§ 11. Паверхневы апарат клеткі

Функцыі плазмалемы. Цытаплазматычная мембрана акружае цыта­плазму і фізічна аддзяляе клетку ад пазаклетачнага асяроддзя. Акрамя таго, плазмалема абмяжоўвае паступленне ў клетку і вывядзенне з яе пэўных хімічных рэчываў. Такім чынам, цытаплазматычная мембрана выконвае бар’ерную функцыю.

Яшчэ адной функцыяй плазмалемы з’яўляецца рэцэптарная. Яна абумоўлена тым, што некаторыя мембранныя бялкі з’яўляюцца рэцэптарамі. Калі малекула пэўнага рэчыва звязваецца з такім бялком, ён змяняе сваю прасторавую канфігурацыю. Гэта забяспечвае перадачу сігналу з пазаклетачнага асяроддзя ў клетку і прыводзіць да змянення працякання пэўных унутрыклетачных працэсаў.

Так, існуюць мембранныя рэцэптары для гармонаў і нейрамедыятараў (успомніце механізм перадачы нервовага імпульсу ў сінапсе, вывучаны ў курсе біялогіі 9-га класа)*Як вы ўжо ведаеце, гармоны могуць уплываць на метабалізм у клетцы з прычыны змянення ўласцівасцей плазмалемы ці з дапамогай другасных месэнджараў. Дзеянне большасці нейрамедыятараў заснавана на змяненні пранікальнасці цытаплазматычнай мембраны для пэўных іонаў, напрыклад Na+, K+, Ca2+, Cl. Пры гэтым змяняецца іх канцэнтрацыя ў клетцы і пазаклетачным асяроддзі, а значыць, і зарад плазмалемы. Гэта прыводзіць да ўзнікнення нервовага імпульсу або наадварот, да тармажэння клеткі.* Узаемадзеянне рэцэптараў з хімічнымі рэчывамі забяспечвае таксама распазнаванне смакаў (напрыклад, рэцэптарнымі клеткамі смакавых пупышак языка чалавека) і пахаў (нюхальнымі рэцэптарамі эпітэлію насавой поласці). Змяненне прасторавай структуры мембранных бялкоў можа адбывацца не толькі пад дзеяннем пэўных рэчываў, але і ў выніку ўплыву тых ці іншых фізічных фактараў. Так, малекулы зрокавых рэцэптарных бялкоў палачак і колбачак сятчаткі вока рэагуюць на святло, існуюць тэрмаадчувальныя бялкі-рэцэптары і г. д.

Плазмалема таксама выконвае функцыю пазнавання іншых клетак. Над вонкавай паверхняй цытаплазматычнай мембраны, як антэны, выступаюць разгалінаваныя і лінейныя малекулы * аліга- і поліцукрыдаў (гл. мал. 11.1). 

Яны злучаны кавалентнымі сувязямі з мембраннымі бялкамі і ліпідамі, утвараючы глікапратэіны і глікаліпіды. Гэтыя малекулы ў розных тыпаў клетак маюць спецыфічныя адрозненні і з’яўляюцца маркерамі, якія дазваляюць распазнаць клетку. З іх дапамогай клеткі пазнаюць адна адну і ўзаемадзейнічаюць (напрыклад, сперматазоід і яйцаклетка), правільна арыентуюцца і звязваюцца паміж сабой пры фарміраванні тканак і органаў.

Адной з найважнейшых функцый цытаплазматычнай мембраны з’яў­ляецца транспартная. Транспарт праз плазмалему забяспечвае дастаўку рэчываў, неабходных клетцы, і выдаленне з яе канчатковых прадуктаў абмену. Дзякуючы транспартнай функцыі цытаплазматычнай мембраны таксама ажыццяўляецца сакрэцыя клеткамі розных біялагічна актыўных рэчываў.