§ 22-1. Цемнавая фаза фотасінтэзу. Значэнне фотасінтэзу. Хемасінтэз

Значэнне фотасінтэзу. Галоўнай крыніцай энергіі, якая абумоўлівае існаванне жыцця на нашай планеце, з’яўляецца сонечнае святло. Дзякуючы фотасінтэзу энергія Сонца становіцца даступнай для выкарыстання ўсімі жывымі арганізмамі Зямлі (за выключэннем хемааўтатрофаў). Фотасінтэз адыгрывае важнейшую ролю ў біясферным кругавароце вугляроду, забяспечваючы яго ўключэнне ў састаў арганічных злучэнняў. Рэчывы, сінтэзаваныя фотааўтатрофамі, выкарыстоўваюцца імі і гетэратрофамі не толькі ў якасці крыніцы энергіі. Яны таксама служаць матэрыялам для пабудовы і абнаўлення клетак і пазаклетачных структур жывых арганізмаў.

Дзякуючы фотасінтэзу падтрымліваецца адносна пастаяннае ўтрыманне кіслароду і вуглякіслага газу ў атмасферы Зямлі. Фотасінтэз забяспечвае звязванне СО2, чым перашкаджае развіццю парніковага эфекту. Вядома, што большая частка кіслароду атмасферы мае біягеннае паходжанне і з’яўляецца пабочным прадуктам фотасінтэзу. Як вы ведаеце з курса біялогіі 10-га класа, менавіта гэты працэс, які ўзнік, паводле ацэнак вучоных, больш за 3 млрд гадоў таму, зрабіў магчымым з’яўленне і далейшае развіццё аэробных арганізмаў. З часам з кіслароду сфарміраваўся азонавы экран, які ахоўвае жыхароў нашай планеты ад згубнага ўздзеяння караткахвалевага ультрафіялетавага выпраменьвання.

Такім чынам, усё жывое на Зямлі абавязана сваім існаваннем фотасінтэзу. А чалавецтва залежыць ад гэтага працэсу яшчэ і таму, што выкарыстоўвае для розных патрэб энергію, якая на працягу мільёнаў гадоў запасалася ў карысных выкапнях, што ўтварыліся з арганічных рэчываў старажытных арганізмаў. Прыкладамі такіх выкапняў могуць служыць каменны вугаль, нафта, гаручыя сланцы і г. д.