§ 13-1. Двумембранныя арганоіды

*Эндасімбіятычная тэорыя ўзнікнення мітахондрый і пластыд. Згодна з гэтай тэорыяй двухмембранныя арганоіды з'яўляюцца нашчадкамі сімбіятычных бактэрый, якія трапілі ў клетку-папярэдніка сучасных эўкарыёт на ранніх этапах эвалюцыі жывой прыроды. Доказам гэтага з'яўляецца пэўная аўтаномнасць двухмембранных арганоідаў. У адрозненне ад іншых арганэл, мітахондрыі і пластыды змяшчаюць уласны генетычны матэрыял — кальцавыя малекулы ДНК, падобныя да ДНК пракарыёт. Акрамя таго, яны маюць свой апарат сінтэзу бялкоў і ўтвараюцца толькі ў выніку дзялення мацярынскіх мітахондрый (пластыд). Калі мітахондрыі ці пластыды выдаліць з клеткі, новыя ў ёй ужо не з'яўляюцца. Аналіз ДНК паказаў, што мітахондрыі, хутчэй за ўсё, паходзяць ад старажытных аэробных бактэрый, а пластыды — ад цыянабактэрый.

Лічыцца, што ў ходзе эвалюцыі мітахондрыі і пластыды перадалі большую частку сваёй генетычнай інфармацыі ў ядро клеткі. Большасць бялкоў, патрэбных гэтым арганоідам, сінтэзуецца не ў іх уласных рыбасомах, а ў тых, якія размяшчаюцца ў гіялаплазме клеткі. Такім чынам, мітахондрыі і пластыды, часткова захаваўшы аўтаномію, трапілі пад кантроль клетачнага ядра.*