§ 11. Паверхневы апарат клеткі

Надмембранны комплекс складаецца са структур, размешчаных звонку ад цытаплазматычнай мембраны. У клетках жывёл знешняя паверхня плазмалемы пакрыта глікакаліксам. Гэта тонкі слой, утвораны малекуламі вугляводаў, якія звязаны з мембраннымі бялкамі і ліпідамі. Глікакалікс ахоўвае цытаплазматычную мембрану ад пашкоджанняў, удзельнічае ў ажыццяўленні рэцэптарнай функцыі плазмалемы і функцыі пазнавання клеткай іншых клетак. *Вугляводны слой таксама рэгулюе транспарт рэчываў, забяспечваючы міжклетачныя сувязі ў тканках жывёл.*

Надмембранны комплекс клетак бактэрый, грыбоў, раслін і многіх водарасцей прадстаўлены цвёрдай клетачнай сценкай. Яна надае клеткам механічную трываласць, падтрымлівае іх форму і ахоўвае змесціва. Акрамя таго, клетачная сценка засцерагае клеткі ад разрыву пры паступленні ў іх вады шляхам осмасу, *у раслін па клетачных сценках за кошт капілярных сіл ажыццяўляецца транспарт вады і раствораных у ёй рэчываў.*  Клетачныя сценкі раслін і шэрага водарасцей у асноўным складаюцца з цэлюлозы, грыбоў — з хіціну,  *бактэрый — з мурэіну*. У некаторых бактэрый звонку ад клетачнай сценкі ёсць слізістая капсула, якая ахоўвае клетку ад высыхання і іншых неспрыяльных фактараў.