§ 13. Аднамембранныя арганоіды

У клетках эўкарыёт есць арганоіды, абмежаваныя адной мембранай, — гэта эндаплазматычная сетка, комплекс Гольджы, лізасомы і вакуолі. Адрозніваюць шурпатую і гладкую ЭПС. На мембране шурпатай ЭПС размешчаны рыбасомы, у якіх сінтэзуюцца бялкі. На гладкай ЭПС рыбасомы адсутнічаюць, тут адбываецца сінтэз вугляводаў і ліпідаў. Сінтэзаваныя ў ЭПС рэчывы транспартуюцца ў комплекс Гольджы, дзе перажываюць розныя біяхімічныя ператварэнні, сартуюцца і пакуюцца ў мембранныя пузыркі. Змесціва гэтых пузыркоў выводзіцца з клеткі шляхам экзацытозу, а іх мембраны ўбудоўваюцца ў плазмалему. З некаторых пузыркоў комплексу Гольджы фарміруюцца лізасомы і вакуолі. Лізасомы змяшчаюць стрававальныя ферменты і ўдзельнічаюць у расшчапленні (ператраўліванні) розных малекул ці часцінак. Вылучаюць тры тыпы такога ператраўлівання: гетэрафагію, аўтафагію і аўтоліз. Адной з найважнейшых функцый вакуоляў раслінных клетак з'яўляецца рэгуляцыя воднага рэжыму клеткі і падтрыманне тургарнага ціску. Змесціва вакуоляў — клетачны сок — уяўляе сабой водны раствор, у якім незапашваюцца, захоўваюцца і ізалююцца разнастайныя рэчывы. Скарачальныя вакуолі пратыстаў забяспечваюць осмарэгуляцыю.