«Сэрца на далоні»

Маладое пакаленне ў рамане

Шмат увагі ў рамане «Сэрца на далоні» надаецца праблеме бацькоў і дзяцей, моладзі, яе жыццю ў заблытаным і складаным свеце. Пісьменнік сцвярджаў: не адны бацькі вінаваты ў тым, што дзеці часта вырастаюць непаслухмянымі, крытычна настроенымі да старэйшых, здольнымі на стыхійны бунт. Вінаваты ў гэтым і абставіны, і грамадскія арганізацыі.

Славік Шыковіч не хоча быць такім, як усе. Ён пакідае брыгаду Тараса, дзе хлопцы яго выхоўваюць на свой лад, бо бачыць, што яны крывадушнічаюць, выдаючы сябе за анёлаў: адзін хоча выпіць, але нельга, другі імкнецца выступіць на сходзе, не прачытаўшы чарговага партыйнага дакумента. Славіка абураюць людзі з «двайным дном», якія гавораць адно, а робяць другое. Таму ён і пратэстуе: апранаецца пад стылягу, заляцаецца да медсястры Машы, не хоча саступаць Тарасу, які пакахаў гэту дзяўчыну па-сапраўднаму.

Пісьменніку, відаць, гэты малады чалавек быў сімпатычны. Славік шукае сябе, пераадольваючы фальш лозунгаў, якія абвешчаны, але выконваюцца па абавязку, а не па прызванні. I яго сэрца, душу трэба лячыць, як доктар Яраш лечыць сэрца Зосі Савіч. У рамане пісьменнік падкрэсліў, што Славіка чакае лепшая будучыня: яму на дапамогу прыходзіць маці, хлопца даглядае і Маша, ёй хочацца рэабілітавацца, дапамагчы чалавеку, які шчыра яе кахае.

Тарас — прыёмны сын Антона Яраша, яго бацька ў час Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам і загінуў. Вобраз Тараса цалкам станоўчы, ён сур’ёзны не па гадах, адказны. Медсястры Машы Тарас «здаўся спачатку сумным. Нават у кампаніі сваіх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзір, трымаўся неяк збоку...

Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькі ён глыбейшы і разумнейшы за Славіка, як многа ведае — так многа, што ёй зрабілася боязна. Ён расказваў сур’ёзна, але цікава. Ён да ўсяго ставіўся з цяжкаватай сур’ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька». У канфлікце са Славікам Тарас займае абарончую пазіцыю, імкнецца супакоіць саперніка, адмаўляецца ад «каўбойскай дуэлі».

Тарас у рамане ідэалізаваны, як і яго брыгада, кранаўшчыца Ніна, якая выглядае ідэалам не жаноцкасці, а станоўчасці. Хлопцы сціплыя і за сталом, і ў кіно, прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Найбольш удаўся пісьменніку вобраз Ходаса — дэмагога, фразёра, гатовага ў любы зручны момант дагадзіць начальству, кінуць палымяную прамову ў масы. Яго больш за ўсіх і не любіць Славік.

Запамінаецца ў рамане вобраз Машы — вясковай дзяўчыны, гаспадыні, медсястры, закаханай і ў сваю працу, і ў майстра-хірурга. Смелая, яна можа пастаяць за сябе, калі спатрэбіцца, даць аплявуху нахабніку (гісторыя са Славікам на дачы). Ёй уласцівы пачуццё годнасці, цвёрдасць характару. Дастаткова прыгадаць, як яна прымушае няўмеку Славіка веславаць супраць цячэння. Маша — добрая гаспадыня. Нездарма з любоўю назіраюць на дачы жонкі Яраша і Шыковіча за тым, як па-майстэрску, кубік да кубіка, наразала яна агуркі на салат.

Аднак паводзіны гэтай дзяўчыны ледзь не прывялі да гібелі Славіка: «Машы падабалася гэтая гульня — сустракацца па чарзе то з адным, то з другім. Яе калегі, напэўна, вельмі здзівіліся б, каб даведаліся, што яна, Маша Літвін, сур’ёзная, разважлівая, акуратная, сумленная і не такая юная ўжо — дваццаць тры гады, — здольная на гэтыя жарты». У фінале рамана Маша каля ложка хворага Славіка стараецца рэабілітавацца за нанесены яму боль.