Печатать книгуПечатать книгу

«Сэрца на далоні»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: «Сэрца на далоні»
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 12:44

Сэрца на далоні

Раман «Сэрца на далоні» (1963) быў напісаны амаль адначасова з пенталогіяй «Трывожнае шчасце». Гэта быў час «перавароту ў мазгах», па словах журналіста Кірылы Шыковіча — аднаго з галоўных герояў твора.

Менавіта другая палова 1950-х — першая палова 1960-х гадоў стала часам выкрыцця культу асобы Сталіна, аднаўлення ленінскіх (на тыя гады — дэмакратычных, гуманістычных) норм жыцця. Адбывалася своеасаблівае ўзвышэнне чалавека, паказ простых людзей, іх клопатаў.

Паэты і празаікі пачалі пісаць пра тое, што не можа быць простых, звычайных, і вялікіх, незвычайных, людзей. Многія марылі пра хуткую пабудову самага справядлівага грамадства ў свеце — камуністычнага. Перабудову жыцця абвясціла партыя камуністаў і ўзначаліла яе. З дакладам пра негатыўныя з’явы сталінскай эпохі на XX з’ездзе КПСС выступіў у 1956 годзе Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. 

Грамадства паверыла сваім лідарам. Таму і моладзь паехала на цаліну, на будаўніцтва Ангарскай цеплаэлектрастанцыі ў далёкай Сібіры. Ствараліся брыгады камуністычнай працы, абмяркоўваўся і ўкараняўся ў жыццё маральны кодэкс будаўнікоў новага жыцця.

Належная ўвага на той час надавалася барацьбе з бюракратызмам, з заходнімі ўплывамі на моладзь. Напрыклад, вялася барацьба са стылягамі — маладымі людзьмі, якія любілі модна, з выклікам апранацца, слухалі замежныя перадачы, захапляліся джазавай музыкай.

Пазней, у брэжнеўскі час, камандна-бюракратычная сістэма аднавіла свае пазіцыі, бюракратызм, карупцыя і многія іншыя адмоўныя з’явы вярнуліся.

Праблематыка рамана. Маральна-этычная сутнасць аўтарскай пазіцыі. Рэтраспектыўны зварот да падзей вайны

У цэнтры рамана — тры галоўныя героі, вакол якіх развіваецца дзеянне і дзякуючы іх учынкам разгортваюцца сацыяльны і бытавы канфлікты: журналіст, аўтар кнігі пра падполле, многіх іншых цікавых матэрыялаў Кірыла Шыковіч; доктар, хірург, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, дэпутат гарсавета, навуковец, які працуе над дысертацыяй, Антон Яраш і старшыня гарвыканкама, былы партызан і падпольшчык, аўтар кнігі пра перажытае Сямён Гукан. Усе гэтыя героі амаль равеснікі, усе перажылі ваеннае ліхалецце. Кожны з іх мае свае погляды на жыццё, бярэ ў ім непасрэдны ўдзел, ацэньвае дэмакратычныя змены ў грамадстве.

У рамане «Сэрца на далоні» адлюстравана цікавая старонка жыцця краіны, калі пераважная большасць членаў грамадства паверыла ў праграмныя лозунгі партыі. Найперш паверыў у гэта журналіст Кірыла Шыковіч, які некалі разам са старшынёй гарвыканкама Гуканам выдаў кнігу пра падпольшчыкаў і партызан, а цяпер пераглядае ранейшыя яе палажэнні, стараецца рэабілітаваць добрае імя доктара Савіча, запісанага ў здраднікі, а на самай справе ўдзельніка падполля.

Змест твора найперш прысвечаны гэтай праблеме. Для Шыковіча яна галоўная. Імкнучыся знайсці справядлівасць, ён змагаецца і за сваё добрае імя, і супраць Гукана, які ў вайну хаваўся ў доме Савіча, а пазней, у мірны час, заняў высокую пасаду. Гукан не толькі не расказаў праўды пра ўчынак падпольшчыка Савіча, якога немцы абвясцілі забітым партызанамі і пахавалі з гонарам, але і данёс на яго дачку Зосю, якую пратрымалі затым доўгі час у сталінскіх турмах. Знайшліся і тыя, хто прыйшоў Шыковічу на дапамогу: былы фран­тавік, сакратар гаркама партыі Тарасаў; дакладны ў дзеяннях, вытрыманы, сухаваты і, на першы погляд, некалькі раўнадушны чэкіст капітан Сербаноўскі, які аказваецца самым зацікаўленым у гэтай справе.

Пазней і Яраш прызнае памылковым сваё жаданне адмовіцца ад вывучэння мінулага, займацца толькі прафесійнай дзейнасцю і ўхіляцца ад выкрыцця прыстасаванца і кар’ерыста Гукана. Вось як Шыковіч усведамляе свае задачы, калі бярэцца за справу аднаўлення справядлівасці: «Прайшло шмат год, вырасла новае пакаленне, якому няма ніякай справы да нейкага доктара Савіча, лёс яго нікога не цікавіць. Дык навошта выцягваць яго з небыцця? Так, напэўна, разважае Яраш. Але ён, Кірыла, трымаецца іншай думкі. Нарэшце, гэта справа яго гонару: завяршыць пачатую працу!»

 Побач з сучаснасцю ў рамане паўстае ваеннае мінулае, паказанае рэтраспектыўна. Пра падзеі вайны апавядае Яраш сябру-журналісту. Іх трагізм перадаецца і ў споведзі Зосі Савіч, якая ўратавала Яраша, калі ён забіў начальніка паліцыі Лучынскага, адпомсціў за павешаных падпольшчыкаў і хаваўся ў доме Савіча да адпраўкі ў лес. Зося таксама расказвае Шыковічу, як яна хавала ў сябе на гарышчы і іншага чалавека. Апавядае пра падполле і Клаўдзія Сухадол — былая медыцынская сястра інфекцыйнага шпіталя, дзе працаваў Яраш, а цяпер вясковая жыхарка, якая лечыць травамі людзей, нават пенсіі не атрымлівае (працавала разам з «ворагам народа» Сцяпанам Савічам!). Гэта грамадска-сацыяльны фон рамана, звязаны з тэмай перабудовы грамадства па прынцыпе справядлівасці і праўды.

Паралельна з грамадскім у рамане з пачатку і да канца паказваецца жыццё асабістае. У цэнтры ўвагі І. Шамякіна — лёс дзвюх сем’яў: урача-хірурга Яраша і журналіста Шыковіча. Жывуць яны побач, на дачы, пабудаванай на дзве сям’і, збіраюць гасцей, вудзяць рыбу, сядзяць каля вогнішча і прыгадваюць мінулыя часы, спрачаюцца з жонкамі, дзецьмі.

Самыя яркія бытавыя сцэны — пачатак рамана, дзе Яраш з сынам ганяюць галубоў; застолле, на якім Славік нахабна паводзіць сябе з запрошанай Машай і атрымлівае ад яе аплявуху; фізічнае пакаранне Шыковічам сына; заляцанне Гаецкай да Яраша ў бальніцы і інш. Заканчваецца раман таксама бытавымі сцэнамі: маці і Маша каля ложка траўміраванага Славіка і прымірэнне Яраша з жонкай, навагодняя вячэра. Такім чынам, пісьменнік глыбока цікавіўся асабістым лёсам герояў.

 У рамане некалькі сюжэтных ліній. Галоўная — узаемаадносіны Шыковіча і Гукана, былых суаўтараў кнігі пра падполле, сяброў, а цяпер ворагаў. Не меншае значэнне мае сюжэтная лінія бацькоў і дзяцей: Славік Шыковіч імкнецца да незалежнасці, абараняе сваё ўласнае «я», здольны дзёрзка супрацьстаяць калектыву брыгады і бацьку.

Сюжэтная лінія Яраш — Зося Савіч звязвае сучаснае з мінулым, сведчыць пра імкненне сумленных людзей не астудзіць памяць пра ваенную навалу, дапамагчы тым, хто трапіў пад чорнае крыло трагічных падзей. Чаму Яраш згадзіўся зрабіць аперацыю на сэрцы Зосі Савіч? Таму што яна — кавалачак яго мінулага, ратавальніца, без якой, магчыма, яго ўжо і не было б. У сучаснасць гэту лінію выводзіць Кірыла Шыковіч, які канчаткова рэабілітуе Сцяпана Савіча — сумленнага чалавека, памочніка і сябра партызан.

Значную ролю ў творы адыгрывае любоўны канфлікт. Раман як жанр без падобнага канфлікту амаль не можа існаваць увогуле, а калісьці (у эпоху Сярэдневякоўя) менавіта інтымны, любоўны канфлікт у ім быў асноўным. У «Сэрцы на далоні» пакутуе ад кахання да Яраша медсястра Маша, а затым захапляецца яго прыёмным сынам Тарасам, адначасова інтрыгуючы крыху маладзейшага па ўзросце Славіка Шыковіча. Менавіта каханне да Машы стала прычынай аварыі, калі Славік ледзь не загінуў.

У канцы рамана дзяўчына стаіць на раздарожжы: яна не ведае, каму аддаць перавагу — ці правільнаму, сталаму ў прыняцці рашэнняў Тарасу, ці неўраўнаважанаму, аднак арыгінальнаму і няўрымсліваму, па-сапраўднаму закаханаму ў яе Славіку. Аўтар перадае пачуцці гераіні: «Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую віну. Увогуле ён быў маўклівы, непрыкметны сярод сяброў больш, чым хто другі, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля — сябе. Адчула смутак, нібы ёй трэба было развітацца з нечым вельмі дарагім і паехаць у невядомае».

Героі твора жывуць складаным штодзённым жыццём. У сям’і Шыковічаў, журналіста і настаўніцы, расце сын, стыляга і шалапут, шукальнік праўды на свой лад — шляхам пратэсту. Славік — поўная супрацьлегласць ціхмянай старэйшай дачцэ Ірыне. Сям’я Яраша таксама часта пакутуе ад стрэсаў: жонка хірурга Галіна Адамаўна без канца раўнуе яго то да ўрача Гаецкай, то да медсястры Машы, потым — да Зосі Савіч.

Жыццё сямейна-бытавое, грамадскае, палітычнае, яго глыбінны сэнс становяцца зместам рамана I. Шамякіна пра маральнае ўдасканаленне людзей, вечна прыгожую, расквечаную фарбамі сонца і зямлі прыроду. Вось, напрыклад, толькі адна пейзажная замалёўка — апісанне прырэчнага лугу з яго разнатраўем: «Каля лазнякоў... над негустым разнатраўем ужо ўзвышаліся мяцёлкі цімафееўкі і лісахвосту, кастрыцы і шчаўя. I толькі зязюліны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалі свае дробныя яркія кветкі. А там, ніжэй, усё яшчэ цвіло, кожная травінка; жоўтыя, чырвоныя, ліловыя, васількова-сінія, блакітныя кветкі, зліваючыся ў дзівосны вясёлкавы колер, закрывалі яркую зелень травы».

Вастрыня канфлікту

Там, дзе адбываецца барацьба, абавязкова прысутнічае канфлікт. Дзякуючы яму ў эпічных творах складаецца сюжэт. Ён можа, у залежнасці ад вастрыні і часу працякання канфлікту, развівацца то паскорана, як у абсалютнай большасці твораў І. Шамякіна, то запаволена, як, напрыклад, у рамане I. Мележа «Людзі на балоце», трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», рамане-эпапеі рускага пісьменніка М. Шолахава «Ціхі Дон».

У рамане «Сэрца на далоні» канфлікт завязваецца ў самым пачатку: Гукан не прыехаў на абед да Шыковіча, хоць яны разам напісалі некалі кнігу пра падполле. На словы былога падпольшчыка, сябра Яраша «На д’ябла табе Гукан?» гарачы і нястрыманы ў пачуццях журналіст адказвае, адразу ж характарызуючы свае будучыя непрымірымыя да несправядлівасці дзеянні: «Даўно не гутарыў з ім душэўна. Год шэсць ужо. Цікава, ведаеш... Як ён змяніўся? У які бок? Адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах. А як ён? Ён, брат, з цвердалобых. Цікава, як ён ставіцца да сваёй кнігі. Да нашай кнігі, якую мы разам пісалі». Канфлікт паміж Шыковічам і яго праціўнікам Гуканам будзе паглыбляцца на працягу твора.

Галоўны, сацыяльны, канфлікт у рамане ўскладняецца маральна-этычнымі і бытавымі праблемамі. Ярашу і Шыковічу (першаму асабліва) даводзіцца апраўдвацца ў сем’ях, чаму яны столькі ўвагі ўдзяляюць прааперыраванай Зосі Савіч: і кватэру з іх дапамогай яна атрымала, і мэблю набыла. Шыковіч і яго жонка Валянціна Андрэеўна ніяк не могуць справіцца з сынам Славікам. У фінале рамана бацькі перажываюць драму: сын узяў бацькаў аўтамабіль, уцякаў ад міліцыі і толькі цудам уратаваўся ад смерці. I да гэтага ён прынёс родным шмат клопатаў, калі п’яны пачаў пагражаць атамнай бомбай англійскім турыстам у рэстаране і быў арыштаваны, а пасля пабіўся з Тарасам з-за Машы.

У цэлым канфлікт рамана можна ахарактарызаваць і як маральна-этычны, што адбываецца паміж прыхільнікамі праўды і яе праціўнікам (Шыковіч, Яраш, Зося Савіч, Тарасаў — Гукан); людзьмі з высокаразвітой грамадскай свядомасцю і індывідуалістамі (Тарас, члены яго брыгады, Маша — Славік Шыковіч); захавальнікамі высокай маралі ў сямейных адносінах (Яраш, Шыковіч), прыхільнікамі лёгкага флірту (урач Гаецкая) і раўнівіцамі (жонка Яраша).

Канфлікт мае шмат адгалінаванняў, што сведчыць пра ўменне аўтара спалучаць бытавое, інтымнае і агульназначнае. Хуткае развіццё канфлікту абумоўлівае займальнасць і імклівае развіццё сюжэта.

Прынцыповасць і рашучасць Кірылы Шыковіча ў выкрыцці Гукана

Кірыла Шыковіч запамінаецца бескампраміснасцю, прынцыповасцю пазіцыі, нянавісцю да прыстасаванства, фальшу і дэмагогіі. Ён спяшаецца жыць па-новаму, актыўна, пераглядае свае ранейшыя адносіны да мінулай вайны, хоча дапрацаваць кнігу пра падполле, бо многае ў ёй не адпавядае праўдзе і справядлівасці ў адносінах да некаторых людзей.

Ужо ў пачатку рамана ён спрабуе разгаварыць маўчуна, майстра сваёй справы доктара Яраша, выпытвае ў таго ўсё, што толькі можна, пра дзейнасць падпольшчыкаў, пра доктара Савіча, яго лёс. Словы журналіста пра неабходнасць падобнай справы сябар спачатку ўспрымае скептычна. Але пазней пачынае ўспамінаць, як на яго вачах павесілі чатырнаццаць падпольшчыкаў, як яны спявалі перад смерцю песню «Вставай, страна огромная!».

Шыковіч настойлівы ў пошуку праўды і справядлівасці. Ужо ў пачатку твора пісьменнік стварыў партрэт героя: «весела засмяяўся», «з асалодай пацягнуўся, выставіўшы з-пад піжамных штаноў валасатыя ногі», «ваяўніча выставіўшы пукаты жывот», «саркастычна прыжмурыў свае маленькія вочкі». У параўнанні з асілкам Ярашам ён выглядае чалавекам невялікага росту. Вобраз Шыковіча аўтар ствараў паступова на працягу твора, пранікаючы ва ўнутраны свет героя. Так, на пасяджэнні гаркама партыі, калі яго «прапясочваюць» за кепскае выхаванне сына, ён паўстае бездапаможным, раз-пораз выцірае пот, ледзь не страчвае прытомнасць пад націскам дэмагога Гукана і іншых прыхільнікаў правільнага выхавання.

У Шыковіча актыўная жыццёвая пазіцыя. Ён лічыць, што чалавек павінен адстойваць праўду, нягледзячы на абставіны і час. Менавіта з гэтай прычыны паміж ім і Ярашам адбываецца сяброўская спрэчка ў пачатку твора: «Твар у Яраша змяніўся: зніклі складкі іранічнай усмешкі каля рота, спакой, задаволенасць, з’явіліся спахмурнеласць і пакута, быццам чалавеку штосьці забалела раптам. Ён ціха сказаў: “Мая роля ў падполлі другарадная. А што да іншых... калі забыліся тады, то ці варта варушыць гэта цяпер? Праз сямнаццаць год! Варушыць мёртвых?”» У адказ Шыковіч, увогуле спакойны і разважлівы, пачаў махаць рукамі і крычаць: «Антон! Мне сорамна чуць гэта ад цябе! Такія мёртвыя не паміраюць! Яны павінны жыць, стаяць у адным страі з намі! I змагацца!» Шыковіч актыўна адстойвае свой погляд на неабходнасць маральнай адказнасці кожнага чалавека і за тое, што было, і за тое, што будзе.

Журналіст паказаны шчырым і гарачым у пачуццях, калі справа даходзіць да жыццёвых прынцыпаў. Так, напрыклад, крывадушнага зайздросніка — загадчыка прамысловага аддзела рэдакцыі Рагойшу, што «дастаў» яго сваімі прычэпкамі, Шыковіч рашуча выстаўляе за дзверы: «Спакойна ўстаў з-за стала, падышоў да загадчыка аддзела, узяў за каўнер паласатага пінжака, падвёў яго, страшэнна ашаломленага, да дзвярэй, ударам нагі шырока адчыніў іх і выкінуў Рагойшу ў калідор, як непатрэбную рэч». Тое ж самае робіць ён і з сынам Славікам, калі той пасля часовага зняволення з усмешкай падыходзіць да яго. Многае ў тэмпераментным характары Шыковіча ад жадання ўстанавіць справядлівасць, пакараць злачынства, спыніць зло.

Вобраз Антона Яраша. Партызанскае мінулае героя

Антон Яраш — былы ўдзельнік падполля, выдатны хірург. Адначасова гэта і асілак («Пад яго цяжкім целам натужліва рыпнулі слупы веранды, забрынчалі шыбы»; жонка «тысячны раз» любавалася «яго асілкавай постаццю, што ўся імкнецца ў неба за галубамі»), і па-дзіцячы непасрэдны, апантаны рамантычнымі марамі летуценнік, юнак («Доктар Яраш стаяў на даху веранды і свістаў, залажыўшы пальцы ў рот. Свістаў так, што здавалася, з дубоў пасыплецца лісце», «Яраш засланяўся ад яго [сонца] не далоняй, а неяк па-дзіцячы, локцем»). Герой высокі, стройны і прыгожы. Такім запомніўся ён і Зосі Савіч у вайну, калі тая схавала яго ад фашысцкай пагоні. Такім застаўся, калі стаў знакамітым хірургам.

Пісьменнік неаднойчы звяртаў увагу чытача на прыгажосць яго дужых і ўмелых рук. Невыпадкова самы блізкі чалавек, жонка, захапляецца гэтымі «дужымі голымі рукамі», а таксама «шырокім і мужным тварам» (звернем увагу на эпітэты) і «валасамі каштанавага колеру», яго зграбнай і дарагой сэрцу постаццю. Невыпадкова ў гэтых дужых прыгожых руках аказвалася не адно прааперыраванае сэрца ўратаваных Ярашам людзей.

У ліку многіх трымае ён на далоні і сэрца сваёй выратавальніцы ў вайну, пакалечанай, пазбаўленай здароўя Зосі Савіч, запісанай у здрадніцы. Шамякін даверыў прыгожаму чалавеку з дужымі і чыстымі рукамі сэрца сваёй гераіні, нібы сказаўшы тым самым, што толькі людзі з чыстым сумленнем і такімі ж рукамі могуць вырашаць лёс іншых.

Сімвалічнай назвай твора сцвярджаецца, што трэба быць шчырым, даверлівым, толькі тады ты зможаш заваяваць прыхільнасць і любоў людзей. Менавіта такі Яраш. Ён уратаваў ад смерці Зосю, выканаў просьбу падпольшчыка Паўла паклапаціцца пра яго сына Та[1]раса і выхоўвае яго як роднага са сваімі дзецьмі Віктарам і Наташай.

Сцэна аперацыі на сэрцы Зосі Савіч падрабязна апісана ў рамане. У момант перад аперацыяй ён здаецца прысутнаму Шыковічу «звышчалавекам, богам», паўстае ў белым адзенні, у белай шапачцы, якая «аж ззяла ў святле раніцы». Такім богам сваёй справы і быў Яраш. Таму яму зайздросціць урач Гаецкая, зайздросціць і заляцаецца да яго. Таму і не падабаецца ён Гукану, які адчувае перад ім сваю мізэрнасць, лічыць свайго відавочнага саперніка па народным аўтарытэце «анархістам» і ворагам (так ён яго выстаўляе перад Шыковічам).

Адстойваць свае прафесійныя патрабаванні Яраш можа не менш тэмпераментна і настойліва, чым Шыковіч: яму ўдалося атрымаць лепшае абсталяванне ў хірургічнае аддзяленне, менавіта ён крытыкуе непарадкі ў пастаноўцы медыцынскіх спраў у горадзе і гаворыць пра гэта публічна. Менавіта  з дапамогай Яраша Шыковіч устанаўлівае праўду пра падполле і выкрывае кар’ерыста Гукана.

Яраш не баіцца ўзяць на сябе адказнасць за лёс Зосі, бо ён высокамаральны чалавек і не можа дапусціць, каб жанчына, якая некалі ўратавала яго, адпакутавала несправядліва многія гады, памерла. З яго даппамогай Зося атрымала кватэру, хоць Яраш ведаў, з якой варожасцю паставіцца да гэтага яго раўнівая жонка. Яраш страшэнна перажывае непаразуменне з жонкай. Яе недавер яго глыбока раніць.

У вайну Яраш быў смелым маладым чалавекам. Працаваў пажарным і санітарам, бачыў на свае вочы, як каралі смерцю сяброў-падпольшчыкаў: «Карнікі ўтварылі першы ланцуг вакол шыбеніц. Воддаль, таксама ланцугом, стала паліцыя ўнутранага парадку — “бобікі”. Яны ж выконвалі другую ганебную місію: зганялі народ.

Праўда, першымі з’явіліся добраахвотнікі, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамі. Яны прыходзілі па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзін аднаму, ціснуліся бліжэй да паліцыі, але стаялі асобнымі кучкамі. Потым паліцаі прыгналі рабочых станкабудаўнічага завода і друкарні. Рабочыя адразу зліліся ў адну групу. Сталі яны каля самай пажарнай сцяны, наблізіўшыся да бронетранспарцёра. Паліцыя адціснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднім ходам бліжэй да шыбеніц, і кулямёт... быў скіраваны на рабочых. Жанчынам, якіх паліцаі прыгналі з другога боку, не дазволілі зліцца з рабочымі. Іх паставілі асобна».

Пасля гэтай трагічнай сцэны ён пайшоў на прыём да начальніка гарадской паліцыі Лучынскага і здзейсніў, рызыкуючы жыццём, смяротны прысуд.

Даследчыкі адзначаюць, што «асноўная ўвага ў рамане “Сэрца на далоні” скіравана на доктара Яраша і яго сябра, пісьменніка і журналіста Шыковіча. Характары іх распрацоўваюцца галоўным чынам дынамічна — праз дыялогі, спрэчкі, характэрныя паводзіны і ўчынкі. Дыялогі нярэдка выходзяць за межы сацыяльна-побытавай канкрэтыкі, закранаюць сферу маралі і філасофіі. Пэўную ролю ў раскрыцці характараў адыгрывае прырода». Яраш «умеў не толькі любавацца прыродай, ён заўсёды стараўся помніць законы яе з’яў». Рамантычна-ўзнёслы малюнак прыроды, адлюстраваны аўтарам у пачатку рамана, дазваляе глыбей пранікнуць у псіхалогію герояў, рамантызуе іх аблічча, асабліва Яраша.

Героі змагаюцца за аднаўленне праўды гісторыі, праўды падполля, у якім удзельнічалі і сам доктар Яраш, і Зося Савіч, і дэмагог-кар’ерыст Гукан. Пісьменнікам падкрэсліваліся «разумовасць» Яраша, яго рацыяналізм і «пачуццёвасць», імпульсіўнасць Шыковіча. З мэтай зрабіць характар Антона Яраша больш «гнуткім», заземленым аўтар ставіў яго ў адмоўныя сітуацыі: фатальнае каханне, або, дакладней, нейкая паталагічная страсць Гаецкай, пакутніцкая рэўнасць жонкі Галіны. Аднак нішто адмоўнае не ўплывае на Яраша, ва ўсіх сітуацыях ён застаецца крыштальна чыстым.

 

Вобраз кар’ерыста Гукана

Сямён Парфёнавіч Гукан — зацяты бюракрат, які выпрацаваў адпаведны стыль працы, паводзін, накіраваных на выкананне дзяржаўных абавязкаў. Старшыня гарсавета кіруе жыццём усяго горада. Механізм кіравання адладжаны, дакладны, вывераны гадамі працы чыноўніка. Ён з’яўляецца на працу раней за іншых, каб усё паспець зрабіць і яшчэ адпачыць ад наведвальнікаў.

Крыху сентыментальны, Гукан назірае, як за акном мяняецца каштан на працягу года, і выгаворвае свайму намесніку Кушнеру, калі той зрывае з яго лісток. Удала, хлёстка вудзіць рыбу, выбраўшы якраз тое месца, што нагледзеў Яраш, не меншы энтузіяст гэтай справы.

Вось як апісаны Гукан пісьменнікам у час гэтага занятку: «Ён стаяў, шырока расставіўшы свае доўгія ногі, нахіліўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі, ён нагадваў у профіль ястраба, які выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракі. Апрануты... у белы палатняны касцюм. Але адразу кідалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нібы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пінжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцікам, з вялікімі нагруднымі кішэнямі... <...>Яшчэ больш старамодна выглядала шапка... Зашмальцаваная, скамечаная наперадзе над казырком... яна неяк смешна маладзіла гаспадара, робячы яго падобным на купецкага прыказчыка».

Партрэт разгорнуты, выразны. Звернем увагу на дэталі ў ім. Першая: выгляд героя «ястрабавы». Так у самым пачатку акрэслена аўтарам драпежнасць натуры чалавека. Вопратка нагадвае тую, што была трыццаць гадоў таму назад: фрэнч, кішэні. Гэта вопратка людзей сталінскага гарту, якіх Гукан, відаць, лічыць за ідэал. Гэта другая дэталь. I, нарэшце, трэцяя: герой падобны на купецкага прыказчыка. Зноў невыпадковы ход разваг мастака слова: Гукан не проста чыноўнік высокага рангу, а гандляр сумленнем, чалавечымі лёсамі. За сваю асабістую выгаду ён аддасць усё.

Пасля выказванняў пра перагляд гісторыі з пазіцыі рашэнняў XX з’езда Гукан адразу мяняе свае адносіны да былога суаўтара кнігі пра падполле. Ён баіцца, што раскрыецца праўда, асабліва пра доктара Савіча і яго дачку Зосю. Гукан пачынае думаць толькі пра выратаванне ўласнага аўтарытэту. Адразу ж падказвае каму трэба, каб заняліся дачамі Яраша і Шыковіча, пабудаванымі нібыта не па сродках і ў недазволеным месцы.

Даведаўшыся, што сын Шыковіча дэбашырыў у рэстаране перад замежнымі турыстамі, Гукан і тут не ўстрымліваецца ад помсты: на пасяджэнні бюро гаркама партыі змешвае былога сябра з брудам, патрабуе, каб таму вынеслі строгую вымову з занясеннем у картку за недахопы ў выхаванні дзяцей, не дае магчымасці апраўдацца мала ў чым вінаватаму бацьку.

Вось урывак з выступлення Гукана — абаронцы маралі: «Як вы думаеце, таварыш Шыковіч, што вырасце з дзіцяці, якому бацькі ні ў чым не адмаўляюць? Усё падносяць на залатой талерцы. Машыну, дачу, вучобу, работу... Не паступіў у інстытут... На тэлестудыю? Калі ласка. Выгналі адтуль... З помпай, як героя, — на лепшы завод, у лепшую брыгаду. У брыгаду камуністычнай працы!»

Ні перад чым не спыніўся б гэты чалавек і ў помсце Ярашу і Шыковічу за адноўленую імі праўду пра падполле. Гукан знарок стрымлівае журналіста ад пошукаў праўдзівых дакументаў у архівах, забараняе даць Зосі асобную кватэру (сітуацыю выпраўляе намеснік Гукана Кушнер).

З дапамогай Зосі і Яраша Шыковіч устанавіў, што Савічы ў вайну хавалі і Гукана (мянушка Сажань). Зося пазнала яго на адным са здымкаў. Маладушша не дазволіла Гукану прызнацца, што яго выратавальнікамі сталі доктар Савіч і яго дачка, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з фашыстамі. Па віне Гукана Зося з нямецкага канцлагера трапіла ў савецкі лагер.

Старшыня гарсавета баяўся праўды. Толькі ў фінале рамана мы бачым яго зніякавелым, разгубленым. Ён марыць пра пенсію. Шукае і не знаходзіць падтрымкі ў людзей.

Але і ў канцы рамана герой не ўсведамляе злачыннасці свайго былога ўчынку, ненавідзіць не такіх, як ён, людзей: сакратара гаркама партыі Тарасава, свайго намесніка Кушнера, Шыковіча, маладога архітэктара, праект якога так і не падтрымаў. Між тым той атрымаў першую прэмію на конкурсе ў Ленінградзе.

Гуканаўшчына — гэта зло маральнае: кар’ерызм, нахабнасць, уладалюбства, нежаданне спачуваць іншым і ўменне выдаваць сябе за добразычлівага кіраўніка. Змаганне з гуканаўшчынай — гэта змаганне дабра са злом, сумлення з несумленнасцю, праўды з маной. Змаганне за ачышчэнне грамадства ад маральнай разбэшчанасці.

Вобраз Зосі Савіч, яе жыццёвы лёс

Зося — дачка доктара і падпольшчыка Савіча, абвешчанага здраднікам. В. Локун сцвярджае, што «першапачаткова характар Зосі ствараўся аўтарам у традыцыйнай для яго манеры рамантызаванага пісьма. Зося захапляецца ідэяй змагання супраць фашыстаў, імкнецца далучыцца да падпольшчыкаў, якія ў яе ўяўленні паўстаюць у арэоле мужнасці і выключнасці. Але паступова прыходзіць уменне заўважаць праўду жыцця». Пасля смерці бацькі гераіня прайшла праз катаванні і выпрабаванні ў канцэнтрацыйным лагеры, пасля вайны была выслана ў Сібір як дачка ворага. Нягледзячы на ўсе пакуты і перыпетыі жыццёвага лёсу, Зося захавала чалавечнасць, дабрыню і веру ў людзей.

У фінале рамана яна з’язджае, каб захаваць сям’ю чалавека, у якога закахалася: «Вы вярнулі мне жыццё. Якое дзякуй трэба сказаць за адно гэта! Але Вы вярнулі не толькі жыццё. Вы вярнулі мне веру ў людзей, у іх дабрату. <...>Дзякуй Вам за ўсё, за ўсё — вось словы, што выходзяць з глыбіні майго сэрца, якое вы трымалі на далоні. Дзякуй Вам, дарагі Антон Кузьміч! Нядаўна я даведалася, што з-за мяне ў Вас непрыемнасці ў сям’і. Божа мой! Каб з-за мяне Вы перажывалі, трацілі спакой і цвёрдасць рукі, якая ратуе людзей. <...>Бывайце, добры чалавек. Дазвольце ў думках абняць і пацалаваць Вас».

Па сваёй мастацкай спецыфіцы і абагульненасці вобраз становіцца сімвалічным — гэта ўвасабленне лёсу народа, які выстаяў у гады вайны, у часы сталінскіх рэпрэсій і не страціў чалавечнасці.

Маладое пакаленне ў рамане

Шмат увагі ў рамане «Сэрца на далоні» надаецца праблеме бацькоў і дзяцей, моладзі, яе жыццю ў заблытаным і складаным свеце. Пісьменнік сцвярджаў: не адны бацькі вінаваты ў тым, што дзеці часта вырастаюць непаслухмянымі, крытычна настроенымі да старэйшых, здольнымі на стыхійны бунт. Вінаваты ў гэтым і абставіны, і грамадскія арганізацыі.

Славік Шыковіч не хоча быць такім, як усе. Ён пакідае брыгаду Тараса, дзе хлопцы яго выхоўваюць на свой лад, бо бачыць, што яны крывадушнічаюць, выдаючы сябе за анёлаў: адзін хоча выпіць, але нельга, другі імкнецца выступіць на сходзе, не прачытаўшы чарговага партыйнага дакумента. Славіка абураюць людзі з «двайным дном», якія гавораць адно, а робяць другое. Таму ён і пратэстуе: апранаецца пад стылягу, заляцаецца да медсястры Машы, не хоча саступаць Тарасу, які пакахаў гэту дзяўчыну па-сапраўднаму.

Пісьменніку, відаць, гэты малады чалавек быў сімпатычны. Славік шукае сябе, пераадольваючы фальш лозунгаў, якія абвешчаны, але выконваюцца па абавязку, а не па прызванні. I яго сэрца, душу трэба лячыць, як доктар Яраш лечыць сэрца Зосі Савіч. У рамане пісьменнік падкрэсліў, што Славіка чакае лепшая будучыня: яму на дапамогу прыходзіць маці, хлопца даглядае і Маша, ёй хочацца рэабілітавацца, дапамагчы чалавеку, які шчыра яе кахае.

Тарас — прыёмны сын Антона Яраша, яго бацька ў час Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам і загінуў. Вобраз Тараса цалкам станоўчы, ён сур’ёзны не па гадах, адказны. Медсястры Машы Тарас «здаўся спачатку сумным. Нават у кампаніі сваіх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзір, трымаўся неяк збоку...

Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькі ён глыбейшы і разумнейшы за Славіка, як многа ведае — так многа, што ёй зрабілася боязна. Ён расказваў сур’ёзна, але цікава. Ён да ўсяго ставіўся з цяжкаватай сур’ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька». У канфлікце са Славікам Тарас займае абарончую пазіцыю, імкнецца супакоіць саперніка, адмаўляецца ад «каўбойскай дуэлі».

Тарас у рамане ідэалізаваны, як і яго брыгада, кранаўшчыца Ніна, якая выглядае ідэалам не жаноцкасці, а станоўчасці. Хлопцы сціплыя і за сталом, і ў кіно, прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Найбольш удаўся пісьменніку вобраз Ходаса — дэмагога, фразёра, гатовага ў любы зручны момант дагадзіць начальству, кінуць палымяную прамову ў масы. Яго больш за ўсіх і не любіць Славік.

Запамінаецца ў рамане вобраз Машы — вясковай дзяўчыны, гаспадыні, медсястры, закаханай і ў сваю працу, і ў майстра-хірурга. Смелая, яна можа пастаяць за сябе, калі спатрэбіцца, даць аплявуху нахабніку (гісторыя са Славікам на дачы). Ёй уласцівы пачуццё годнасці, цвёрдасць характару. Дастаткова прыгадаць, як яна прымушае няўмеку Славіка веславаць супраць цячэння. Маша — добрая гаспадыня. Нездарма з любоўю назіраюць на дачы жонкі Яраша і Шыковіча за тым, як па-майстэрску, кубік да кубіка, наразала яна агуркі на салат.

Аднак паводзіны гэтай дзяўчыны ледзь не прывялі да гібелі Славіка: «Машы падабалася гэтая гульня — сустракацца па чарзе то з адным, то з другім. Яе калегі, напэўна, вельмі здзівіліся б, каб даведаліся, што яна, Маша Літвін, сур’ёзная, разважлівая, акуратная, сумленная і не такая юная ўжо — дваццаць тры гады, — здольная на гэтыя жарты». У фінале рамана Маша каля ложка хворага Славіка стараецца рэабілітавацца за нанесены яму боль.

Сімволіка назвы твора

Назва рамана «Сэрца на далоні» — сімвалічная. У прамым значэнні — гэта сэрца Зосі Савіч у добрых руках хірурга Яраша, які ратуе жанчыне жыццё. За аперацыяй назіраюць запрошаныя асістэнты, многія зацікаўленыя людзі, сярод якіх і Кірыла Шыковіч. Апошні так да канца і не ўбачыў выдатную аперацыю: стала кепска.

У пераносным значэнні назва азначае заклік да людзей быць добрымі, не раніць свае і чужыя сэрцы абразлівымі і жорсткімі дзеяннямі і ўчынкамі. Назва «Сэрца на далоні» гучыць у рамане некалькі разоў: сцэна аперацыі прыгадваецца Шыковічу, калі яго крытыкуюць за выхаванне сына; у сваім развітальным лісце Зося Савіч дзякуе Ярашу за тое, што той трымаў яе сэрца ў сваіх руках, на сваіх далонях.

Творчасць І. Шамякіна засведчыла высокі ўзровень развіцця беларускай літаратуры ў другой палове ХХ стагоддзя, яе арганічную еднасць з гісторыяй краіны, якая перажывала і гераічныя, і трагічныя старонкі, шукала выйсце са складаных сітуацый. Пісьменнік увесь свой талент скіроўваў на раскрыццё вострых праблем, ішоў упоравень з часам і нават яго апярэджваў, як, напрыклад, у раманах «Атланты і карыятыды», «Злая зорка», прадказваючы не толькі станоўчы, але і адмоўны ўплыў навукова-тэхнічных дасягненняў на жыццё, прыроду і чалавека.

Мастак слова пакінуў маладзейшым пісьменнікам запавет абараняць чалавечае ў чалавеку, клапаціцца, каб людзі паважалі адзін аднаго, захоўвалі гармонію ўзаемаадносін з грамадствам, у сям’і, думалі пра вечнае, прытрымліваліся агульначалавечых каштоўнасцей, нястомна шукалі сваё трывожнае шчасце, а калі спатрэбіцца, здолелі ўтрымаць на цёплай далоні сэрцы пакрыўджаных — тых, каму балюча і адзінока на планеце Зямля.

Майстар вострага, напружанага сюжэта, нечаканых паваротаў канфлікту, І. Шамякін здолеў надаць буйным празаічным жанрам такія рысы, як займальнасць, дынамізм, хуткая змена падзей, і тым самым выклікаць большую ўвагу чытача, зацікавіць яго мастацтвам. Творчасць І. Шамякіна выхоўвае высокія патрыятычныя пачуцці моладзі, раскрывае сувязі лёсаў розных пакаленняў, заклікае дзяцей помніць запаветы бацькоў. Стыль мастака слова экспрэсіўны, маляўнічы і разам з тым просты і зразумелы чытачам.

Пісьменнік па-майстэрску спалучаў прыёмы эмацыянальна-пачуццёвага і філасофска-аналітычнага пісьма, уводзіў у палатно сваіх твораў элементы дэтэктыўнага жанру, дыдактычны і дакументальны пачаткі і тым самым дасягаў маштабнасці і шматграннасці адлюстравання падзей.

Пытаннi

1. Ахарактарызуйце час, у які быў напісаны раман І. Шамякіна «Сэрца на далоні». Як тагачасная грамадская атмасфера паўплывала на праблематыку твора?
2. Назавіце сюжэтныя лініі ў рамане. Якая з іх, на вашу думку, самая галоўная? Складзіце кластар «Сюжэтныя лініі рамана І. Шамякіна “Сэрца на далоні”».
3. Якія вострыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы закранае пісьменнік у рамане? У чым заключаецца іх актуальнасць? Растлумачце назву твора.
4. Прачытайце дадатковую інфармацыю пра раман І. Шамякіна «Сэрца на далоні» і выканайце тэст.

5. Як пададзены вобраз Яраша ў рамане? Падрыхтуйце параўнальную характарыстыку Антона Яраша і Кірылы Шыковіча. Выкарыстайце прапанаваную табліцу. Які герой вам больш блізкі па сваіх поглядах на свет і жыццёвых прынцыпах?

6. Чаму і з якой мэтай Гукан вінаваціў доктара Савіча ў супрацоўніцтве з захопнікамі? Якія з’явы грамадскага жыцця можна назваць гуканаўшчынай?
7. Якім паказана маладое пакаленне ў рамане «Сэрца на далоні»? Чым адрозніваюцца дзеці Яраша і Шыковіча — Віктар, Наташа, Тарас, Славік і Ірына? Вызначце ролю моладзі ў выяўленні ідэйнага пафасу рамана. Чым падобны героі рамана на сучасную моладзь? Адказ аргументуйце.
8. Выкажыце свае адносіны да Славіка Шыковіча. Падмацуйце свой адказ цытатнай характарыстыкай героя.
9. Напішыце рэферат «Дзве жыццёвыя пазіцыі ў рамане І. Шамякіна “Сэрца на далоні” (Яраш і Шыковіч — Гукан)» або «Маладое пакаленне ў рамане І. Шамякіна».
10. Падрыхтуйце даклад «Праблема “бацькоў і дзяцей” у творчасці І.  Тургенева і I. Шамякіна».
11. Які працяг можа быць у рамана І. Шамякіна? Паразважайце, як далей мог бы скласціся лёс герояў.