«Каласы пад сярпом тваім»

Вобразы сялян у рамане

Поруч з хронікай роду князёў Загорскіх у творы даецца радавод прыгонных Кагутоў. Іх род пачынаецца з Рамана і яго сына Маркі, якога суд адправіў на катаргу. Яго сын Даніла, гадуючыся сіратой, вырас і стаў дзедам. У клопаце пра хлеб надзённы жыве дружная сям’я Міхала Кагута. Дзеці з маленства прывучаны да працы і паслухмянасці. Гонар роду для іх не пустое слова.

Цаной уласных жыццяў заплацілі за вернасць звычаям Стафан Кагут і Юллян Лапата. Яны сталі сведкамі таго, як за двума невядомымі коннікамі гнаўся дзясятак верхавых, і накіравалі пагоню ў адваротны бок. Аўтар не ідэалізаваў сваіх герояў, праўдзіва паказваючы, што тварылася ў іх душах, калі невядомыя патрабавалі ад сялян адказу: «Стафан глядзеў на яго і думаў, казаць ці не. Бадай, не варта было хлусіць: невядома ж, што то былі за людзі, дый звязвацца з гэтымі страшна. Але завешаных было многа, а звычай казаў: бачыш, што шмат людзей гоняцца за адным, — не памагай».

Смерць Стафана стала цяжкім выпрабаваннем для ўсёй сям’і, асабліва для Кандрата, які прыняў рашэнне ўзняцца на барацьбу. На гэта яго падштурхнуў старэйшы брат, які, паміраючы, узяў з Кандрата слова расквітацца з забойцам. Па дарозе на могілкі Кандрат разважае: «Шкада будзе, калі не заб’е за сорак дзён. Душа братава не так узрадуецца. Але нават калі не паспее — няхай. Ён звык цярпець. Ён мужык, і ён даў слова. Ён будзе хадзіць месяц, два, год, але ён перастрэне Тодара аднаго. Нельга сказаць, што яму будзе лёгка яго забіць: ён яшчэ ніколі не забіваў. <...> “Церпім, церпім, церпім, а яны ўважаюць нас за дурных зайцоў. Судзяць нас, распраўляюцца як хочуць і ўпэўнены ў тым, што няма ім пакарання. Таму і робяць, што душа іхняя жадае. <…> Ну то калі не карае Бог, не карае начальства, хай пакарае сам пакрыўджаны”» — вось тая выснова, да якой прыходзіць Кандрат Кагут, думаючы пра смерць брата.

Высновы Кандрата сугучныя рашэнню, да якога крыху раней прыйшоў Корчак пасля таго, як стаў адзіным віноўнікам бунту ў Півошчах. Сяляне ўзбунтаваліся таму, што Кроер пачаў закранаць звычаёвае права. Некалькі разоў яны сцярпелі, а пасля іх цярпенне лопнула. Патрабаваць «спрадвеку ўсталяванае» выступіў з натоўпу Янка Губа, «самы стары дзед на сяле». Калі ж аканом «размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай спіне», «адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і сам ён не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівым і амаль спакойным. А рукі ў гэты час тарганулі з зямлі граблі і шпурнулі іх у аканома». Тое, што адбылося з селянінам, прымушае яго асэнсаваць сваё новае становішча. Уладзімір Караткевіч паказаў тую небяспеку, якую нясе ў сабе новы Корчак. «Караць павінны іх, — думае Корчак, — а караюць яго. Калі зямны суд такі хлуслівы, такі няправедны, чаму б не судзіць кожнаму, папраўляючы яго. Чаму не губернатару? Чаму не дзядзькаванаму смаркачу Загорскаму? Чаму не... мне? Чаму сапраўды? Ён няўлоўна ўсміхнуўся навізне і небяспечнасці гэтых думак. Так ён зробіць. Суд дык суд. І ўсім, хто страляў у крыжы, не пайсці жывымі». Караткевіч паказвае тую небяспеку, якую нясе ў сабе «новы» Корчак.

Лепшае, што было ў натуры гэтага селяніна, знішчана жаданнем помсты. І ўжо не так важна каму, галоўнае — помсціць. Як кат паводзіць сябе селянін, аслеплены нянавісцю, у маёнтку Раўбіча. Невыпадкова кіраўнік бунтароў пачынае траціць аўтарытэт сярод сваіх прыхільнікаў. Паход сялянства на Гарыпяцічы ў пошуках сапраўднай царскай граматы яскрава сведчыць пра нізкі ўзровень свядомасці і паплечнікаў Корчака, і яго самога.

Даводзіцца згадзіцца з сумнай высновай Кастуся Каліноўскага: «Мы нават да любові да Радзімы ў большасці не дараслі». Аўтар пераканаўча паказаў, што Корчак, ап’янелы ад думкі, што вось, урэшце, настаў іх час, не ведаў, «што ўся гэтая спроба з самага пачатку асуджана на правал. <…> Корчак не ведаў, што і Кагуты ідуць з ім не ад усяго сэрца. Пайшоў Кандрат, адзіны, хто ведаў праўду пра смерць Стафана і яшчэ гневаўся на ўсіх. Андрэй рушыў за ім: нельга ж было кінуць блізнюка». Паход на Гарыпяцічы У. Караткевіч назваў «выхадкай гераічнай, але бессэнсоўнай і таму трагічнай».

Аўтар захапляўся маральнымі ідэаламі беларускага сялянства, вернасцю традыцыям продкаў, здольнасцю ў неспрыяльных умовах захаваць мову і самабытную культуру. У той жа час пісьменнік не баяўся засяродзіць увагу на тым, што не можа прыняць у мужыках — адсутнасці грамадскіх і грамадзянскіх інтарэсаў, якія могуць згуртаваць людзей на вялікую справу.

У вусны млынара Грыня Паківача У. Караткевіч улажыў горкія словы папроку і перасцярогі: «Нішто вас не вяжа, кожнаму свая шкура даражэй... Калі не зменіцеся — так вам давеку быдлам і быць». Гэта думка больш выразна і катэгарычна гучыць у пісьме Каліноўскага да Алеся Загорскага, у якім Кастусь перадае пачутую ад прыяцеля (вельмі дасведчанага чалавека) ацэнку свайго народа, згодна з якой «мы, беларусы, занадта любім храбрых дзядзяў. Маўляў, лепей няхай дзядзя палаецца з моцным або хаця дулю яму пакажа, а мы будзем з-за ягонай спіны ў ладкі пляскаць, а то і проста ціха радавацца». 

Пра чаканне сялянамі абаронцы, які з’явіцца, каб усталяваць народную справядлівасць, сведчаць прыведзеныя ў творы легенда пра волатаў, якія спяць, песня пра белае жарабятка, рэакцыя натоўпу на з’яўленне Алеся на белым кані ў час бунту ў Гарыпяцічах. Каліноўскі разумеў надзеі і характар сялян, таму сцвярджаў: «Калі мы ненавідзім гэтую рабскую, гнойную частку крыві нашага народа, мы самі павінны зрабіцца “храбрымі дзядзямі”, а не ціха радавацца з-за чужой спіны».