§ 21-1. Браджэнне

Анаэробы атрымліваюць энергію для жыццядзейнасці пераважна ў працэсе браджэння — ферментацыйнага расшчаплення арганічных рэчываў без удзелу кіслароду. Браджэнне можа працякаць і ў клетках аэробных арганізмаў пры недахопе кіслароду. Пры браджэнні не адбываецца поўнага акіслення глюкозы, таму яго энергетычны выхад значна меншы, чым клетачнага дыхання — 2 малекулы АТФ на кожную расшчэпленую малекулу глюкозы. Адрозніваюць малочнакіслае, спіртавое і іншыя віды браджэння. У выніку малочнакіслага браджэння ўтвараецца малочная кіслата (С3Н6О3). Канчатковымі прадуктамі спіртавога браджэння з'яўляюцца этылавы спірт (С2Н5ОН) і вуглякіслы газ.