§ 21. Клетачнае дыханне

Вывучэнне дыхання насення

  1. У адзін слоік змясціце 30 сухіх непрарослых зерняў гароху (фасолі, зярнявак пшаніцы і г. д.), у другі — такую ж колькасць тых, што прарастаюць. Пачаць прарошчванне насення лепш за 2—4 дні да пастаноўкі доследу.
  2. Абодва слоікі шчыльна закрыйце накрыўкамі і пастаўце ў цёмнае месца.
  3. На наступны дзень адкрыйце слоік з насеннем, якое прарастае, і апусціце да яго дна запаленую лучынку (ці свечку). Гарэнне спыняецца, бо насенне, якое прарастае, выкарыстала для дыхання кісларод, што быў у слоіку. У слоіку з непрарослым насеннем лучынка працягвае гарэць. Такое насенне таксама дыхае, але вельмі слаба, таму запас кіслароду ў слоіку захаваўся практычна цалкам.

● Які газ вылучае насенне, якое прарастае? З чаго ён утвараецца?

● Калі памераць тэмпературу ў абодвух слоіках, вы выявіце, што ў ёмістасці з насеннем, якое прарастае, яна вышэйшая. Растлумачце чаму.