§ 22-1. Цемнавая фаза фотасінтэзу. Значэнне фотасінтэзу. Хемасінтэз
Вывучэнне ўтварэння крахмалу ў лістах на святле
Заданне рэкамендуецца выконваць у школе. Будзьце асцярожныя пры рабоце з рэактывамі і награвальнымі прыборамі, выконвайце правілы тэхнікі бяспекі!
- Змясціце пеларгонію (прымулу, хларафітум, традэсканцыю, колеус ці іншую хатнюю расліну) на 3—4 сут у цёмнае памяшканне ці цёмную шафу. Для доследу не абавязкова выкарыстоўваць цэлую расліну, можна зрэзаць некалькі лістоў, паставіць іх чаранкамі ў шклянку з вадой і вытрымаць у цемнаце.
- Пасля гэтага з двух бакоў прымацуйце да лістоў экраны са шчыльнай паперы (лепш за ўсё чорнай) ці кардону з выразанымі ў іх фігурамі. Пастаўце лісты на сонечнае святло ці пад яркае электрычнае асвятленне на 4—8 г (мал. 22-1.4).
- Здыміце з лістоў паперу.
- У адной ёмістасці закіпяціце ваду, а ў другой нагрэйце этылавы спірт, не даводзячы яго да кіпення.
- Апусціце лісты на 2 мін у кіпячую ваду, а потым у гарачы этылавы спірт да абясколервання ліставых пласцінак.
- Прамыйце лісты вадой, перанясіце на талеркі, выпрастайце і апрацуйце ёднай вадой (для яе падрыхтоўкі ў ваду дабаўляюць ёд па кроплях да атрымання раствору колеру моцнай гарбаты). Участкі абясколераных лістоў, на якія пападала святло, афарбуюцца ў сіне-фіялетавы колер, што сведчыць пра наяўнасць у іх крухмалу.
● Чаму крухмал выяўляецца толькі ў тых участках ліста, якія былі асветлены?
Дослед можна правесці таксама з раслінамі стракаталістых сартоў. Іх лісты маюць зялёныя ўчасткі, што змяшчаюць хларапласты, і белыя, пазбаўленыя хларапластаў. Пасля вытрымлівання такіх лістоў у цемнаце не закрывайце іх святлонепранікальнымі папяровымі экранамі, а проста змясціце на некалькі гадзін пад яркае святло. Потым правядзіце абясколерванне і ёдную пробу.
● У якіх участках ліставых пласцінак змяшчаецца крухмал?
● Чым гэта можна растлумачыць?