§ 21. Клетачнае дыханне

Большасць арганізмаў атрымлівае энергію для жыццядзейнасці ў ходзе клетачнага дыхання. Гэты працэс уключае тры этапы: падрыхтоўчы, бескіслародны і кіслародны. Падрыхтоўчы этап працякае ў стрававальнай сістэме (у жывёл), другасных лізасомах і гіялаплазме клетак. Ён заключаецца ў расшчапленні буйных арганічных малекул да больш простых і не суправаджаецца сінтэзам АТФ. Прадукты падрыхтоўчага этапу могуць выкарыстоўвацца ў рэакцыях анабалізму ці ўступаць у наступныя этапы дыхання. Малекула глюкозы у ходзе бескіслароднага этапу (гліколізу) падлягае ў гіялаплазме расшчапленню да 2 малекул ПВК і акісленню — адшчапленню 4 атамаў вадароду. Сумарны энергетычны выхад гліколізу — 2 малекулы АТФ. Далей прадукты гліколізу (ПВК і атамы вадароду) паступаюць у мітахондрыі, дзе пры ўдзеле О2  працякае кіслародны этап дыхання. Ён суправаджаецца расшчапленнем і акісленнем прадуктаў гліколізу (у канчатковым выніку — да СО2  і Н2О ) і сінтэзам 36 малекул АТФ. Агульны энергетычны выхад клетачнага дыхання ў разліку на малекулу глюкозы складае 38 малекул АТФ.