§ 21. Клетачнае дыханне
Паняцце пра клетачнае дыханне. Жывым арганізмам пастаянна патрабуецца энергія для ажыццяўлення розных працэсаў жыццядзейнасці. Універсальным пастаўшчыком гэтай энергіі служыць АТФ, якая ўтвараецца ў рэакцыях катабалізму. У большасці арганізмаў АТФ сінтэзуецца перш за ўсё ў працэсе клетачнага дыхання. Клетачнае дыханне — працэс, пры якім у клетках адбываецца расшчапленне і акісленне арганічных злучэнняў да неарганічных рэчываў, а энергія, якая выдзяляецца пры гэтым, запасаецца ў выглядзе АТФ.
Большасці жывых арганізмаў для працякання клетачнага дыхання неабходны малекулярны кісларод (О2). Такія арганізмы называюцца аэробамі, а іх тып дыхання — аэробным дыханнем. Аэробамі з’яўляюцца ўсе расліны, большасць жывёл, грыбоў і пратыстаў, а таксама многія бактэрыі. Разгледзім, як адбываецца клетачнае дыханне ў аэробных умовах, г. зн. ва ўмовах свабоднага доступу кіслароду.