§ 29-1. Спецыфічная імунная ахова ўнутранага асяроддзя арганізма. Імунныя адказы клетачнага тыпу. Набыты імунітэт

*Апісаны ў § 29 імунны адказ ахоўвае ад чужародных антыгенаў, якія знаходзяцца ў тканкавай вадкасці. Аднак узбуджальнікі многіх хвароб паразітуюць унутры клетак. Для аховы ад іх развіваюцца два варыянты імунных адказаў клетачнага тыпу.

* Імунны адказ клетачнага тыпу з удзелам Т-хэлпераў. Існуюць дзве разнавіднасці актываваных Т-хэлпераў: Т-хэлперы падтыпу 1 і Т-хэлперы падтыпу 2. Ва ўжо вядомым вам з § 29 гумаральным імунным адказе задзейнічаны Т-хэлперы 2. Як вы памятаеце, яны спецыялізаваны на актываванні В-лімфацытаў і мігрыруюць з аднаго другаснага органа імуннай сістэмы ў другі. Але калі пасля актывацыі макрафагам утвараюцца не Т-хэлперы 2, а Т-хэлперы 1, гэтыя лімфацыты паводзяць сябе па-іншаму. Яны разносяцца токам крыві па ўсім арганізме і назапашваюцца там, дзе ўнутры клетак знаходзіцца ўзбуджальнік хваробы. Знаходзячыся ў месцы лакалізацыі чужароднага агента, Т-хэлперы 1 выдзяляюць пэўныя бялкі. Тканкавыя макрафагі з дапамогай спецыяльных рэцэптараў вызначаюць канцэнтрацыю гэтых бялкоў і перамяшчаюцца туды, дзе іх больш. Такім спосабам Т-хэлперы 1 палягчаюць для макрафагаў пошук пашкоджаных узбуджальнікам клетак і актывуюць іх на знішчэнне гэтых клетак. Такім чынам, у разгледжаным імунным адказе прымаюць удзел тры групы лейкацытаў: макрафагі, якія  прадстаўляюць антыген, Т-хэлперы 1 і тканкавыя макрафагі.

*Імунны адказ клетачнага тыпу з удзелам Т-кілераў. Як і пры развіцці ўжо вядомых вам варыянтаў імунных адказаў, для Т-кілераў таксама патрабуецца актывацыя з боку макрафагаў. Але ў гэтым выпадку на паверхні макрафагаў знаходзяцца фрагменты вірусных бялкоў. Прычым гэтыя фрагменты злучаны з асаблівымі бялкамі, якія забяспечваюць звязванне макрафагаў з Т-кілерамі, а не з Т-хэлперамі. Задача макрафагаў усё тая ж: знайсці сярод мноства розных Т-кілераў тыя, у якіх рэцэптар падыходзіць да фрагментаў бялкоў менавіта гэтага віруса. Калі патрэбны Т-кілер знойдзены, ён атрымлівае ад макрафага сігналы на размнажэнне. У выніку размнажэння з'яўляецца вялікая колькасць патомкаў дадзенага Т-кілера, якія становяцца цытатаксічнымі Т-лімфацытамі. Гэта назва дадзена такім клеткам невыпадкова. У адрозненне ад неактываваных Т-кілераў цытатаксічныя Т-лімфацыты здольныя забіваць клеткі, заражаныя менавіта гэтым вірусам. Яны пакідаюць другасны орган імуннай сістэмы, разносяцца кроўю па арганізме і выконваюць сваю кілерную функцыю. Як бачыце, у рэалізацыі гэтага варыянту спецыфічнага імуннага адказу ўдзельнічаюць не тры групы лейкацытаў, а дзве — макрафагі, якія прадстаўляюць антыген, і Т-кілеры.*