«Каласы пад сярпом тваім»

Прадстаўнікі дваранства ў рамане

«Каласы пад сярпом тваім» — гэта твор, у якім носьбітамі аўтарскага ідэалу з’яўляюцца вобразы багатых людзей. Акім, Даніла, Юры, Алесь Загорскія выклікаюць сімпатыю ў чытача, якому імпануюць іх маральныя якасці: мужнасць, годнасць, высакародства, гуманістычныя адносіны да прыгонных сялян, здольнасць шчыра і аддана кахаць, сябраваць і г. д.

Алесевага прадзеда, які «слаўна зведаў анархію апошніх год “кароны” і шляхецкую “вольнасць”», які «мог бы, здаецца, жыць і жыць, умешвацца ў палітыку, а з часам, магчыма, і ўплываць на яе», мучылі прыступы антрапафобіі. Ненавідзець людзей вымушалі Акіма Загорскага нікчэмныя ўчынкі шляхты. Князь быў перакананы, што менавіта анархія і змаганне розных магнацкіх груповак прыводзяць Рэч Паспалітую да аслаблення, таму яму было брыдка рабіць так, як тыя, кім пагарджаў: «падпойваць шляхту, гарлаць на сейміках, глядзець, як потныя і ачмурэлыя людзі вырашаюць палітычныя пытанні бойкай і шалёна сякуцца на шаблях».

Вузка эгаістычныя інтарэсы шляхты прывялі Рэч Паспалітую да яе заняпаду і падзелаў паміж буйнымі дзяржавамі-суседзямі, страты дваранствам некаторых сваіх правоў. Аднак сын Акіма Загорскага Даніла адмовіўся ўзначаліць дваранскі рух на баку Напалеона, які абяцаў аднавіць Вялікае Княства Літоўскае. Уладзімір Караткевіч паказаў, што Вежа ўсведамляў, якія надзеі з прыходам Напалеона звязвалі сяляне і паны: першыя спадзяваліся на вызваленне ад прыгону, а другія верылі ў аднаўленне літоўска-крыўскай дзяржавы. Даніла Загорскі быў перакананы, што карсіканца мала хвалявалі клопаты і першых, і другіх.

Вежа адмаўляецца выступіць на баку Напалеона, бо ўпэўнены, што «гэта не барацьба за радзіму». Даніла не хавае сваёй іроніі ў ацэнках Напалеона. Вежа разумее, што імператарам кіруюць эгаістычныя інтарэсы. Ён марыць пра сусветную славу, уладу, як і ўсе тыраны, дбае найперш пра сябе.

Трагічны лёс Чорнага Войны — яшчэ адно сведчанне духоўнай дэградацыі мясцовай шляхты. У юнацтве яму давялося перажыць горыч паражэння паўстання 1830—1831 гадоў, з якім былі звязаны надзеі ўсталяваць грамадскае жыццё ў адпаведнасці з ідэаламі чалавечнасці і дэмакратызму. Відаць, самым страшным для змагара было расчараванне ва ўласных сябрах па зброі, бо многія з іх, у тым ліку і Хлапіцкі, змагаліся за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, ігнаруючы інтарэсы сялянства. Война пераканаўся ў нікчэмнасці бліжэйшых сяброў, адсутнасці стойкасці і высакароднасці былых паплечнікаў.

У час размовы з Раўбічам Война называе дыктатара паўстання 1830 года Хлапіцкага Напалеончыкам. Асэнсоўваючы праз гады прычыны паражэння гэтага паўстання, Чорны Война вымушаны з болем прызнацца Раўбічу: «Мне тады было дзевятнаццаць, і я верыў у людзей. Верыў у бунт, у наша паўстанне, у тое, што людзі яму не здрадзяць. <…> Я верыў, што астатнія думаюць, як я. Напэўна, таму, што любіў сваё Прыдняпроўе і верыў, што мае сябры жадаюць яму дабра. А потым пачалося. Перш за ўсё здрадзіла гэтая сволач, Хлапіцкі. Дыктатар паўстання. Напалеончык... Потым іншыя. Разгул подласці і жывёльнага жаху... Што здзіўляцца, што нас разбілі, што мужыкі нам не верылі». Лёс Чорнага Войны трагічны. Яму яшчэ юнаком давялося перажыць горыч паражэння паўстання 1830 года, з якім былі звязаны надзеі ўсталяваць грамадскае жыццё ў адпаведнасці з ідэаламі чалавечнасці і дэмакратызму.

Глыбока расчараваным у жыцці з’яўляецца і Вежа. Аўтар адзначае: «Яму было пяцьдзясят чатыры, калі ён канчаткова страціў веру ў сумленне і гонар улад, у карыснасць дзяржаў, у тое, што свет ідзе да лепшага». Назіранне за шляхтай, якая патанула ў распусце, пагоні за матэрыяльным дабрабытам, прывяло Вежу да страты веры ў будучыню. Халуямі ўслед за Данілам Загорскім называе шляхту і Надзея Клейна. Падставай для гэтага сталі паводзіны вышэйшага саслоўя ў пераломныя для Радзімы часы.

Песімістычныя погляды на будучыню краю характэрны і для Юрыя Загорскага. У радавым склепе князь вымушаны быў сказаць сыну: «Калісьці мы, напэўна, маглі быць вялікія, але не здолелі. Наша палітычнае быццё скончылася». Гэта сцвярджэнне князя народжана ўсведамленнем таго, што шляхта аказалася няздольнай выканаць сваю гістарычную місію. Аналагічнай думкі прытрымліваецца і Яраш Раўбіч. У размове з князем Юрыем ён прызнаецца, што «дыхаць, дыхаць цяжка ад ганьбы і сораму за людзей».

Рускі граф Ісленьеў у размове з князем Юрыем з прыкрасцю гаворыць: «Злітуйся, Божа, над тымі, хто служыць д’яблу, хоць словам, хоць маўчаннем дапамагае яму... Хіба гэта дваране?! Ні сораму, ні гонару. Усё адно каго хваліць, усё адно перад кім звівацца на пузе, усё адно каму бессаромна падтакваць. Усё адно перад кім каяцца ва ўчарашніх подласцях, а сёння рабіць новыя, каб заўтра было ў чым каяцца перад іншым». Лісам Патрыкеевічам называе Ісленьеў у мінулым былога сябра дзекабрыстаў — рэальную гістарычную асобу Міхаіла Мураўёва. Адступнік, перараджэнец, які заплаціў за дзяржаўную пасаду цану ўласнай душы, ніяк не можа забыць грахоў маладосці.

Даніла Загорскі не бачыць дастатковай колькасці тых, хто мог бы ўзняцца супраць абставін. З сумам і болем ён прызнаецца ўнуку: «Няма з кім. Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей». Так думае і Яраш Раўбіч, тайна рыхтуючы дваранскае паўстанне: «Ну, пачнеш непадрыхтаваным. Ну, загінеш і сяброў загубіш. Зямлю шыбеніцамі заставяць. Мы не маем, не маем права рызыкаваць. Загінуць — добра. Загінуць — трэба. Але так, каб ад гэтай загібелі быў нейкі плён».

Трагізм сітуацыі, у якой апынуліся Вежа, Юры, Война, шляхта, якая згрупавалася вакол Яраша Раўбіча, бачыцца ў тым, што любімых герояў пісьменніка не палохае перспектыва загінуць у час паўстання, куды страшнейшае для іх усведамленне таго, што можна памерці, так і не пачаўшы жыць.

У рамане «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіч паказаў, што хоць шляхце былі даступныя пісьменнасць і высокая культура, на ўзроўні якой фарміруецца ўяўленне пра нацыянальнае, аднак яна аказалася няздольнай стаць акумулятарам уласна беларускай ідэі. Трагічны вобраз квітнеючай пахіленай грушы над кручай Дняпра, з апісання якога пачынаецца твор, з’яўляецца сімвалам гэтага саслоўя. Мастак слова дае магчымасць чытачу прасачыць за працэсам вымірання беларускай шляхты, дазваляе адчуць, чаму цэлае саслоўе людзей з суб’екта дзеяння ператвараецца ў аб’ект насмешак гісторыі.