§ 11. Паверхневы апарат клеткі
Абавязковым кампанентам паверхневага апарата любой клеткі з’яўляецца цытаплазматычная мембрана (плазмалема). Яна аддзяляе і ахоўвае ўнутранае змесціва клеткі ад знешняга асяроддзя. Найважнейшай уласцівасцю цытаплазматычнай мембраны з’яўляецца выбіральная пранікальнасць. Розныя рэчывы праходзяць праз плазмалему з рознай хуткасцю, а для некаторых яна практычна непранікальная. Такім чынам, цытаплазматычная мембрана забяспечвае абмен рэчываў паміж клеткай і пазаклетачным асяроддзем і пастаянства хімічнага саставу клеткі.
Хімічны састаў і будова плазмалемы. Цытаплазматычная мембрана складаецца пераважна з ліпідаў і бялкоў. У састаў плазмалемы таксама ўваходзяць вугляводы, якія з’яўляюцца кампанентамі складаных ліпідаў і бялкоў — глікаліпідаў і глікапратэінаў. Таўшчыня цытаплазматычнай мембраны складае каля 7,5 нм.
Каля паловы масы плазмалемы састаўляюць ліпіды, прадстаўленыя галоўным чынам фосфаліпідамі. Яны фарміруюць аснову будовы мембраны — ліпідны біслой (двайны слой), у якім гідрафобныя хвасты малекул апушчаны ўнутр, а гідрафільныя галоўкі размяшчаюцца звонку (гл. мал. 6.3). Акрамя фосфаліпідаў, у састаў двайнога слоя ўваходзяць і іншыя ліпіды, напрыклад стэроіды.
*З ліпідным біслоем звязаны бялкі. Малекулы інтэгральных бялкоў працінаюць двайны слой ліпідаў наскрозь. Паўінтэгральнымі называюць бялкі, апушчаныя толькі ў адзін з двух ліпідных слаёў (знешні або ўнутраны). Перыферычныя бялкі прылягаюць да паверхні біслоя з вонкавага ці ўнутранага боку (мал. 11.1).*
Мембранныя ліпіды і бялкі звязаны паміж сабой не кавалентнымі сувязямі, а за кошт гідрафобных і электрастатычных узаемадзеянняў. У сувязі з гэтым малекулы дадзеных рэчываў могуць рухацца ўздоўж плоскасці мембраны. Такім чынам, плазмалема з’яўляецца дынамічнай структурай — малекулы бялкоў перамяшчаюцца ў рухомым, цякучым ліпідным біслоі, як у вадкасці. *Дадзеная мадэль арганізацыі мембраны атрымала назву вадкасна-мазаічнай. Яна была прапанавана амерыканскімі біёлагамі Д. Сінгерам і Г. Нікалсанам у 1972 г.* Уласцівасць цякучасці абумоўлівае пластычнасць плазмалемы, дзякуючы чаму яна здольная, напрыклад, хутка аднаўляць сваю цэласнасць пасля нязначных пашкоджанняў.
*Рух у плоскасці плазмалемы адбываецца дастаткова лёгка. Аднак пераход бялкоў з аднаго боку мембраны на другі (так званы фліп-флоп пераход) практычна немагчымы. Падобнае перамяшчэнне ліпідаў адбываецца, але вельмі рэдка, *пры ўдзеле спецыяльных бялкоў фліпаз. Таму састаў вонкавага і ўнутранага слаёў плазмалемы адрозніваецца.*
*Цякучасць мембраны залежыць ад яе ліпіднага саставу і тэмпературы. З павелічэннем утрымання рэшткаў ненасычаных тлустых кіслот ці тэмпературы рухомасць малекул узрастае. Стэроіды, напрыклад халестэрын у арганізме жывёл, рэгулююць цякучасць плазмалемы і надаюць ёй цвёрдасць. Стэроіды размяшчаюцца ў свабоднай прасторы паміж гідрафобнымі хвастамі фосфаліпідаў, абмяжоўваючы рухомасць іх малекул адна адносна другой (гл. мал. 11.1). Такім чынам, стэроіды забяспечваюць стабільнасць мембраны і падтрыманне яе структуры. Акрамя таго, яны рэгулююць пранікальнасць плазмалемы.*
У клетках эўкарыёт, акрамя плазмалемы, ёсць унутраныя мембраны, якія абмяжоўваюць ядро і мембранныя арганоіды. Для ўсіх біялагічных мембран характэрны агульны план будовы — іх аснову складае ліпідны біслой, з якім звязаны малекулы бялкоў.