§ 29-1. Спецыфічная імунная ахова ўнутранага асяроддзя арганізма. Імунныя адказы клетачнага тыпу. Набыты імунітэт

Фарміраванне набытага імунітэта. Імунныя адказы *гумаральнага і клетачнага тыпаў* развіваюцца на працягу 7—10 дзён. Яны спалучаюцца з фактарамі неспецыфічнай аховы, якія працягваюць дзейнічаць, — запаленнем, фагацытозам, работай сістэмы камплементу і інш. Гэта і дазваляе цалкам ачысціць унутранае асяроддзе арганізма ад чужародных агентаў, прасцей кажучы — чалавек папраўляецца.

Але самае галоўнае тое, што пасля развіцця спецыфічных ахоўных рэакцый (развіцця першаснага імуннага адказу) у арганізме ўзнікае індывідуальны (набыты) імунітэт да дадзенага ўзбуджальніка. Гэта магчыма таму, што, акрамя першасных імунных адказаў, у арганізме развіваюцца другасныя.

Другасны імунны адказ. Яго развіццё асноўваецца на тым, што частка Т- і В-лімфацытаў, якія размнажаліся ў ходзе фарміравання першаснага імуннага адказу, становяцца клеткамі, якія доўга жывуць. Яны захоўваюць жыццяздольнасць на працягу некалькіх гадоў, у адрозненне ад звычайных лімфацытаў, якія жывуць некалькі месяцаў. Калі ў арга­нізм зноў трапляе такі ж антыген, імунны адказ на яго развіваецца на працягу некалькіх гадзін. Так адбываецца таму, што клетак з патрэбнай спецыфічнасцю рэцэптараў у шмат разоў больш, чым перад першасным імунным адказам. Такі хуткі імунны адказ называецца другасным. Развіццё другаснага імуннага адказу не дазваляе ўзбуджальніку хваробы размножыцца да такой колькасці, пры якой ён бы мог паспяхова атакаваць арганізм гаспадара. Таму мы нават не заўважаем, што былі інфіцыраваны.

*Важна падкрэсліць, што другасны імунны адказ развіваецца кожны раз, калі ўзбуджальнік, які выклікаў некалі першасны імунны адказ, трапляе ў арганізм. Гэта значыць і пры трэцім, і пры чацвёртым і гэтак далей інфіцыраванні гэта будзе другасны імунны адказ.*

Такім чынам, набыты індывідуальны імунітэт грунтуецца на Т- і В-лімфацытах, якія застаюцца ад першаснага імуннага адказу. Дзякуючы іх наяўнасці арганізм, умоўна кажучы, «памятае» пра кожны чужародны агент, які выклікаў імунны адказ. Таму такія клеткі называюць клеткамі імуналагічнай памяці.

*Працягласць і ўзровень набытага імунітэту залежаць ад колькасці і працягласці жыцця такіх клетак памяці. У некаторых выпадках набыты імунітэт захоўваецца менш за год, але часцей на працягу некалькіх гадоў. Некаторымі інфекцыйнымі хваробамі людзі хварэюць адзін раз у жыцці. Тлумачэнне гэтаму наступнае. Пасля хваробы (а значыць, і першаснага імуннага адказу) чалавек захоўвае клеткі імуналагічнай памяці. Калі праз некалькі гадоў ён зноў кантактуе з узбуджальнікам гэтай жа хваробы, то хвароба не развіваецца з прычыны хуткага і моцнага другаснага імуннага адказу. Бо пры кожным імунным адказе адбываецца размнажэнне лімфацытаў патрэбнай спецыфічнасці. Частка з размножаных пры другасных імунных адказах лімфацытаў становіцца новымі клеткамі памяці. А гэта азначае прадаўжэнне набытага імунітэту да гэтай хваробы.*