§ 17. Простае бінарнае дзяленне. Мітоз. Амітоз

Амітоз. Пры амітозе ў клетцы не фарміруецца верацяно дзялення, у яе ядры не адбываецца спіралізацыя храмаціну, захоўваюцца ядзеркі і ядзерная абалонка. Ядро застаецца ў стане, характэрным для інтэрфазы, і падзяляецца папалам перацяжкай. Пры гэтым малекулы ДНК (храмасомы) размяркоўваюцца паміж даччынымі ядрамі нераўнамерна, выпадковым чынам. У шэрагу выпадкаў амітатычнае дзяленне ядра не суправаджаецца наступным дзяленнем клеткі на дзве даччыныя *цытакінэзам*. Гэта прыводзіць да з’яўлення двух’ядзерных і нават шмат’ядзерных клетак. Калі ж даччыныя клеткі ўсё-такі ўтвараюцца, то клетачныя кампаненты, як і ДНК, размяркоўваюцца паміж імі выпадкова і нераўнамерна.

Амітоз — параўнальна рэдкая з’ява. Гэтым спосабам дзеліцца, напрыклад, вялікае ядро інфузорый. У мнагаклетачных арганізмаў амітоз назіраецца пры розных паталагічных працэсах (рост пухлін, запаленне і інш.), а таксама ў клетках, якія старэюць ці павінны загінуць. Як правіла, клеткі, што ўзніклі ў выніку амітозу, губляюць здоль­насць уступаць у звычайны клетачны цыкл і ў далейшым дзяліцца мітозам.