§ 29-1. Спецыфічная імунная ахова ўнутранага асяроддзя арганізма. Імунныя адказы клетачнага тыпу. Набыты імунітэт

*Рэгуляванне актыўнасці імуннай сістэмы. Як і ўся жыццядзейнасць арганізма, работа імуннай сістэмы схільная да рэгуляцыі. Аднак пра тое, як менавіта ажыццяўляецца кіраванне развіццём імунных адказаў, навуцы вядома пакуль няшмат. Праблема заключаецца ў тым, што актыўнасць імуннай сістэмы вызначаецца не работай органаў, а працэсамі, якія адбываюцца ў пэўных клетках. Прычым гэтыя клеткі ўвесь час мігрыруюць па арганізме, таму рэгуляцыя ажыццяўляецца за кошт выдзялення спецыяльных рэгулятарных малекул — інтэрлейкінаў. Іх апісана ўжо больш за 40, таму для большасці такіх рэчываў вызначана не адна, а некалькі функцый. Паводзіны кожнай клеткі вызначаюцца тым, якія інтэрлейкіны і ў якой колькасці дзейнічаюць на яе цяпер.

Сакрэтаваць інтэрлейкіны могуць практычна ўсе клеткі імуннай сістэмы, але для некаторых з іх гэта дзейнасць з'яўляецца асноўнай. Гэтыя клеткі атрымалі назву рэгулятарныя Т-лімфацыты (скарочана ТREG). Невялікая колькасць ТREG утвараецца непасрэдна ў тымусе. Але ў месцах актыўнага ўзаемадзеяння лейкацытаў, напрыклад у лімфатычных вузлах, могуць дадаткова з'яўляцца рэгулятарныя клеткі. У іх пры развіцці імунных адказаў ператвараецца частка Т-хэлпераў.

Пад час выдзялення пэўных інтэрлейкінаў, ТREG могуць як актываваць пэўныя працэсы ў іншых лейкацытах, так і падаўляць іх. У цяпершні час інтэнсіўна праводзіцца вывучэнне дзейнасці гэтых рэгулятарных клетак. Ад прагрэсу ў пазначанай галіне імуналогіі шмат у чым залежыць распрацоўка метадаў накіраванага карэкціравання дзейнасці імуннай сістэмы.

*Такім чынам, цяпер вы ведаеце, як імунная сістэма падтрымлівае гамеастазіс на малекулярным узроўні. Дзякуючы яе дзейнасці мы папраўляемся пры інфекцыйных захворваннях і атрымліваем набыты імунітэт да іх. Аднак пры пэўных сітуацыях медыцыне даводзіцца абмяжоўваць дзейнасць гэтай ахоўнай сістэмы. Напрыклад, пры перасадцы органаў і тканак. Усе ведаюць, што сучасная хірургія выратоўвае многіх людзей, у якіх ныркі, печань, сэрца ці іншы орган не могуць выконваць свае функцыі. І асноўнай праблемай пры такіх аперацыях з'яўляецца адарванне перасаджанага органа. Адарванне — гэта вынік дзейнасці імуннай сістэмы. Бо для яе кожныя клеткі, акрамя клетак уласнага арганізма, з'яўляюцца чужароднымі агентамі са мноствам антыгенаў. Таму перад перасадкай і пэўны час пасля яе накіравана прыгнятаюць актыўнасць імуннай сістэмы.*