«Сэрца на далоні»

Вобраз кар’ерыста Гукана

Сямён Парфёнавіч Гукан — зацяты бюракрат, які выпрацаваў адпаведны стыль працы, паводзін, накіраваных на выкананне дзяржаўных абавязкаў. Старшыня гарсавета кіруе жыццём усяго горада. Механізм кіравання адладжаны, дакладны, вывераны гадамі працы чыноўніка. Ён з’яўляецца на працу раней за іншых, каб усё паспець зрабіць і яшчэ адпачыць ад наведвальнікаў.

Крыху сентыментальны, Гукан назірае, як за акном мяняецца каштан на працягу года, і выгаворвае свайму намесніку Кушнеру, калі той зрывае з яго лісток. Удала, хлёстка вудзіць рыбу, выбраўшы якраз тое месца, што нагледзеў Яраш, не меншы энтузіяст гэтай справы.

Вось як апісаны Гукан пісьменнікам у час гэтага занятку: «Ён стаяў, шырока расставіўшы свае доўгія ногі, нахіліўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі, ён нагадваў у профіль ястраба, які выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракі. Апрануты... у белы палатняны касцюм. Але адразу кідалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нібы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пінжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцікам, з вялікімі нагруднымі кішэнямі... <...>Яшчэ больш старамодна выглядала шапка... Зашмальцаваная, скамечаная наперадзе над казырком... яна неяк смешна маладзіла гаспадара, робячы яго падобным на купецкага прыказчыка».

Партрэт разгорнуты, выразны. Звернем увагу на дэталі ў ім. Першая: выгляд героя «ястрабавы». Так у самым пачатку акрэслена аўтарам драпежнасць натуры чалавека. Вопратка нагадвае тую, што была трыццаць гадоў таму назад: фрэнч, кішэні. Гэта вопратка людзей сталінскага гарту, якіх Гукан, відаць, лічыць за ідэал. Гэта другая дэталь. I, нарэшце, трэцяя: герой падобны на купецкага прыказчыка. Зноў невыпадковы ход разваг мастака слова: Гукан не проста чыноўнік высокага рангу, а гандляр сумленнем, чалавечымі лёсамі. За сваю асабістую выгаду ён аддасць усё.

Пасля выказванняў пра перагляд гісторыі з пазіцыі рашэнняў XX з’езда Гукан адразу мяняе свае адносіны да былога суаўтара кнігі пра падполле. Ён баіцца, што раскрыецца праўда, асабліва пра доктара Савіча і яго дачку Зосю. Гукан пачынае думаць толькі пра выратаванне ўласнага аўтарытэту. Адразу ж падказвае каму трэба, каб заняліся дачамі Яраша і Шыковіча, пабудаванымі нібыта не па сродках і ў недазволеным месцы.

Даведаўшыся, што сын Шыковіча дэбашырыў у рэстаране перад замежнымі турыстамі, Гукан і тут не ўстрымліваецца ад помсты: на пасяджэнні бюро гаркама партыі змешвае былога сябра з брудам, патрабуе, каб таму вынеслі строгую вымову з занясеннем у картку за недахопы ў выхаванні дзяцей, не дае магчымасці апраўдацца мала ў чым вінаватаму бацьку.

Вось урывак з выступлення Гукана — абаронцы маралі: «Як вы думаеце, таварыш Шыковіч, што вырасце з дзіцяці, якому бацькі ні ў чым не адмаўляюць? Усё падносяць на залатой талерцы. Машыну, дачу, вучобу, работу... Не паступіў у інстытут... На тэлестудыю? Калі ласка. Выгналі адтуль... З помпай, як героя, — на лепшы завод, у лепшую брыгаду. У брыгаду камуністычнай працы!»

Ні перад чым не спыніўся б гэты чалавек і ў помсце Ярашу і Шыковічу за адноўленую імі праўду пра падполле. Гукан знарок стрымлівае журналіста ад пошукаў праўдзівых дакументаў у архівах, забараняе даць Зосі асобную кватэру (сітуацыю выпраўляе намеснік Гукана Кушнер).

З дапамогай Зосі і Яраша Шыковіч устанавіў, што Савічы ў вайну хавалі і Гукана (мянушка Сажань). Зося пазнала яго на адным са здымкаў. Маладушша не дазволіла Гукану прызнацца, што яго выратавальнікамі сталі доктар Савіч і яго дачка, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з фашыстамі. Па віне Гукана Зося з нямецкага канцлагера трапіла ў савецкі лагер.

Старшыня гарсавета баяўся праўды. Толькі ў фінале рамана мы бачым яго зніякавелым, разгубленым. Ён марыць пра пенсію. Шукае і не знаходзіць падтрымкі ў людзей.

Але і ў канцы рамана герой не ўсведамляе злачыннасці свайго былога ўчынку, ненавідзіць не такіх, як ён, людзей: сакратара гаркама партыі Тарасава, свайго намесніка Кушнера, Шыковіча, маладога архітэктара, праект якога так і не падтрымаў. Між тым той атрымаў першую прэмію на конкурсе ў Ленінградзе.

Гуканаўшчына — гэта зло маральнае: кар’ерызм, нахабнасць, уладалюбства, нежаданне спачуваць іншым і ўменне выдаваць сябе за добразычлівага кіраўніка. Змаганне з гуканаўшчынай — гэта змаганне дабра са злом, сумлення з несумленнасцю, праўды з маной. Змаганне за ачышчэнне грамадства ад маральнай разбэшчанасці.