§ 17. Простае бінарнае дзяленне. Мітоз. Амітоз

Простае бінарнае дзяленне. Клеткі пракарыётаў у пераважнай большасці выпадкаў дзеляцца з утварэннем двух аднолькавых па памеры даччыных клетак. Гэты працэс называецца *простым бінарным дзяленнем* (простым дзяленнем папалам).

*Перад дзяленнем адбываецца рэплікацыя бактэрыяльнай храмасомы — кальцавой малекулы ДНК, якая ў пэўным пункце прымацавана да плазмалемы. Пры гэтым утвараюцца дзве ідэнтычныя даччыныя храмасомы, таксама прымацаваныя да цытаплазматычнай мембраны (мал. 17.1). Потым спецыяльныя маторныя бялкі перамяшчаюць даччыныя храмасомы ў процілеглых напрамках, і адлегласць паміж малекуламі ДНК павялічваецца.

У працэсе дзялення плазмалема ўгінаецца (урастае) унутр клеткі паміж дзвюма храмасомамі, якія разышліся. Адначасова ў гэтай вобласці адбываецца дабудаванне клетачных сценак будучых даччыных клетак. У канчатковым выніку бактэрыяльная клетка дзеліцца папалам. Пры гэтым у кожнай даччынай клетцы аказваецца па адной храмасоме. Простае бінарнае дзяленне ўласцівае толькі пракарыётам.* Эўкарыятычныя клеткі, у адрозненне ад пракарыятычных, маюць больш складаную арганізацыю. Таму для іх характэрны іншыя спосабы дзялення: мітоз, амітоз, меёз.