§ 13-1. Двумембранныя арганоіды

Мітахондрыі і пластыды — гэта двухмембранныя арганоіды. Вонкавая мембрана мітахондрыі гладкая, а ўнутраная ўтварае складкі — крысты. Унутранае змесціва мітахондрыі называецца матрыксам. Галоўная функцыя мітахондрый заключаецца ў сінтэзе АТФ. У раслін вылучаюць тры асноўныя тыпы пластыд: хларапласты, лейкапласты і храмапласты. Унутры пластыд змяшчаецца строма, акружаная дзвюма мембранамі. Вонкавая мембрана роўная, а ўнутраная ўтварае ўвагнутасці, з якіх фарміруюцца плоскія мяшэчкі — тылакоіды. У хларапластах раслін дыскападобныя тылакоіды ўтвараюць стопкі — граны. У хларапластах ажыццяўляецца фотасінтэз, лейкапласты запасяць запасныя пажыўныя рэчывы, а храмапласты забяспечваюць афарбоўку розных частак раслін. Двухмембранныя арганоіды змяшчаюць уласныя малекулы ДНК, РНК, рыбасомы і размнажаюцца шляхам дзялення. Згодна з эндасімбіятычнай тэорыяй мітахондрыі і пластыды з'яўляюцца нашчадкамі бактэрый, што ўступілі ў сімбіёз з клеткамі-папярэднікамі сучасных эўкарыёт.