«Сэрца на далоні»

Вастрыня канфлікту

Там, дзе адбываецца барацьба, абавязкова прысутнічае канфлікт. Дзякуючы яму ў эпічных творах складаецца сюжэт. Ён можа, у залежнасці ад вастрыні і часу працякання канфлікту, развівацца то паскорана, як у абсалютнай большасці твораў І. Шамякіна, то запаволена, як, напрыклад, у рамане I. Мележа «Людзі на балоце», трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», рамане-эпапеі рускага пісьменніка М. Шолахава «Ціхі Дон».

У рамане «Сэрца на далоні» канфлікт завязваецца ў самым пачатку: Гукан не прыехаў на абед да Шыковіча, хоць яны разам напісалі некалі кнігу пра падполле. На словы былога падпольшчыка, сябра Яраша «На д’ябла табе Гукан?» гарачы і нястрыманы ў пачуццях журналіст адказвае, адразу ж характарызуючы свае будучыя непрымірымыя да несправядлівасці дзеянні: «Даўно не гутарыў з ім душэўна. Год шэсць ужо. Цікава, ведаеш... Як ён змяніўся? У які бок? Адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах. А як ён? Ён, брат, з цвердалобых. Цікава, як ён ставіцца да сваёй кнігі. Да нашай кнігі, якую мы разам пісалі». Канфлікт паміж Шыковічам і яго праціўнікам Гуканам будзе паглыбляцца на працягу твора.

Галоўны, сацыяльны, канфлікт у рамане ўскладняецца маральна-этычнымі і бытавымі праблемамі. Ярашу і Шыковічу (першаму асабліва) даводзіцца апраўдвацца ў сем’ях, чаму яны столькі ўвагі ўдзяляюць прааперыраванай Зосі Савіч: і кватэру з іх дапамогай яна атрымала, і мэблю набыла. Шыковіч і яго жонка Валянціна Андрэеўна ніяк не могуць справіцца з сынам Славікам. У фінале рамана бацькі перажываюць драму: сын узяў бацькаў аўтамабіль, уцякаў ад міліцыі і толькі цудам уратаваўся ад смерці. I да гэтага ён прынёс родным шмат клопатаў, калі п’яны пачаў пагражаць атамнай бомбай англійскім турыстам у рэстаране і быў арыштаваны, а пасля пабіўся з Тарасам з-за Машы.

У цэлым канфлікт рамана можна ахарактарызаваць і як маральна-этычны, што адбываецца паміж прыхільнікамі праўды і яе праціўнікам (Шыковіч, Яраш, Зося Савіч, Тарасаў — Гукан); людзьмі з высокаразвітой грамадскай свядомасцю і індывідуалістамі (Тарас, члены яго брыгады, Маша — Славік Шыковіч); захавальнікамі высокай маралі ў сямейных адносінах (Яраш, Шыковіч), прыхільнікамі лёгкага флірту (урач Гаецкая) і раўнівіцамі (жонка Яраша).

Канфлікт мае шмат адгалінаванняў, што сведчыць пра ўменне аўтара спалучаць бытавое, інтымнае і агульназначнае. Хуткае развіццё канфлікту абумоўлівае займальнасць і імклівае развіццё сюжэта.