§ 21-1. Браджэнне
Паняцце аб браджэнні. Не ўсім арганізмам для жыццядзейнасці неабходны малекулярны кісларод. Акрамя аэробаў, існуюць таксама анаэробы — арганізмы, здольныя жыць і развівацца ў адсутнасці О2. Да гэтай групы належаць многія бактэрыі, некаторыя пратысты, грыбы (напрыклад, дрожджы) і жывёлы (смактуны, стужачныя чэрві, аскарыды і інш.)
*Строгія (аблігáтныя) анаэробы здольныя існаваць толькі пры адсутнасці ў асяроддзі малекулярнага кіслароду — ён для іх згубны. Прыкладам могуць служыць кластрыдыі — род бактэрый, да якога належаць узбуджальнікі слупняку, газавай гангрэны і батулізму. Факультатыўныя анаэробы могуць жыць як пры кіслародзе, так і ў бескіслародным асяроддзі. Гэта, напрыклад, кішэчная палачка, халерны вібрыён, дрожджы, паразітычныя чэрві.*
Большасць анаэробных арганізмаў атрымлівае энергію для жыццядзейнасці ў ходзе браджэння. Браджэнне — працэс бескіслароднага расшчаплення арганічных рэчываў, пераважна вугляводаў, які адбываецца пад дзеяннем ферментаў. Пры дэфіцыце кіслароду браджэнне можа працякаць і ў клетках аэробных арганізмаў. У залежнасці ад асноўнага канчатковага прадукту адрозніваюць малочнакіслае, спіртавое і іншыя віды браджэння.