§ 13. Аднамембранныя арганоіды

Вакуолі ўяўляюць сабой напоўненыя вадкасцю і акружаныя мембранай поласці. Гэтыя арганоіды характэрны для клетак раслін, грыбоў і многіх пратыстаў. * У клетках жывёл могуць змяшчацца толькі дробныя вакуолі, напрыклад стрававальныя.*

Вакуолі раслінных клетак утвараюцца з невялікіх мембранных пузыркоў, якія з’яўляюцца вытворнымі ЭПС ці комплексу Гольджы. Па меры росту клеткі вакуолі павялічваюцца і звычайна зліваюцца ў адну буйную цэнтральную вакуолю. *Яна адціскае цытаплазму і ядро да перыферыі і можа займаць да 90 % аб'ёму клеткі.*

*Мембрана, якая аддзяляе змесціва вакуолі ад гіялаплазмы, называецца  танапластам.* Змесціва вакуолі — клетачны сок — уяўляе сабой водны раствор розных рэчываў. Так, у састаў клетачнага соку могуць уваходзіць запасныя рэчывы, напрыклад вугляводы, карбонавыя кіслоты, амінакіслоты. Пры неабходнасці яны выводзяцца з вакуолі ў гіялаплазму і выкарыстоўва­юцца клеткай. Клетачны сок таксама можа змяшчаць пігменты, ферменты ці канчатковыя прадукты метабалізму клеткі.

Клетачны сок таксама можа ўтрымліваць пігменты, *напрыклад антацыяны чырвонага, сіняга і фіялетавага колеру. Унутры вакуолі падтрымліваецца больш нізкае значэнне pH, чым у гіялаплазме. Кіслае асяроддзе неабходна для работы ферментаў, якія ўваходзяць у састаў клетачнага соку. Яны забяспечваюць ператраўліванне дэфектных клетачных кампанентаў і адмерлых клетак, — аўтафагію і аўтоліз. Пры гэтым вакуолі раслінных клетак дзейнічаюць падобна лізасомам.*

*У клетачным соку такіх раслін, як цыбуля і часнок, змяшчаецца фермент аліназа. Пры механічным пашкоджанні вакуоляў (напрыклад, пры нарэзцы цыбулі і часнаку ці з прычыны перажоўвання) гэты фермент паступае ў гіялаплазму. Там аліназа каталізуе ўтварэнне лятучых хімічных злучэнняў, якія маюць характэрны рэзкі смак і пах, могуць выклікаць рэзь у вачах і слёзацячэнне. Такі біяхімічны механізм накіраваны на ахову раслін  ад з'ядання.*

У вакуолях таксама могуць назапашвацца канчатковыя прадукты клетачнага метабалізму *і таксічныя рэчывы, якія неабходна ізаляваць ад іншага змесціва клеткі. Гэта, напрыклад, крышталі аксалату кальцыю, алкалоіды, дубільныя рэчывы — таніны. Гэтак жа як і алкалоіды, таніны маюць непрыемны смак і выконваюць ахоўную функцыю.*

Такім чынам, вакуолі забяспечваюць назапашванне, захоўванне і ізаляцыю розных рэчываў. За кошт пігментаў, якія змяшчаюцца ў клетачным соку, яны здольныя надаваць афарбоўку розным часткам раслін, напрыклад пладам вішні і пялёсткам васілька. Клетачны сок з’яўляецца больш канцэнтраваным *(гіпертанічным)* растворам, чым гіялаплазма, таму ў вакуолю шляхам осмасу паступае вада. За кошт гэтага вакуоля аказвае ціск на гіялаплазму і тым самым на клетачную сценку. Так у клетцы падтрымліваецца тургарны ціск, які абумоўлівае захаванне яе формы. Паглынанне вады вакуолямі адыгрывае важную ролю ў расцяжэнні маладых клетак пры іх росце і ў рэгуляцыі воднага рэжыму расліны.

Скарачальныя (пульсуючыя) вакуолі характэрны, галоўным чынам, для аднаклетачных прэснаводных пратыстаў. Гэтыя арганоіды служаць для вывядзення з клеткі лішку вады. Утрыманне раствораных рэчываў, *а значыць, і асматычны ціск,* унутры клеткі вышэйшае, чым у водным асяроддзі вакол яе. Таму за кошт осмасу ў клетку ўвесь час пранікаюць малекулы вады. З гіялаплазмы яны перамяшчаюцца ў скарачальную вакуолю, і яе аб’ём павялічваецца. Далей, дзякуючы ўзаемадзеянню элементаў цыташкілета, вакуоля скарачаецца, і вадкасць, якая яе напаўняе, выштурхваецца ў навакольнае асяроддзе. Работа скарачальных вакуоляў спрыяе падтрыманню пэўнага аб’ёму клеткі, што перашкаджае яе разрыву. Акрамя таго, разам з вадой з клеткі выводзяцца раствораныя ў ёй прадукты абмену рэчываў. *Такім чынам, скарачальныя вакуолі забяспечваюць осмарэгуляцыю — падтрыманне пастаяннага асматычнага ціску ў клетках.*