§ 29-1. Спецыфічная імунная ахова ўнутранага асяроддзя арганізма. Імунныя адказы клетачнага тыпу. Набыты імунітэт

Алергія. Адной з сітуацый, калі імунная сістэма стварае пэўныя праблемы, з’яўляецца развіццё ў людзей асаблівых рэакцый на некаторыя рэчывы. Гэтыя рэакцыі называюцца алергічнымі, а рэчывы, што іх выклікаюць, — алергенамі.

*Першыя імунныя адказы на такія рэчывы робяць, на жаль, некаторых людзей больш адчувальнымі да іх. Прычым такая павышаная адчувальнасць можа захоўвацца працяглы час, а часам і пажыццёва.*

У чалавека, які мае павышаную адчувальнасць да таго ці іншага алергена, пры кантактах з ім назіраюцца фізіялагічныя адхіленні ад нормы. Ступень выяўленасці такіх адхіленняў вар’іруе ад лёгкага пачырванення ўчасткаў скуры (дыятэз у дзяцей) да смяротна небяспечных перашкод дыхання.

*Механізм развіцця некаторых алергічных рэакцый вывучаны. Пры імунным адказе на алерген утвараюцца асаблівыя антыцелы — імунаглабуліны класа Е (IgE). У адрозненне ад антыцел іншых класаў яны прымацоўваюцца сваёй Fc-часткай да тлустых клетак, якія могуць выдзяляць вялікую колькасць гістаміну. Пры гэтым Fab-частка, якая адказвае за звязванне з антыгенам, застаецца свабоднай. Таму пры другасным пападанні ў арганізм алерген звязваецца з замацаванымі на тлустых клетках антыцеламі. Гэта служыць сігналам для хуткага выкіду гэтымі клеткамі гістаміну. Як вы ведаеце з § 28, гістамін спрыяе развіццю запалення. Пры запаленні рэзка змяняецца работа крывяноснай сістэмы. І калі невялікае запаленне ў месцы пашкоджання покрыва прыносіць ужо вядомую вам карысць, то рэакцыя арганізма, выкліканая алергенам (алергічная рэакцыя, ці алергія), моцна парушае нармальны фізіялагічны стан. Гэта тлумачыцца тым, што тлустыя клеткі ў значных колькасцях знаходзяцца ў скуры і ў падсцілаючым слоі слізістых абалонак. У гэтым выпадку запаленне развіваецца ў ва ўсіх месцах, у якія трапіў алерген, адначасова.*

*Раскрыццё механізма гэтага варыянту алергіі многае растлумачыла. Па-першае, стала зразумела, чаму алергія заўсёды высока спецыфічная. Па-другое, чаму сімптомы алергіі праяўляюцца толькі пасля развіцця першаснага імуннага адказу на алерген. Па-трэцяе, чаму адно і тое ж рэчыва для адных людзей  з'яўляецца алергенам, а для другіх — не. Людзі ад нараджэння не аднолькавыя па здольнасці фарміраваць імунныя адказы, што прыводзіць да ўтварэння імунаглабулінаў класа Е. У людзей, спадчынна схільных да алергіі, такіх імунаглабулінаў утвараецца прыблізна ў 10 разоў больш, чым у іншых. Па-чацвёртае, стала зразумела, што здымаць сімптомы алергіі можна антыгістаміннымі прэпаратамі.*

Найбольш распаўсюджанымі формамі алергіі з’яўляюцца харчовая алергія і алергія на пылок раслін. Нягледзячы на тое што выклікаць алергію могуць многія рэчывы, прафілактыка і аказанне дапамогі пры моцна выяўленых рэакцыях мае агульны характар. Прафілактычныя меры складаюцца ў абмежаванн, па магчымасці кантакту з алергенам. У выпадку харчовых алергій з рацыёну чалавека выключаюць прадукты, што змяшчаюць алерген. Пры рэакцыі на  цвіценне многіх раслін (вясна і першая палова лета) абмяжоўваецца знаходжанне ў месцах магчымага кантакту з пылком.

Аказанне дапамогі заключаецца ў выкарыстанні спецыяльных супрацьалергічных прэпаратаў. Іх дзеянне накіравана на зняцце асноўных сімптомаў, якія з’яўляюцца вынікам утварэння гістаміну пры кантакце з алергенам. Як вы ведаеце з папярэдняга параграфа, гістамін спрыяе развіццю запалення. Пры запаленні рэзка змяняецца работа крывяноснай сістэмы. І калі невялікае запаленне ў месцы пашкоджання покрыва прыносіць ужо вядомую вам карысць, то рэакцыя арганізма на вялікую дозу алергена (алергічная рэакцыя, ці алергія) моцна парушае нармальны фізіялагічны стан.

Варта памятаць, што супрацьалергічныя прэпараты не вылечваюць ад алергіі. Яны прызначаны для зняцця сімптомаў, таму іх трэба ўжываць або ў перыяд праяўлення рэакцыі, або прафілактычна перад магчымым кантактам з алергенам. Напрыклад, людзям з алергіяй на пылок раслін антыгістамінныя (супрацьалергічныя) прэпараты можна прыняць непасрэдна перад выездам на прыроду.

Даследаванні прычын развіцця алергічных рэакцый з’яўляюцца адным з прыярытэтных напрамкаў у сучаснай імуналогіі і медыцыне. На бліжэйшыя дзесяцігоддзі прагназуецца распрацоўка метадаў лячэння схільных да алергіі людзей.