§ 28. Агульная (неспецыфічная) ахова ўнутранага асяроддзя арганізма

Запаленне. Калі цэласнасць покрыва парушаецца, развіваецца спецыяльная ахоўная рэакцыя — запаленне (мал. 28.1). У яе рэалізацыі прымае ўдзел крывяносная сістэма. Сігналам для пачатку запалення служыць спецыяльнае рэчыва — гістамін. Ён вылучаецца пры разбурэнні клетак любых тканак, а таксама прыжыццёва спецыяльнымі лейкацытамі *— тлустымі клеткамі*. 

Пад уплывам гістаміну ўзмацняецца прыток крыві да месца пашкоджання і павялічваецца пранікальнасць сценак капіляраў. У выніку гэтага з крыві ў ачаг запалення паступаюць спецыяльныя ахоўныя бялкі і лейкацыты  (мал. 28.2).

  

Лейкацыты паглынаюць рэшткі пашкоджаных клетак і мікраарганізмы, якія трапілі ва ўнутранае асяроддзе. Такая дзейнасць лейкацытаў называецца фагацытозам (мал. 28.3). Фагацытоз з’яўляецца асобнай ахоўнай рэак­цыяй і можа ажыццяўляцца без запалення. Аднак у ачагу запалення ён выяўляецца ў найбольшай ступені.

Ахоўныя   бялкі,   якія   прынесла кроў, таксама ўступаюць у дзеянне. Галоўнымі з іх з’яўляюцца бялкі сістэмы камлементу. Яны актывіруюцца і далучаюцца да мембраны чужародных клетак, напрыклад бактэрый. У выніку клеткі мікраарганізмаў разбураюцца. Іх рэшткі таксама фагацытуюцца лейкацытамі.

У ахове ад вірусаў важную ролю адыгрываюць іншыя бялкі — інтэрфероны. Яны ўтвараюцца ў пашкоджаных клетках і перашкаджаюць размнажэнню ў іх віруса. Пры гэтым заражаныя клеткі вылучаюць інтэрфероны ў тканкавую вадкасць. Малекулы інтэрферонаў стымулююць супрацьвірусны адказ у яшчэ не заражаных клетках шляхам далучэння да адпаведных рэцэптараў гэтых клетак. Гэта абмяжоўвае распаўсюджванне вірусаў ва ўнутраным асяроддзі.

Для лепшага ажыццяўлення ахоўных рэакцый у ачагу запалення пад­трымліваецца больш высокая, чым звычайна, тэмпература. Гэта вызначаецца спецыяльнымі рэчывамі, якія выдзяляюцца пры запаленні. Іншыя спецыяльныя рэчывы прыводзяць да ўзнікнення болевых адчуванняў. Боль абмяжоўвае выкарыстанне запаленага органа, што спрыяе больш хуткаму ліквідаванню пашкоджанняў.

Заканчваецца запаленне пасля поўнага знішчэння мікраарганізмаў, якія трапілі ва ўнутранае асяроддзе. Характэрныя для запаленага ўчастка сімптомы (пачырваненне, ацёчнасць, павышаная тэмпература, боль) паступова знікаюць, а пашкоджаныя тканкі аднаўляюцца.

У працэсе запалення ахоўныя рэакцыі ажыццяўляюцца арганізмам сумесна. Пры гэтым кожная з іх спрыяе лепшаму ажыццяўленню іншых. *Напрыклад, пры актывацыі сістэмы камплементу ўтвараюцца малекулы, якія стымулююць фагацытоз. Яны ўзмацняюць рухомасць лейкацытаў, а таксама спрыяюць захопу і знішчэнню фагацытуемых аб'ектаў. Некаторыя з гэтых малекул спрыяюць выпрацоўванню гістаміну і тым самым падтрымліваюць запаленне. Гэта адбываецца за кошт іх уплыву на гладкія клеткі. Акрамя таго, пэўныя малекулы, якія з'яўляюцца пры актывацыі сістэмы камплементу, самі дзейнічаюць падобна гістаміну. Яны ўзмацняюць прыток крыві да месца запалення і пранікальнасць сценак капіляраў. Фагацытуючыя лейкацыты таксама стымулююць запаленне, выдзяляючы так званыя празапаленчыя інтэрлейкіны. Тым не менш, кожная з ахоўных рэакцый пры неабходнасці ажыццяўляецца незалежна. Таму ўсе яны разглядаюцца як асобныя спосабы аховы ўнутранага асяроддзя.* 

Аб’ядноўвае гэтыя ахоўныя рэакцыі некалькі агульных рыс. Усе яны належаць да так званага першага ўзроўню аховы. Арганізм гатовы да іх ажыццяўлення ўвесь час. Праяўляюцца яны хутка — на працягу некаль­кіх мінут ці гадзін. Кожная з іх і ўсе яны комплексна могуць узнікаць як адказ на розныя фактары, якія шкодзяць арганізму. Напрыклад, запаленне развіваецца падобным чынам у адказ на тэрмічнае (апёк), механічнае (парэз ці драпіна), біялагічнае (уздзеянне бактэрый і г. д.) па­шкоджанні. Усё гэта дазваляе разглядаць ахоўныя ўласцівасці покрыва, фагацытоз, функцыянаванне бялкоў сістэмы камлементу і інтэрферонаў як агульныя (неспецыфічныя) фактары аховы.

Гэтыя фактары развіліся ў працэсе эвалюцыі віду і перадаюцца па спадчыне. Дзякуючы іх наяўнасці кожная асобіна валодае відавым (прыроджаным) імунітэтам. Напрыклад, чалавек не хварэе на чумку сабак, курыную халеру і яшчэ мноства хвароб другіх відаў. Але ёсць віды ўзбуджальнікаў, якія здольныя пераадольваць ахову першага ўзроўню. Тады дзеянне агульных неспецыфічных ахоўных фактараў у кожнага пэўнага чалавека дапаўняецца аховай другога ўзроўню. Гэта прыводзіць да развіцця індывідуальнага (набытага) імунітэту. Якім чынам рэалізуецца ахова другога ўзроўню, вы даведаецеся з наступнага параграфа.