§ 13-1. Двумембранныя арганоіды
Двухмембраннымі арганоідамі клетак з’яўляюцца мітахондрыі і пластыды.
Мітахондрыі — арганоіды, у якіх працякае кіслародны этап клетачнага дыхання (гэты працэс будзе падрабязна разгледжаны ў наступным раздзеле). У ходзе кіслароднага этапу з удзелам О2 адбываецца расшчапленне і акісленне арганічных злучэнняў да неарганічных рэчываў. Пры гэтым выдзяляецца многа энергіі, якая выкарыстоўваецца для сінтэзу вялікай колькасці АТФ. Таму мітахондрыі часам называюць «энергетычнымі станцыямі» клеткі.
*Мітахондрыі могуць быць акруглымі, выцягнутымі, ніткападобнымі і нават разгалінаванымі. Лік мітахондрый у розных клетках можа складаць ад адной да соцень тысяч. Клеткі, якім патрабуецца шмат энергіі (клеткі печані, мышцаў і да т. п.), змяшчаюць вялікую колькасць гэтых арганоідаў. У клетках водарасцей і хларафіланоснай тканкі раслін лік мітахондрый звычайна меншы, чым у жывёл, паколькі функцыю сінтэзу АТФ часткова выконваюць хларапласты.
Мітахондрыі з'яўляюцца дынамічнымі арганоідамі. Яны здольныя змяняць сваю форму, злівацца адна з адной, дзяліцца, перамяшчацца ва ўчасткі клеткі з паыышаным спажываннем энергіі. Мітахондрыі запасяцца пераважна ў тых частках клеткі, дзе вышэйшая патрэба ў АТФ, напрыклад паблізу арганоідаў руху ці міяфібрыл.*
Кожная мітахондрыя абмежавана дзвюма мембранамі — вонкавай і ўнутранай, паміж якімі знаходзіцца міжмембранная прастора (мал. 13-1.1). Вонкавая мембрана мітахондрыі гладкая, не ўтварае ўвагнутасцей і складак. Яна аддзяляе арганоід ад гіялаплазмы і валодае высокай пранікальнасцю для іонаў і невялікіх малекул. Унутраная мембрана характарызуецца значна меншай пранікальнасцю. Яна ўтварае шматлікія складкі — крысты, якія значна павялічваюць плошчу яе паверхні. Унутраная мембрана мітахондрый змяшчае вялікую колькасць бялкоў. У яе састаў уваходзяць, напрыклад, ферменты, якія забяспечваюць сінтэз АТФ.
Змесціва мітахондрыі, абмежаванае ўнутранай мембранай, называецца матрыксам. У матрыксе змяшчаюцца розныя неарганічныя і арганічныя рэчывы, у тым ліку разнастайныя ферменты, а таксама кальцавыя малекулы ДНК і ўсе віды РНК. Значыць, мітахондрыі змяшчаюць уласную генетычную інфармацыю. У іх матрыксе таксама знаходзяцца рыбасомы, у якіх ажыццяўляецца рэалізацыя гэтай інфармацыі, г. зн. сінтэз бялкоў. Мітахандрыяльныя *70S* рыбасомы меншыя па памерах, чым рыбасомы, якія змяшчаюцца ў гіялаплазме клеткі. *ДНК мітахондрыі кадзіруе толькі невялікую частку бялкоў, патрэбных для функцыявання гэтага арганоіда. Большасць мітахандрыяльных бялкоў кадзіруецца ДНК, змешчанай у ядры клеткі. Такія бялкі сінтэзуюцца ў 80S рыбасомах у гіялаплазме, а потым транспартуюцца ў мітахондрыю.*
Галоўная функцыя мітахондрый — забеспячэнне клеткі энергіяй у выглядзе АТФ. *У клетцы адбываецца пастаяннае абнаўленне мітахондрый. Новыя мітахондрыі ўтвараюцца ў выніку дзялення мацярынскіых. Гэты працэс, як правіла, працякае незалежна ад дзялення клеткі і вызначаецца яе энергетычнымі патрэбнасцямі. Калі патрэбнасці клеткі ў энергіі высокія, мітахондрыі інтэнсіўна растуць і размнажаюцца шляхам дзялення. Калі спажыванне энергіі нізкае, частка мітахондрый можа разбурацца ці пераходзіць у неактыўны стан.*