§ 21-1. Браджэнне
Малочнакіслае браджэнне працякае ў два этапы, прычым першы этап фактычна ўяўляе сабой гліколіз (мал. 21-1.1). Малекула глюкозы расшчапляецца і акісляецца з утварэннем 2 малекул ПВК і *2 малекул НАД∙Н+Н+.* Сумарны энергетычны выхад гэтага працэсу, як вы ведаеце, складае 2 малекулы АТФ:
*1. C6H12O6 + 2НАД+ + 2АДФ + 2H3PO4 → 2C3H4O3 + 2НАД∙Н+Н+ + 2АТФ.
На другім этапе ПВК аднаўляецца за кошт НАД∙Н+Н+ до малочнай кіслаты (С3Н6О3), АТФ пры гэтым не сінтэзуецца:
2. 2С3Н4О3 + 2НАД∙Н+Н+ → 2С3Н6О3 + 2НАД+.*
*падсумаваўшы прыведзеныя ўраўненні і выключыўшы НАД, які на першым этапе аднаўляецца, а на другім зноў акісляецца, атрымліваем агульнае ўраўненне малочнакіслага браджэння:
С6Н12О6 + 2АДФ + 2Н3РО4 → 2С3Н6О3 + 2АТФ.
Гэты від браджэння ажыццяўляюць малочнакіслыя бактэрыі. Акрамя таго, малочнакіслае браджэнне адбываецца ў мышачных валокнах чалавека і жывёл ва ўмовах недахопу кіслароду. Назапашванне малочнай кіслаты з’яўляецца адной з прычын развіцця стомленасці мышцаў.
*Малочная кіслата, утвораная ў мышцах, з токам крыві паступае ў печань, дзе падлягае ферментацыйнаму акісленню да ПВК. Пры наяўнасці кіслароду ПВК можа ўступаць у кіслародны этап клетачнага дыхання. Акрамя таго, у клетках печані пад дзеяннем ферментаў ПВК можа ператварацца ў глюкозу, якая назапашваецца ў выглядзе глікагену або зноў паступае ў мышцы.*