«Сэрца на далоні»

Прынцыповасць і рашучасць Кірылы Шыковіча ў выкрыцці Гукана

Кірыла Шыковіч запамінаецца бескампраміснасцю, прынцыповасцю пазіцыі, нянавісцю да прыстасаванства, фальшу і дэмагогіі. Ён спяшаецца жыць па-новаму, актыўна, пераглядае свае ранейшыя адносіны да мінулай вайны, хоча дапрацаваць кнігу пра падполле, бо многае ў ёй не адпавядае праўдзе і справядлівасці ў адносінах да некаторых людзей.

Ужо ў пачатку рамана ён спрабуе разгаварыць маўчуна, майстра сваёй справы доктара Яраша, выпытвае ў таго ўсё, што толькі можна, пра дзейнасць падпольшчыкаў, пра доктара Савіча, яго лёс. Словы журналіста пра неабходнасць падобнай справы сябар спачатку ўспрымае скептычна. Але пазней пачынае ўспамінаць, як на яго вачах павесілі чатырнаццаць падпольшчыкаў, як яны спявалі перад смерцю песню «Вставай, страна огромная!».

Шыковіч настойлівы ў пошуку праўды і справядлівасці. Ужо ў пачатку твора пісьменнік стварыў партрэт героя: «весела засмяяўся», «з асалодай пацягнуўся, выставіўшы з-пад піжамных штаноў валасатыя ногі», «ваяўніча выставіўшы пукаты жывот», «саркастычна прыжмурыў свае маленькія вочкі». У параўнанні з асілкам Ярашам ён выглядае чалавекам невялікага росту. Вобраз Шыковіча аўтар ствараў паступова на працягу твора, пранікаючы ва ўнутраны свет героя. Так, на пасяджэнні гаркама партыі, калі яго «прапясочваюць» за кепскае выхаванне сына, ён паўстае бездапаможным, раз-пораз выцірае пот, ледзь не страчвае прытомнасць пад націскам дэмагога Гукана і іншых прыхільнікаў правільнага выхавання.

У Шыковіча актыўная жыццёвая пазіцыя. Ён лічыць, што чалавек павінен адстойваць праўду, нягледзячы на абставіны і час. Менавіта з гэтай прычыны паміж ім і Ярашам адбываецца сяброўская спрэчка ў пачатку твора: «Твар у Яраша змяніўся: зніклі складкі іранічнай усмешкі каля рота, спакой, задаволенасць, з’явіліся спахмурнеласць і пакута, быццам чалавеку штосьці забалела раптам. Ён ціха сказаў: “Мая роля ў падполлі другарадная. А што да іншых... калі забыліся тады, то ці варта варушыць гэта цяпер? Праз сямнаццаць год! Варушыць мёртвых?”» У адказ Шыковіч, увогуле спакойны і разважлівы, пачаў махаць рукамі і крычаць: «Антон! Мне сорамна чуць гэта ад цябе! Такія мёртвыя не паміраюць! Яны павінны жыць, стаяць у адным страі з намі! I змагацца!» Шыковіч актыўна адстойвае свой погляд на неабходнасць маральнай адказнасці кожнага чалавека і за тое, што было, і за тое, што будзе.

Журналіст паказаны шчырым і гарачым у пачуццях, калі справа даходзіць да жыццёвых прынцыпаў. Так, напрыклад, крывадушнага зайздросніка — загадчыка прамысловага аддзела рэдакцыі Рагойшу, што «дастаў» яго сваімі прычэпкамі, Шыковіч рашуча выстаўляе за дзверы: «Спакойна ўстаў з-за стала, падышоў да загадчыка аддзела, узяў за каўнер паласатага пінжака, падвёў яго, страшэнна ашаломленага, да дзвярэй, ударам нагі шырока адчыніў іх і выкінуў Рагойшу ў калідор, як непатрэбную рэч». Тое ж самае робіць ён і з сынам Славікам, калі той пасля часовага зняволення з усмешкай падыходзіць да яго. Многае ў тэмпераментным характары Шыковіча ад жадання ўстанавіць справядлівасць, пакараць злачынства, спыніць зло.