Падвядзём вынікі

Згодна з клетачнай тэорыяй элементарнымі структурна-функцыянальнымі адзінкамі арганізмаў з'яўляюцца клеткі. Будова і функцыянаванне клетак, працэсы іх размнажэння, старэння і гібелі вывучае цыталогія. У цыталогіі выкарыстоўваюцца розныя метады даследавання. Усе клеткі маюць адзіны прынцып арганізацыі: іх асноўнымі кампанентамі з'яўляюцца паверхневы апарат, цытаплазма і ядро (у эўкарыёт). Паверхневы апарат уключае цытаплазматычную мембрану і надмембранны комплекс. Цытаплазма складаецца з вадкай часткі — гіялаплазмы і апушчаных у яе цыташкілета і арганоідаў. Немембраннымі арганоідамі з'яўляюцца клетачны цэнтр, жгуцікі, раснічкі, міяфібрылы і рыбасомы. Да аднамембранных арганоідаў належаць эндаплазматычная сетка, комплекс Гольджы, лізасомы і вакуолі. Мітахондрыі і пластыды — гэта двухмембранныя арганоіды. Ядро клеткі змяшчае малекулы ДНК, якія забяспечваюць захоўванне і рэалізацыю спадчыннай інфармацыі.

У сувязі з асаблівасцямі будовы клетак арганізмы падзяляюцца на дзве групы — пракарыёты і эўкарыёты. У адрозненне ад эўкарыятычных клеткі пракарыёт пазбаўлены ядра і мембранных арганоідаў. Пракарыётамі з’яўляюцца бактэрыі. Да эўкарыёт належаць рас­ліны, жывёлы, грыбы і пратысты. Паміж клеткамі арганізмаў розных царстваў ёсць некаторыя адрозненні.

Клетачны цыкл складаецца з інтэрфазы і дзялення клеткі. У G1-перыядзе інтэрфазы клетка расце і рыхтуецца да рэплікацыі, у S-перыядзе адбываецца рэплікацыя, у G2-перыядзе завяршаецца падрыхтоўка да дзялення. Рэплікацыя ДНК адбываецца з удзелам фермента ДНК-полімеразы, якая выкарыстоўвае ланцугі зыходнай мацярынскай малекулы ў якасці матрыц для сінтэзу даччыных ланцугоў. У выніку ўтвараюцца дзве аднолькавыя малекулы ДНК. Кожная з іх змяшчае адзін ланцуг мацярынскай малекулы і адзін толькі што сінтэзаваны даччыны ланцуг. 

Клеткі эўкарыёт могуць дзяліцца мітозам, амітозам ці меёзам. У выніку мітозу з мацярынскай клеткі ўтвараюцца дзве даччыныя з такім жа наборам храмасом, у выніку меёзу — чатыры даччыныя з наборам, паменшаным у 2 разы. У жывёл меёз адыгрывае ключавую ролю ў працэсах сперматагенезу і аагенезу і забяспечвае ўтварэнне гаплоідных гамет з зыходных дыплоідных клетак. Пры мітозе і меёзе малекулы ДНК раўнамерна размяркоўваюцца паміж даччынымі клеткамі. Пры амітозе гэтага не адбываецца, паколькі клетачнае ядро дзеліцца перацяжкай без спіралізацыі храмаціну і фарміравання верацяна дзялення.

Последнее изменение: Понедельник, 23 Август 2021, 11:33