«Каласы пад сярпом тваім»

Духоўны воблік Алеся Загорскага

Сваю мару пра дасканалага, гарманічнага чалавека У. Караткевіч увасобіў у вобразе Алеся Загорскага. На вачах у чытача раскрываецца дыялектыка яго душы. Упершыню перад чытачом галоўны герой рамана паўстае ў падлеткавым узросце. Хлопчыка-княжыча аддалі ў сялянскую сям’ю на дзядзькаванне. Крытыкі неаднойчы папракалі пісьменніка ў тым, што ён перанёс звычай дзядзькавання ў ХІХ стагоддзе.

Але гэты анахранізм1 мае вялікае значэнне для раскрыцця аўтарскай задумы — паказаць ідэал гарманічна развітой асобы і тыя факты, што спрыяюць яе з’яўленню. На развіццё чалавека, як сцвярджае пісьменнік, уздзейнічаюць і такія «дробязныя» фактары, на якія ў часы стварэння рамана ніхто і не звяртаў увагі: вада, якую чалавек п’е, паветра, якім дыхае, ежа, якую ўжывае. З радасцю Юры Загорскі аглядае сына пасля дзядзькавання: «Некалькі год сярод жытнікаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фізічныя практыкаванні, размеранае жыццё. <…> Я шчаслівы за хлопца». Жыццё сярод простых людзей дало Алесю ўяўленне пра тое, якой цаной забяспечваецца дабрабыт яго сям’і.

Важным гарантам духоўнай моцы маладога чалавека У. Караткевіч лічыў спрыяльную сямейную атмасферу. Пасля дзядзькавання бацька вядзе сына ў магільны склеп продкаў, дзе Алесь адчувае сябе звяном у радавым ланцугу. Князь Юры перакананы, што чалавека са сваімі папярэднікамі звязвае не толькі крэўная, але і духоўная сувязь: «Сорак. Гэта тыя, што былі да нас, і мы, і тыя, што яшчэ будуць. І кожнаму наступнаму цяжэй, бо ён нясе большы цяжар». У час, калі савецкая ідэалогія пладзіла бязродных Іванаў, У. Караткевіч пераконваў, што веданне гісторыі ўласнага роду выхоўвае чалавека, засцерагае ад памылак, прымушае задумацца пра ўласнае прызначэнне і сваю адказнасць за памнажэнне славы роду.

Загорскія ашчадна зберагалі памяць пра сваіх продкаў, матэрыялізаваную ў кнігах, дакументах, карцінах. Лепшыя якасці продкаў і павінен панесці далей Алесь, каб потым перадаць паслядоўнікам. Малодшы Загорскі становіцца сэнсам жыцця, апраўданнем быцця на гэтай зямлі бацькі і дзеда, і яны прыкладаюць усе сілы, каб іх нашчадак стаў лепшым за іх саміх. Спакойна і нават з цікавасцю Алесь успрымае тое, як з яго, амужычанага паніча, пачынаюць рабіць князя, далучаюць да еўрапейскай культуры, выхоўваюць свецкія манеры і этыкет. Гэта было нялёгка і патрабавала ад хлопца фізічных і інтэлектуальных высілкаў, волі, здольнасці пераадольваць цяжкасці.

Важнае значэнне ў фарміраванні асобы чалавека надаваў У. Караткевіч і акультуранаму асяроддзю пражывання чалавека: архітэктуры, манументальнаму мастацтву, інтэр’еру жылля. Усё гэта, на думку пісьменніка, можа садзейнічаць станаўленню духоўна багатай асобы або, наадварот, спрыяць яе збядненню. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік так падрабязна абмалёўвае архітэктуру палацаў Вежы, Раўбічаў, Загорскіх, інтэр’ер жылых памяшканняў, карцінныя галерэі, калекцыі старажытных скульптур не толькі для стварэння гістарычнага каларыту. Гэта тое, што таксама фарміравала асобу Алеся Загорскага.

Дзядзькаванне, а затым далучэнне да багатых духоўных традыцый свайго роду, магчымасць займацца адукацыяй і самаадукацыяй прывялі Алеся да адчування «повязі яго, шчаслівага, з усім жывым. Ён як быццам адчуў усю недарэчнасць часу і вызваліўся ад яго ланцугоў». Алесь-юнак стаў выразна ўсведамляць сябе часткай гісторыі, прыроды; стаў адчуваць тых, хто жыў учора і даўным-даўно на гэтай зямлі, а таксама тых, хто прыйдзе яму на змену. Гэта адкрыла перад героем перспектывы ўласнага жыцця. Таму з годнасцю і ўсведамленнем правільнасці ўласнага выбару Алесь гаворыць: «Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа. Да гнанага, да абрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася».

У фарміраванні асобы Алеся многа значыла знаёмства і сяброўства з Кастусём Каліноўскім: «Алеся цяпер цягнула да гэтага хлопца. Таму, што ён, не ведаючы Алесевых думак, прыйшоў да таго самага». Крыўда за бедных людзей, за сірату-зямлю выклікае ў іх душах жаданне зброяй аднавіць справядлівасць. Па перакананні юнакоў, нельга цярпець і моўчкі назіраць, што «песні нашы затаўклі ў гразь, талент распялі, гордасць аплявалі. Усё забралі: зямлю, ваду, неба, свабоду, гісторыю, сілу... Нельга больш цярпець, іначай страцім апошняе: душу сваю жывую».

Прызнаючы ролю сістэматычнага навучання для ўсебаковага развіцця асобы, У. Караткевіч даў магчымасць свайму герою павучыцца спачатку ў Віленскай гімназіі, а потым у Пецярбургскім універсітэце. Тым самым пісьменнік паказаў, што ўстановы, створаныя для сацыялізацыі юнага пакалення, у значнай ступені ўплывалі на станаўленне асобасных якасцей маладога князя. Для фарміравання яго характару вялікае значэнне мела і ўласная актыўная пазіцыя. Празаік быў перакананы, што жыццёвы шлях асобы павінен вызначацца самой асобай, здольнай яго выбіраць, будаваць свой лёс, фарміраваць сябе.

_______________

1 Анахрані´зм — парушэнне храналагічнай дакладнасці, якое прыводзіць да неапраўданага ўнясення ў апісанне якой-небудзь эпохі рыс, характэрных для іншага часу.