярожным чаканнем. І ў сэрцы нарадзіўся неасэнсаваны пратэст: “Нашто яны так глядзяць на мяне?”»

Засяроджаная цікавасць Загорскіх выклікала ў дзяўчыны абурэнне і страх. Аднак сустрэча з Алесем, выпадковы дотык рук даў дзяўчыне зразумець, што «здарылася нешта нязнанае. Зірнула на Алеся і ўпэўнілася, што ён таксама адчуў, затрымаў на яе плячах і руках чужы позірк. Здарылася непапраўнае». «Нязнаным» стала для маладых людзей з’яўленне пачуцця кахання, такога жаданага, а часам і трывожнага для чалавека. Каб не паказаць сваёй роспачы, Майка паводзіць сябе знарок вельмі жорстка ў адносінах да Алеся, танцуе з іншымі кавалерамі.

Прычыну такіх паводзін аўтар тлумачыць наступным чынам: «Вечар быў кароткі. Яна сто разоў да гэтага сніла яго ў сне. Сніла гэты баль, і музыку, і зарніцы за вокнамі, і нясцерпнае шчасце ад танцаў і ўласнай маладосці. Усяму гэтаму немагчыма было ставіць межы. А Загорскі быў такой мяжою. Няхай прывабнай, але і страшнай у сваёй безагаворачнасці».

Ад роспачы, ад крыўды на саму сябе і на бацьку, які ўпершыню ў жыцці выказаў абурэнне яе паводзінамі, Майка плача: «Што яны ведалі? Што яны ведалі пра яе, і пра медальён, і пра хлопца, які ўзносіўся галавою ў зарніцы? Што яны ведалі аб тым пачуцці ганебнай наканаванасці, якое ўвесь вечар валодала ёю?

Нібы і змагацца нельга. Нібы ўсё даўно вырашана за яе на небе, а яна проста бездапаможнае кацяня, з якім лёс робіць усё, што захоча. <…>

Яна ведала, што яна і надалей будзе з’едлівай і нядобрай. Проста таму, што нельга, каб наканаванне ламала табе рукі. Але, хай ёй прабачаць усе, яна не хацела губляць юнака, які ляцеў між зарніц».

Адносіны паміж маладымі людзьмі неўзабаве наладзіліся: «Лета было летам шчасця. Не разумеючы яшчэ да канца, што такое каханне, Алесь ведаў, што яго кахаюць і ён сам кахае». Але шчасце ўзаемнага кахання ў хуткім часе ператварылася ў бяду. Дачка Раўбіча была вельмі самалюбівым чалавекам. Гэта рыса яе характару дапамагла Хаданскім уцягнуць дзяўчыну ў сваю брудную гульню. Менавіта Майка стала зброяй, з дапамогай якой ворагі вырашылі расквітацца з Загорскімі.

Адмаўляючы Алесю наведваць свой дом, настройваючы супраць каханага бацьку, Майка дбала перш за ўсё пра ўласны гонар і ні на адзін момант не задумвалася над тым, што ў гэты час адчувае суседскі хлопец. Разуменне прыйшло ў велікодную ноч, калі дзяўчына паспрабавала ўвайсці ў становішча Алеся. «Яна глядзела на яго змярцвелае аблічча і глыбокія вочы... Гэтыя вочы глядзелі так, што ў душы з’явілася падазрэнне, якое адразу перарасло ва ўпэўненасць: не вінаваты».

І з такой жа апантанасцю і бескампраміснасцю, з якой раней Майка судзіла Алеся, на гэты раз дзяўчына пачынае распраўляцца з сабой. «Дрэнь. І з-за гэтага ледзь не штурхнула на дуэль, забараніла сустрэчы, аддала яго абразам, зрабіла ворагам яму брата і бацьку. <…> Забіць сябе мала было за ўсё гэта. Але хіба заб’еш? Значыць, пакараць так, каб потым мучыцца і пабівацца ўсё астатняе жыццё».

Усведамляючы сваю памылку, Майка Раўбіч робіць іншую: яна адмаўляецца пахрыстосавацца з Алесем, бо лічыць, што нявартая яго кахання. На гэты раз дзяўчына карае сябе, аднак зноў не задумваецца, што тым самым робіць нясцерпна цяжка Алесю. Сама не жадаючы гэтага, дачка Раўбіча наносіць новы смяротны ўдар чалавеку, якога кахае. Алесь разважае: «Адмовіць у прымірэнні. Няхай, калі не верыць. З гэтым можна прымірыцца. Хоць і цяжка, але можна. Не кахае — няхай. Няхай нават тое, што ўся сям’я пакрыўдзіла і крыўдзіць далей. Але адмовіць вялікай ноччу ў пацалунку?! Такое рабілі толькі, калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга. Такое рабілі толькі даносчыку на сваіх або бацьказабойцу».

Непаразуменне, якое ўзнікла паміж Майкай і Алесем, прывяло апошняга да глыбокага расчаравання ў жыцці. Хлопец не можа зразумець, чаму за любоў яму плацяць пагардай, чаму людзі, якім верыў, аказаліся зусім іншымі, чым ён пра іх думаў, свет ператвараецца ў здзек. У хвіліны найвялікшага адчаю поруч з Алесем аказалася Гелена Карыцкая. І гэта невыпадкова. Былая прыгонная актрыса ўжо даўно нечакана для сябе пакахала княжыча, пакахала, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, у сацыяльным становішчы.

Спачатку гэта была звычайная ўдзячнасць таму, хто даў волю; пасля — радаснае адчуванне таго, што на свеце ёсць чалавек, які яе разумее больш за іншых; затым — высакароднае жаданне служыць гэтаму чалавеку, адплаціць за ўсё, зробленае для яе. Гелена ўсім сэрцам адчувае боль і скруху, якія запаланілі душу каханага. Жаданнем аблегчыць гэты боль тлумачыцца яе ўчынак.

Сваёй любоўю Гелена вяртае Алесю адчуванне радасці жыцця: «Знікла некуды ўтрапёная страшная ярасць. Разбураны свет, што яшчэ гадзіну назад ляжаў у руінах, пачаў збірацца ў адно і, нібы сам сабою, выстройвацца ў нешта зладжанае. І самае пачуццё гэтай гармоніі пасля развалу і дымных руін было шчаснае і вялікае».

Гелена дапамагла Алесю вярнуць былую мужнасць і сілу характару. Высакароднасць паводзін Карыцкай выяўляецца ў тым, што, вяртаючы Алесю веру ў жыццё, яна ведала: па гэтым жыцці яны не будуць крочыць поруч. У адрозненне ад дачкі Раўбіча, якой лёс паслаў узаемнае каханне, Гелена вымушана змірыцца з думкай, што яна менш шчаслівая. За свой учынак жанчына не чакае ніякай узнагароды. Яна сама адхіляе прапанову Алеся ажаніцца, бо ведае, што яго рашэнне прадыктавана пачуццём удзячнасці, а не каханнем.

Гелена не проста таленавітая актрыса, якая ўмее дасканала перадаваць пачуцці сваіх гераінь, але і асоба, здольная да глыбокіх перажыванняў. Яна ведае, што пачуццё кахання ўзнікае ў душы чалавека незалежна ад яго жадання. Таму, сама перажываючы глыбокае пачуццё да Алеся, актрыса не бачыць яго віны ў каханні да Майкі. Каб аблегчыць пакуты маладога мужчыны, Гелена вырашае памірыць яго з Майкай і з гэтай мэтай едзе да Раўбічаў. З цікавасцю і болем назірае актрыса за сваёй шчаслівай саперніцай: «Прыгожая. Нават надзвычай прыгожая і жаноцкая. Абатрэцца трохі, пазбавіўшыся ад свавольстваў, — будзе жанчына... Значыцца, вось каго... Што ж, хіба яна лепшая за мяне?..

Не, не лепшая. Проста другая. І вось такую, другую, ён яе і кахаў. 

На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася. 

Проста перад тым, што яна, Гелена, зрабіла, гэты маленькі верабей нічога не значыў. Алесь, вядома, будзе кахаць яе. І толькі. А яе, Гелену, ён не забудзе».

Гелена дапамагла Майцы зразумець, што, нягледзячы ні на што, Алесь яе кахае, што «яна патрэбна яму і добрая, і благая, усякая. Іначай бы гэта не было каханне».

 Учынак Гелены сведчыць пра духоўную прыгажосць актрысы, добрае веданне ёй чалавечай псіхалогіі, яе жаночую мудрасць і мужнасць, і яна не памылілася. У гэтым пераканаўся і Алесь у час сустрэчы з Майкай: «Лёгкі звон, нібы вада лілася ў вузкагорлы збан, напоўніў Алесевы вушы. Намаганнем волі ён здолеў стрымацца. Але ў тое самае імгненне ён зразумеў, што Гелена мела рацыю, не згаджаючыся на шлюб з ім. Нішто не забыта...»

І хоць Алесь бачыць «усю прорву між апошняй высакароднасцю адной і зажывошчамі другой», ён разумее, што кахае Майку. Сітуацыя, у якую трапіў герой У. Караткевіча, тыповая для закаханага. Нездарма герой старажытных міфаў Купідон малюецца з павязкай на вачах як сімвал таго, што часта закаханыя не зважаюць на недахопы абраннікаў.

Такія ж самыя пачуцці выклікала б у душы Алеся сустрэча з Майкай і тады, калі б ён быў на той момант мужам Гелены. Толькі замест удзячнасці і пакланення магло б узнікнуць пачуццё раздражнення і недаверу да шчырасці памкненняў той, якая вярнула радасць жыцця.