§ 19. Будова і ўтварэнне палавых клетак
Сперматазоід складаецца з галоўкі, шыйкі, сярэдняй часткі і жгуціка (хваста). Ён пазбаўлены запасу пажыўных рэчываў і мае мінімальную колькасць унутрыклетачных структур, якія забяспечваюць рухомасць і здольнасць да апладнення яйцаклеткі. Яйцаклетка — буйная, звычайна нерухомая клетка, якая змяшчае набор розных арганоідаў і пажыўныя рэчывы для развіцця зародка. У млекакормячых і іншых жывёл працэсы ўтварэння мужчынскіх і жаночых гамет уключаюць некалькі перыядаў. Ключавую ролю ў гэтых працэсах адыгрывае меёз, які праходзіць у перыяд паспявання. Пры сперматагенезе меёз прыводзіць да ўтварэння чатырох аднолькавых даччыных клетак з адной мацярынскай. Пры аагенезе ўтвараецца адна буйная яйцаклетка, якая захавала запас пажыўных рэчываў, і тры дробныя клеткі, якія ў далейшым гінуць.